Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу твораў выяўленчага мастацтва па дзяржаўным сацыяльна-творчым заказе.
Спаборніцтва ладзілі Міністэрства культуры, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Мэта конкурсу — стварэнне 25 жывапісных работ для аздаблення інтэр’ераў ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сферы культуры. Палотны прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў. Гэта сюжэтна-тэматычныя карціны, партрэты, краявіды з месцамі памяці Вялікай Айчыннай вайны.
Да ўдзелу запрасілі прафесійных мастакоў, а таксама іншых творчых работнікаў і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі ў сферы выяўленчага мастацтва. На першым этапе канкурсанты прапанавалі свае эскізы, якія пазней ацаніла адмысловая камісія. Эксперты зважалі на ўзровень выканання, адпаведнасць прапанаванай тэматыцы, жанру, памеру і зместу.
На другім этапе мастакі працавалі над рэалізацыяй адабраных эскізаў. У фінале конкурсная камісія разгледзела гатовыя творы і прыняла рашэнне рэкамендаваць работы да набыцця. Неўзабаве Міністэрства культуры за кошт рэспубліканскага бюджэту закупіць адабраныя палотны і накіруе іх установам дадатковай адукацыі для аздаблення інтэр’ераў.