Дзейнасць устаноў культуры Гомельскай вобласці была ў цэнтры ўвагі на выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У парадку дня — эканамічнае развіццё, работа культурнаасветных, тэатральна-відовішчных і кінапракатных арганізацый, ахова гісторыка-культурнай спадчыны…
Адну з галоўных тэм акрэсліў кіраўнік галіны Анатолій Маркевіч — забяспечанасць кадрамі. У выступленні міністр адзначыў, што ў рэгіёне адчуваецца праблема незакрытых вакансій. Ёсць пытанні па сярэднім заробку і матэрыяльна-тэхнічнай базе, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Разам з тым, па словах Анатолія Маркевіча, маюцца і станоўчыя вынікі. Да прыкладу, Гомельшчына стала першай у выкарыстанні мабільных канцэртных комплексаў. Два такія ўжо аказваюць паслугі жыхарам аддаленых маланаселеных вёсак. Знайшліся ў вобласці сродкі і на рэстаўрацыю знакамітай ратушы ў Чачэрску. Аднаўленне архітэктурнай каштоўнасці значна павысіла турыстычны патэнцыял не толькі асобнага горада, але і ўсяго рэгіёна. Прадстаўнікі гэтага краю годна выступілі на рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”. Рэалізаваны важныя праекты: рэканструяваны мемарыяльны комплекс “Азарычы”, створаны — “Ала”. Яны расказваюць аб ахвярах генацыду беларускага народа, учыненага нацыстамі.
У дакладах удзельнікаў калегіі прагучала падрабязная інфармацыя пра спецыфіку дзейнасці ўстаноў культуры Гомельшчыны. Так, сярэдняя шчыльнасць насельніцтва тут складае 35 чалавек на квадратны кіламетр (ніжэйшая на 11 чалавек, чым па краіне). Больш за тысячу населеных пунктаў знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання пасля аварыі 1986 года на Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым рэгіянальны паказчык замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах вышэйшы за сярэдні рэспубліканскі.
Анатолій Маркевіч пазначыў асноўныя напрамкі, у якіх павінны развівацца органы кіравання ў сферы культуры. У прыватнасці, міністр заявіў, што практыка выязных пасяджэнняў калегіі будзе працягнута. Плануецца ўважліва разгледзець актуальныя пытанні паслядоўна ў кожнай вобласці. Папярэдне, як і ў выпадку з Гомельшчынай, прадстаўнікі ведамства грунтоўна прааналізуюць працу ў падсправаздачных установах на месцах.
Што тычыцца кадраў, Анатолій Мечыслававіч падкрэсліў: неабходна арганізоўваць больш шырокую прафарыентацыйную работу, планаваць дзейнасць не толькі на будучы год, але і на перспектыву. Міністр таксама даручыў давесці ўстановам адукацыі ў сферы культуры паказчыкі падрыхтоўкі спецыялістаў, суадносныя з патрэбамі рэгіёнаў.
Анатолій Маркевіч і ў цэлым скіроўваў удзельнікаў калегіі на пошук стратэгічных рашэнняў. Міністр канстатаваў, што ў сферы хапае прыкладаў эфектыўнай работы ўстаноў. Яе аснова — кампетэнтныя, прафесійныя кадры. Каб іх прыцягнуць, належыць турбавацца пра годную аплату працы. У сувязі з гэтым Анатолій Мечыслававіч адзначыў, што сэканомленыя дзякуючы аптымізацыі грошы не сыходзяць з галіны, а выкарыстоўваюцца для павышэння заробкаў. У першую чаргу — катэгорыям адмыслоўцаў з найменшай аплатай.
Па выніках калегіі дадзены даручэнні, звязаныя з вырашэннем апісаных праблем. Так, павінны быць створаны дарожныя карты ўзаемадзеяння навучальных устаноў сферы культуры па кадравым забеспячэнні з улікам аптымізацыі і запатрабаванасці пэўных спецыялістаў. Акрамя таго, неабходна няўхільна выконваць прынцып парытэтнага фінансавання тэатральнавідовішчных устаноў як у цяперашнім, так і ў наступным годзе. Таксама будзе фармалізавана распрацоўка праектаў зон аховы нерухомых помнікаў гісторыкакультурнай спадчыны.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА