З нагоды Дня настаўніка мы зазірнулі ў Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж, што сёлета адзначае 55-годдзе. Да юбілею ўстанова наблізілася з цэлым багажом дасягненняў, пра якія і расказала дырэктар Ганна Сарасек.
Гісторыя юбіляра распачалася ў 1969-м, калі распараджэннем Савета Міністраў БССР Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча рэарганізавалі ў музычную адукацыйную ўстанову, а яе дырэктарам назначылі Яўгена Яўсеевіча Дзягілева. З цягам часу пераймяноўваліся спецыяльнасці, дадаваліся новыя, але змест і высокі ўзровень навучальнага працэсу заставаліся нязменнымі.
Сёння ў каледжы рыхтуюць адмыслоўцаў па такіх традыцыйных напрамках, як музыказнаўства, выкананне фартэпіяннае, харавое (акадэмічнае ды народнае) і інструментальнае. Выпускнікі розных спецыяльнасцей атрымліваюць кваліфікацыі “Артыст”, “Канцэртмайстар”, “Кіраўнік творчага калектыву” і абавязкова яшчэ адну — “Настаўнік”.
— Большасць размяркоўваецца ў дзіцячыя школы мастацтваў і прысвячае жыццё выхаванню юных музыкантаў, — распавядае дырэктар. — З вялікай радасцю сустракаем нядаўніх навучэнцаў, якія прыводзяць на конкурсы ўжо сваіх маленькіх зорачак. Некаторыя выпускнікі вяртаюцца ў каледж. Іх крэатыўнасць арганічна спалучаецца з мудрасцю і ўпэўненасцю вопытных настаўнікаў.
Выхаванцы ўстановы робяць паспяховую кар’еру і як выканаўцы ды кампазітары.
— Сярод нашых выпускнікоў асобы, вядомыя не толькі на Радзіме, але і далёка за яе межамі, — працягвае Ганна Паўлаўна. — Да прыкладу, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Віктар Войцік, Юрый Гільдзюк і Валерый Жывалеўскі, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны, выбітныя кампазітары Аліна Безенсон і Яўген Паплаўскі, заснавальнік Гродзенскай капэлы Андрэй Бандарэнка ды іншыя. Каб павысіць прафесійны ўзровень і набыць прызнанне, некаторыя выпускнікі паступаюць у такія прэстыжныя ўстановы, як Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.
Славіцца каледж і выдатным педагагічным калектывам.
— Многія настаўнікі неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды Міністэрства культуры і Савета Міністраў, — адзначае кіраўнік установы. — Большасць вядзе актыўную канцэртную дзейнасць і часта выступае разам з вучнямі, для якіх такія выхады на сцэну — сапраўдны імпульс да ўдасканалення. Добры і навуковы патэнцыял педагогаў: у каледжы працуюць доктар, два кандыдаты і больш за 10 магістраў мастацтвазнаўства.
Ганна Сарасека з навучэнцамі
Плён выхавання відавочны: звыш 80 юных талентаў дамагліся ўзнагарод спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Галерэя перамог вялізная! Летась заваявалі больш за 100 дыпломаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, — дзеліцца педагагічнымі поспехамі Ганна Паўлаўна.
Дарэчы, актыўную навучальную і канцэртную дзейнасць вядуць і творчыя аб’яднанні, якіх у каледжы цэлых сем: струнны квартэт, два хоры — жаночы камерны ды народны, чатыры аркестры — камерны, духавы, рускіх народных інструментаў, баянаў.
— Пра дасягненні нашых калектываў можна напісаць асобны артыкул, бо ў кожнага — свая гісторыя, адметныя традыцыі і выканальніцкі почырк! Ансамблі ўдзельнічаюць у такіх прэстыжных мерапрыемствах, як Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”, Дні моладзі Азербайджана ў Беларусі. Бясспрэчна, ганаровая падзея — выступленне аркестра рускіх народных інструментаў з праграмай “Музыка збірае сяброў” у дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, — расказвае дырэктар каледжа.
А чаго варты жаночы камерны хор, які таксама сёлета адзначае юбілей! Больш за 40 гадоў калектыў узначальвала заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Ларыса Іконнікава, якая ўдастоена медаля Францыска Скарыны і занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Пад кіраўніцтвам Ларысы Мікалаеўны ансамбль заваяваў вышэйшую ўзнагароду спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — Гранд-прэмію, а ў 2017-м атрымаў званне заслужанага. Цяпер калектывам кіруе Марына Шарэйка — намеснік дырэктара музычнага каледжа па вучэбнай рабоце.
"Апошні званок — 2024"
— За апошнія пяць гадоў жаночы камерны хор перамагаў у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях больш як 40 разоў, — падкрэслівае Ганна Паўлаўна. — Калектыў паспяхова выступаў на сцэне Белдзяржфілармоніі і Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, у канцэр- тнай зале “Верхні горад”.
Што да юбілею, цэлая чарада тэматычных канцэртаў і безліч цікавых праектаў чакаюцца ў снежні.
— Смелых планаў, неардынарных задум шмат… — акрэслівае найбліжэйшую перспектыву дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. — Галоўнае, каб ініцыятывы былі сугучныя з прыярытэтамі дзяржаўнага развіцця і далучалі да багатай культурнай спадчыны краіны. Мы павінны годна выконваць педагагічную місію, выхоўваць грамадзян, якія цэняць і паважаюць працу, свае сем’і, клапоцяцца аб старэйшым пакаленні, любяць і берагуць Айчыну!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні