Пра веткаўскі культурны феномен даўно напісаны важкія манаграфіі. Аднак набыткі маленькага гарадка — невычэрпная крыніца. Пра тое сведчыць чарговая “гасцявая” выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі. У Ветцы і Гомелі экспазіцыя ўжо дэманстравалася, а вось для мінчукоў гэты праект новы. Прысвечаны ён толькі аднаму іконаграфічнаму сюжэту — Спасу Нерукатворнаму.
— Веткаўская “Атлантыда” ўнікальна і шматгранна распрацоўвала гэтую тэму, прамаўляючы, як заўсёды, сваё слова. Старажытны “тэкст” і яго “чытач” з XXI стагоддзя. Дыялог культур — вось звышзадача экспазіцыі і аўтарскай канцэпцыі, — адзначыла аўтар апошняй, знакамітая даследчыца Галіна Нячаева, якая доўгі час кіравала Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава.
Здавалася б, іконаграфічны сюжэт — “партрэт Хрыста” анфас — настолькі кананічны і пазнавальны, што збудаваць на ім цікавую выставачную канцэпцыю вельмі няпроста. Асабліва калі ўсе творы належаць да адной іканапіснай школы. Але і даўнейшыя веткаўскія майстры, і нашы сучаснікі-музейшчыкі парупіліся, каб патрабавальны наведвальнік з прычыны аднастайнасці не сумаваў. Разглядаць душу мастака, якая нібы адлюстроўваецца ў вачах Хрыста, можна бясконца.
“Спас Нерукатворны” — не проста першы абраз, а сапраўдны партрэт Хрыста. З пэўнай нацяжкай выяву нават можна назваць і першай у свеце фатаграфіяй: ікона атрымана без пасрэдніцтва рук мастака. Хаця мастак у гэтай гісторыі ўсё ж быў.
Згодна з апакрыфічным паданнем, вядомым з IV стагоддзя, цар горада Эдэса Аўгар пакутаваў ад цяжкай хваробы. Аднойчы ён пачуў, што ў далёкай Іўдзеі з’явіўся прарок, які робіць вялікія цуды. Як і евангельскі сотнік, цар паверыў, што для вылячэння асабістая прысутнасць Ісуса неабавязковая — дастаткова ўбачыць Яго выяву. Таму Аўгар адправіў у далёкі шлях прыдворнага жывапісца Ананію.
Аднак выканаць даручэнне, так бы мовіць, “на годным мастацкім узроўні” ў Ананіі ніяк не атрымлівалася. Можа, таму, што для выяўлення Бога аднаго ўмельства замала. Тады Збаўца, ацаніўшы веру цара, прыклаў убрус, або хусціну, да Свайго мокрага твару — і здарыўся цуд: “вода же претворися на вапное устроение”. То-бок ператварылася ў фарбу.
Пратограф, ці арыгінал, той іконы быў страчаны яшчэ ў Сярэднявеччы — калі ён, вядома, наогул існаваў. Ні даказаць, ні абвергнуць гэта даўно немагчыма.
Аднак незлічоныя спісы “Спаса Нерукатворнага” распаўсюдзіліся па ўсім хрысціянскім Усходзе. Ствараліся яны, вядома, звычайным спосабам — з дапамогай пэндзля ды фарбаў.
Адпаведна, кожны раз перад мастаком узнікала няпростае пытанне: як выявіць твар Хрыста, так бы мовіць, буйным планам?
Прадстаўленыя на выставе чатыры дзясяткі ікон былі напісаны прыблізна ў адзін час (большасць — у ХІХ стагоддзі) і ў адным рэгіёне — на Веткаўшчыне. Каля паловы абразоў — класічны варыянт “Спаса Нерукатворнага”. Кампазіцыя, вядома, аднолькавая — тут не знойдзеш прасторы для фантазіі. Ды калі медытатыўна ўглядацца ў гэтыя выявы, разумееш: пры ўсім падабенстве насамрэч кожная з іх — унікальная.
Позірк Збаўцы — штораз іншы, адметны. Дзесьці ў Яго вачах — пранізлівая строгасць, патрабавальнасць. Дзесьці — лагоднасць і бясконцая спагада. Дзесьці — прадчуванне пакут…
Няма толькі шаблонных, безжыццёвых выяў, зробленых фармальна, “як заведзена”, без глыбокага ўнутранага асэнсавання…
— Кожны мастак вырашаў сваю задачу па-свойму, — кажа куратар выставы, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Алена Карпенка. — Іконаграфічны сюжэт адзін, але ж абразы розныя. Кожны адлюстроўвае душу мастака. Недзе бачым суровае паўночнае пісьмо, цяжкія цёмна-сінія або чырвоныя адценні, а недзе — шматколернасць пазалоты, паўтонаў, лёгкія паветраныя фарбы і дынамізм барока…
Адкуль жа на веткаўскай іконе элементы барока — стылю выразна заходняга? Здавалася б, стараабрадцы — а менавіта яны стварылі і саму Ветку, і яе культурны феномен — заўсёды вылучаліся артадаксальнасцю, адданасцю традыцыі. Ды і лад жыцця мелі (часцяком і цяпер маюць) замкнёны, абаронены ад вонкавых уплываў.
— Сапраўды, стараабрадцы жылі на Веткаўшчыне адасоблена, — пацвяр¬ джае Алена Карпенка. — Нават яшчэ нядаўна здараліся выпадкі, калі ўдзельнікі музейных экспедыцый тыднямі не маглі патрапіць да гэтых людзей на парог. Але ж сярод стараабрадцаў было шмат добрых рамеснікаў і купцоў. Адпаведна, яны ездзілі на кірмашы, удзельнічалі ў грамадскім жыцці. Гэта не перашкаджала захоўваць традыцыі — і адначасова браць найлепшае з навакольнага свету. Іканапісцы таксама разумелі: не варта замыкацца ў аднолькавых сюжэтах і арнаментах.
Як тлумачыць Алена Карпенка, менавіта сінтэтычнасць і была асновай феномена веткаўскіх абразоў. Спярша ў іх зліліся ўплывы мноства рэгіянальных іканапісных школ Расіі — маскоўскай, яраслаўскай, наўгародскай, кастрамской… На беларускай зямлі знайшлі новую радзіму выхадцы з розных краёў. А потым у гэтым “кактэйлі” сталі з’яўляцца і тутэйшыя “інгрэдыенты” — скажам, элементы нізавога, або народнага, барока.
І тычыцца тое не толькі стылістыкі. Абсалютна нечакана побач са Спасам Нерукатворным узнікае іншы сюжэт — Хуста Веранікі. Згодна з яшчэ адным апакрыфічным паданнем, жанчына абцерла хустай змучаны твар Хрыста, калі Збаўца ішоў на Галгофу, — і на тканіне праявіўся Яго вобраз.
Неспадзяванка ў тым, што іконаграфічны сюжэт з хустай чамусьці замацаваўся пераважна ў заходняй, каталіцкай традыцыі. А вось Спас Нерукатворны — на хрысціянскім Усходзе. Але ж у Ветцы гэтыя традыцыі перакрыжаваліся. Клеймы, альбо маленькія “дадатковыя” выявы, з Хустай Веранікі можна ўбачыць на выставе неаднаразова.
Таксама Алена Карпенка звяртае ўвагу на твор, які сведчыць пра шчыльны ўзаемны ўплыў народнага мастацтва і веткаўскага іканапісу. Фон тут упрыгожаны арнаментальнай разьбой, што характэрна для беларускіх абразоў. А вось шматфігурнасць кампазіцыі (на адной дошцы спалучаны розныя святыя ў прамавугольных клеймах) — уласцівасць веткаўскіх ікон. І ўзнікла яна не ад добрага жыцця…
Суседства некалькіх тыпалагічна розных выяў Багародзіцы на адной іконе выглядае дзіўнавата. Ды і наогул, як тлумачыць Алена Карпенка, змяшчаць шмат вобразаў у адной іканапіснай прасторы для Беларусі не было характэрна — калі гэта не адлюстраванне сюжэтнай кампазіцыі.
А вось на выставе падобных твораў багата. Прычым кампаноўка выяў штораз розная.
“Старажылы” кшталту мяне прыгадаюць пірацкія DVD з яркім надпісам “12 фільмаў на адным дыску”. Ды, як лічыць куратар выставы, такія паралелі недарэчныя. Сквапнасцю ці беднасцю шматфігурнасць кампазіцыі тлумачыць не выпадае — ні першая, ні другая не былі ўласцівыя руплівым стараабрадцам.
Аднак нават у Ветцы яны не адчувалі сябе ў бяспецы — вось і аддавалі перавагу не вялікім хатнім іканастасам, а варыянтам больш “эрганамічным”.
— І менавіта таму сярод старавераў былі папулярныя металічныя складні, якія змяшчалі ў мініяцюры цэлы іканастас, — дадае Алена Карпенка. — Іх лёгка схаваць ледзь не ў кішэню ды вывезці з сабою ў выпадку пераследу, а такое і сапраўды здаралася.
Падбор святых, якіх могуць налічвацца дзясяткі, на адной іконе — заўсёды абгрунтаваны. Часта гэта апекуны сям’і — кожнага з яе членаў. Або ўвасобленыя такім чынам просьбы аб заступніцтве ў канкрэтных справах — скажам, у вылячэнні ад хваробы. Але Спас Нерукатворны сярод гэтых выяў быў бадай заўжды.
Выстава складаецца не толькі з абразоў ды іншых твораў культавага мастацтва — напрыклад, чаканеных апраў, якімі таксама славілася Веткаўшчына. Побач разнастайныя музейныя інсталяцыі: фарбы і посуд, якія маглі выкарыстоўваць іканапісцы, а таксама прорысы — шаблоны, што пераносіліся на дошку. Алена Карпенка тлумачыць: для Беларусі такія артэфакты ўнікальныя — захаваліся яны толькі ў Ветцы, прычым у самых размаітых варыяцыях.
Аднак аўтар канцэпцыі Галіна Нячаева пайшла куды далей за стварэнне атмасферы іканапіснай майстэрні. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць кросны з ручніком — элемент не сакральнай, а народнай культуры. А іх часам нават супрацьпастаўляюць.
Замест гэтага даследчыца праводзіць нечаканыя паэтычныя паралелі, прыгадваючы цытату хрысціянскага святога V стагоддзя Прокла Кізіцкага. Ён параўноўвае таямніцу ўцеляснення Хрыста з такім дзівам, як ткацтва: Збаўца быў цудоўным чынам вытканы ў лоне Багародзіцы.
Для тлумачэння сутнасці іканапісу падобная паралель вельмі важная. Сама ідэя, што Госпада можна намаляваць, грунтуецца на ўцелаўленні Бога.
— І менавіта палатно становіцца асновай абраза, — дадае Алена Карпенка. — А тканыя ручнікі былі спадарожнікамі чалавека ад нараджэння да смерці. Дарэчы, першы ўраджай ільну, з якога робіцца палатно, на Веткаўшчыне асвячалі менавіта 29 жніўня — на Спас Нерукатворны.
Аўтар канцэпцыі праводзіць і яшчэ больш смелую паралель — на выставе апрача сакральных прадстаўлены і побытавыя прадметы, якія належаць да прафаннага, штодзённага свету. Гэта куфры і хусткі стараабрадцаў.
Як тлумачыць Алена Карпенка, прыгледзеўшыся да фону, на якім выяўлены Спас Нерукатворны, прыходзіш да высновы: такія паралелі магчымыя. Замест звычайнай белай мы бачым хусту з дробнымі дзівоснымі краскамі.
— Веткаўскі іканапіс — больш яркі, ніж у іншых стараабрадцаў, — кажа мастацтвазнавец. — Тут паўсюдна квецень райскага саду. Хаця майстры адчувалі строгі погляд продкаў, які вызначаў унутраную стрыманасць.
Аднак звыклая для беларускага народнага мастацтва з’ява, калі на іконы пераносіліся рэчы, якія аўтар мог сустрэць у штодзённым жыцці, прасочваецца і ў веткаўскіх абразах. На думку даследчыцы, адмыслоўцы арыентаваліся — свядома ці не — на хусткі, што бачылі на сучасніках.
А былі гэтыя прадметы надзвычай прывабныя: стараабрадцы — працавітыя, дбайныя гаспадары. Разам са строгімі маральнымі арыенцірамі тое спрыяла заможнасці. Стараверы не спускалі грошы абы-куды, а ахвотна трацілі іх на іконы, кнігі ды проста прыгожыя рэчы.
Галіна Нячаева бадай усё жыццё прысвяціла даследаванню мастацкай культуры Веткі. Навуковец настолькі глыбока спасцігла гэты феномен, каб бачыць паралелі, якія наўрад ці адзначыць старонняе вока. А яшчэ — каб усведамляць цэласнасць і арганічнасць веткаўскай культуры, сувязь паміж sacrum et profanum.
— Ветцы пашчасціла, — сцвярджае Алена Карпенка. — Своечасова з’явіліся людзі, якія сабралі, вывучылі і захавалі багатую спадчыну рэгіёна. Калі б не такі руплівец, як Фёдар Шкляраў, чыё імя носіць музей, гэтыя багацці зніклі б або растварыліся б у прыватных калекцыях. Важна і тое, што аднадумцы Фёдара Рыгоравіча, Галіна Нячаева і Святлана Лявонцьева, справу падхапілі, а пасля перадалі эстафету наступнаму пакаленню музейшчыкаў. Да ўсяго ў Ветцы не толькі збіраюць і зберагаюць артэфакты, але і дбайна іх даследуюць. Паглядзіце, колькі выданняў, канферэнцый… Мала якія музеі, асабліва рэгіянальныя, сістэмна гэтым займаюцца. Таму паўтару ісціну: чалавечы фактар тут важны бясконца.
А ці ёсць на Беларусі іншыя мясціны, “культурны пласт” якіх можа спарадзіць такога ж маштабу феномены? Вядома, калі над гэтым папрацаваць. Алена Карпенка адказала, што сумнявацца тут не выпадае.
Ілья СВІРЫН