Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў: захаванне гістарычнай спадчыны — адзін з прыярытэтных кірункаў культурнай палітыкі Беларусі. Намаганнямі дзяржавы архітэктурныя шэдэўры, духоўныя сімвалы нашай зямлі зберагаюцца для наступных пакаленняў. Яскравы прыклад — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку.
Аб’ект мае найвышэйшую катэгорыю ў Дзяржаўным спісе гісторыкакультурных каштоўнасцей Беларусі. Святыня ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму і Комплекс мер па развіцці Полацкага раёна да 2025 года.
Аднаўленчыя работы тут вядуцца з сярэдзіны 1990-х. Выдзелены ўжо многія мільёны рублёў. Рэстаўрацыя храма таксама была ўнесена ў дзяржпраграму “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады. Толькі сёлета згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй плануецца выдаткаваць больш за 1,6 мільёна рублёў з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Усе работы павінны завяршыцца неўзабаве, каб у 2025-м адноўлены манастыр ва ўсёй красе адзначыў 900-годдзе.
У віхуры гістарычных падзей ХХ стагоддзя Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр істотна пацярпеў, былі страчаны многія царкоўныя каштоўнасці. Духоўнае жыццё пачало адраджацца, калі Беларусь атрымала незалежнасць.
У 1997-м напярэдадні свята Узвіжання Крыжа Гасподняга ў манастыр урачыста даставілі ўзноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай, выраблены брэсцкім майстрам-ювелірам Мікалаем Кузьмічом па ўзоры старадаўняй рэліквіі. У 1998-м здабыты вярыгі прападобнай Еўфрасінні. 5 чэрвеня 2007 года ў прысутнасці Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, шматлікага духавенства і паломнікаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт асвяціў новую раку для мошчаў апякункі нашай зямлі.
— Уся дзейнасць вялікай асветніцы непарыўна звязана з цудоўным горадам Полацкам, які быў адным з цэнтраў фарміравання беларускага народа, — адзначыў у той урачысты дзень Кіраўнік дзяржавы. — Тут, на полацкай зямлі, усе мы асабліва востра ўсведамляем, як важна берагчы памяць аб слаўных справах продкаў. Непазбежным вынікам грэбавання памяццю народа з’яўляецца крушэнне дзяржаў.
Па рашэнні Прэзідэнта з Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў было выдзелена 120 кілаграмаў срэбра на аднаўленне ракі прападобнай Еўфрасінні. Дзякуючы такой падтрымцы стала магчымым завяршыць праект, распачаты па ініцыятыве Беларускай праваслаўнай царквы.