Шчаслівая сям’я — моцная дзяржава

Апублiкавана: 18 кастрычнiка 2024 Стужка Традыцыі Мінск

Аўтар: Аўтары

Рэспубліканскі форум, круглы стол, тэматычныя конкурсы і забаўляльныя праграмы. У Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. 

Старт святочнаму марафону далі 14 кастрычніка, у Дзень маці. Урачыстасці працягнуцца да 21-га — Дня бацькі. Паміж дзвюма датамі — шэраг мерапрыемстваў, падрыхтаваных рознымі інстытуцыямі. 

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой зладзілі форум “Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава” ў Полацку. Штогод праводзіць у гэтым горадзе маштабную гутарку вырашылі, каб наблізіць гісторыю да сучаснасці, умацаваць сувязь пакаленняў у перадачы моладзі шматвяковага вопыту выхавання беларусаў, высокіх маральных прыярытэтаў і сямейна-маральных каштоўнасцей. 

Пад эгідай Міністэрства аховы здароўя адбыўся круглы стол “Здаровая сям’я — моцная дзяржава”. Міністэрства адукацыі падрыхтавала фестываль сямейных практык “Суперсям’я”, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — дыялогавую пляцоўку “Бацькоўства і кар’ера: як сумяшчаць?” і ўшанаванне пераможцаў VI Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Вынікі творчага спаборніцтва “Сям’я! Служым разам!” падводзіць Міністэрства ўнутраных спраў, а Міністэрства інфармацыі арганізоўвае фінал конкурсу сярод СМІ “Моцная сям’я — моцная дзяржава”. 

Шматлікія праграмы да Тыдня бацькоўскай любові прэзентуе сфера культуры. Урачыстыя цырымоніі, акцыі-віншаванні праходзяць па ўсёй краіне. У клубах ладзяць арыгінальныя праекты і культурна-забаўляльныя імпрэзы. Сямейным каштоўнасцям прысвечаны мастацкія экспазіцыі, тэатралізаваныя пастаноўкі, творчыя сустрэчы, кінапаказы і канцэрты. 

Так, Маладзёжны тэатр эстрады прадставіў у Палацы Рэспублікі шоу-праграму “Матчына свята”. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запрасіў жыхароў і гасцей сталіцы на серыю мерапрыемстваў. Гэта і аглядныя экскурсіі, падчас якіх раскрываецца тэма подзвігаў маці, бацькаў, сем’яў цягам ліхалецця, і квэст “Адна сям’я — адна перамога” — пазнавальнае падарожжа па музейных залах. Таксама зладжаны паказ стужкі “Дзеці партызана” (1954, “Беларусьфільм”). У прасторы “Музей для дзяцей” юных наведвальнікаў і іх бацькоў чакаюць майстар- класы па стварэнні паштовак “Букет для мамы” і “Мой тата найлепшы”. Праводзіцца віктарына “Пытанні для ўсёй сям’і”. Працуе інтэрактыўная зона “Сямейная галерэя”. Дарэчы, да акцыі “У музей усёй сям’ёй” далучыліся і іншыя скарбніцы краіны. Установы прадугледзелі зніжкі на квіткі і бясплатны ўваход для шматдзетных сем’яў.