Юбілейны “Лістапад”

Апублiкавана: 18 кастрычнiка 2024 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Аб’яўлены праграма і склад журы ХХХ Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”, які распачнецца праз два тыдні. Публіка ўбачыць 137 фільмаў у рамках сямі конкурсаў.

У катэгорыі ігравога кіно сёлета пакажуць 18 стужак, многія з якіх ужо набылі прызнанне крытыкаў і вядомасць. Гэта карціны “Усё, што нам здаецца светлым” (атрымала гран-пры на Канскім фестывалі), “Снег у маім двары” (прыз за найлепшую рэжысуру на Шанхайскім міжнародным кінафестывалі), “Кракадзілавы слёзы” ды іншыя. Што да журы, у яго складзе — кітайскі акцёр і прадзюсар Лэй Хань, іранскі рэжысёр Нушын Мераджы, расійскі прадзюсар, рэжысёр і акцёр Ігар Угольнікаў, генеральны дырэктар мінскага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Уладзімір Карачэўскі, сербская актрыса і рэжысёр Івана Жыган, дырэктар кінацэнтра і кінафестывалю ў Пусане Кім Джын Хэ, расійскі крытык Аляксандр Семянюк. 

У конкурсе неігравых фільмаў паўдзельнічаюць 12 карцін. Адкрые паказ “Залатая эпоха”, што раскажа пра самы плённы, яркі і паспяховы перыяд у гісторыі беларускага кіно. Публіку чакаюць дакументальныя стужкі “Галоўная крэпасць генерала Карбышава” і “Вяртанне”, прысвечаныя вызваленню нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Не менш яскравы фільм — “Тургенеўскія беларусы” — распавядзе пра ўнікальны побыт і культуру нашых суайчыннікаў з вёскі Тургенеўка Іркуцкай вобласці. Ацэньваць карціны будуць галоўны дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Наталля Марынава, сцэнарыст, акцёр і пісьменнік Гіві Сіхарулідзэ і рэжысёр-дакументаліст Арун Чадха. 

Конкурс анімацыйных фільмаў — абсалютны рэкардсмен: у гэтай катэгорыі прадставяць 50 стужак з 24 дзяржаў. Самыя чаканыя — “Кніга рэцэптаў” Аляксея Аляксеева, “Ксенюшка” Наталлі Федчанка, “Ніць” Арыядны Нікіфаравай. У журы — аніматар-віртуоз Рым Шарафутдзінаў, а таксама выдатныя мастакі-пастаноўшчыкі Такумі Тандзі і Аляксандр Ленкін. 

Юнай аўдыторыі “Лістападзіка” пакажуць восем работ. Сярод іх — “Песня Сірын”, прэм’ера студыі “Беларусьфільм”. 

У межах конкурсу “Кіно маладых” прэзентуюць 11 карцін, якія будуць судзіць Джавід Імамвердзіеў, Даменіка Лукіні і Кірыл Халецкі. Заяўленыя стужкі — “Шамбала”, “Горад ветру”, “Схватка” ды іншыя. 

Вяртаюцца ў праграму два конкурсы: нацыянальны, у якім удзельнічаюць карціны айчынных рэжысёраў, і нацыянальных кінашкол, што прадэманструе працы студэнтаў кінематаграфічных ВНУ.