Косаўскі палацава-паркавы ансамбль — сапраўдны архітэктурны цуд. Сёння гэтую адноўленую гісторыкакультурную каштоўнасць можна ўбачыць ва ўсёй красе.
Комплекс узвяла сям’я магнатаў і прамыслоўцаў Пуслоўскіх у 1838 годзе. Аўтарам праекта быў варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд. А над унутраным дэкорам працаваў італьянец Уладзіслаў Марконі. Выбар месца будаўніцтва звязаны з тым, што непадалёк знаходзіцца сціплая драўляная сядзіба, дзе ў 1746-м нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Сярод гасцей палаца ў розныя часы былі Напалеон Орда, Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка.
Аднак лёс велічнага збудавання, якое стала сімвалам сваёй эпохі, складваўся няпроста. Раскошная рэзідэнцыя, што калісьці дзівіла прыгажосцю і багаццем, да канца Вялікай Айчыннай вайны ператварылася ў выпаленыя руіны…
Сур’ёзна аб аднаўленні архітэктурнай перліны загаварылі толькі ў 2004-м. На працягу трох гадоў спецыялісты прадпрыемства “Брэстрэстаўрацыя” працавалі над навукова-праектнай дакументацыяй. А ў 2007-м палацава-паркавы ансамбль унеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей, годам пазней — у дзяржаўную інвестпраграму.
Рэстаўрацыя ж стартавала па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў 2008-м. Фінансаванне вялося на парытэтных пачатках з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Аднак сродкі паступалі нераўнамерна, што не садзейнічала выкананню планавых тэрмінаў аднаўлення.
1 чэрвеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне № 113рп “Аб падтрымцы культуры і мастацтва”. Дакумент зацвердзіў рашэнне савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, якое прадугледжвала выдзяленне сродкаў для рэалізацыі трох праектаў. У прыватнасці, для выканання рэстаўрацыйных работ у Косаўскім палацава-паркавым ансамблі.
У выніку праца на аб’екце закіпела. Ужо ў 2019-м ствараецца дзяржаўная ўстанова культуры “Косаўскі палацава-паркавы комплекс”, у склад якой увайшлі музей-сядзіба Касцюшкі і палац Пуслоўскіх. А ў канцы 2022-га адбылося ўрачыстае адкрыццё палаца.
Усяго за няпоўныя 15 гадоў у рэканструкцыю комплексу ўклалі звыш 34 мільёнаў рублёў