Конкурсы і льготы

Апублiкавана: 30 кастрычнiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Конкурсы

Аўтар: Аўтары

Перамога ў якіх творчых спаборніцтвах дае льготы пры паступленні ў ВНУ і ССНУ сферы культуры? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да кансультанта аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Сляпцовай. 

— Штогод фарміруюцца афіцыйныя спісы мерапрыемстваў, перамога ў якіх адкрывае маладым людзям дзверы ВНУ і ССНУ, дзе рыхтуюць адмыслоўцаў творчых прафесій. Дакумент зацвярджаецца Міністэрствам культуры і публікуецца на сайце ведамства. Падкрэсліваем, што толькі гэтыя мерапрыемствы даюць перавагі пры паступленні ў навучальныя ўстановы нашай сферы. 

Пералік конкурсаў, пераможцы якіх маюць права на залічэнне без уступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі і па-за конкурсам ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на спецыяльнасці, якія адпавядаюць намінацыям творчых конкурсаў і фестываляў у сферы культуры, сёлета ўключаў 12 мерапрыемстваў з рэспубліканскім, нацыянальным або міжнародным статусам. 

Новы спіс зацверджаны міністрам культуры 10 кастрычніка. У дакуменце пазначаны сем творчых спаборніцтваў, якія адбудуцца да канца цяперашняга і ў наступным годзе. Пераможцы гэтых конкурсаў атрымаюць прэферэнцыі падчас уступнай кампаніі 2025— 2026-га. 

Звяртаем увагу будучых абі- турыентаў: да кожнай чарговай прыёмнай кампаніі на сайце Міністэрства культуры публікуецца асобны канчатковы пералік мерапрыемстваў, перамога ў якіх дае льготы пры паступленні ў ВНУ і ССНУ нашай сферы ў адпаведным годзе.