Гэты мастак трагічна сышоў ад нас амаль пяць гадоў таму. І хаця Захару Кудзіну было ўсяго 33, след па сабе ён пакінуў заўважны.
Безліч карцін, адна з якіх патрапіла ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея, імпазантныя арт-праекты, абстракцыянісцкі мурал на вуліцы Кастрычніцкай… І ўрэшце ўтрапёная “перакананасць у мастацтве”, якую літаральна выпраменьвалі яго добрыя ўсмешлівыя вочы.
Не выпадае здзіўляцца таму, што Захар атрымаў прызнанне яшчэ пры жыцці — і пра гэта сведчыць унушальны для CV маладога аўтара “паслужны спіс”. Таму лапідарная назва мемарыяльнай выставы, якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў — “З’ява” — не выглядае звыш меры амбітнай.
Пры жыцці тон сваім выставам задае сам мастак. Амаль заўсёды ён выконвае ў нас і функцыю куратара: выбірае творы, прыдумляе экспазіцыйныя хады, нават піша тэкставую эксплікацыю, дзе тлумачыць, “пра што” гэта ўсё… А вось post mortem спадчынай аўтара так ці іначай распараджаюцца іншыя.
Традыцыя мемарыяльных выстаў у Беларусі пакуль не надта распаўсюджаная. Адпаведна, не выпрацаваны і фармат: як належыць распавядаць пра творцу, які нядаўна быў побач, але цяпер — на тым беразе Стыкса. Чаму аддаць перавагу: пачуццям, якія цябе перапаўняюць, або структураванаму і ўзважанаму аналізу аўтарскай практыкі? Апошні патрэбны найперш дзеля таго, каб выразна рэпрэзентаваць творчасць мастака для тых, хто асабіста з ім не быў знаёмы.
Для мастацтвазнаўцаў Захар Кудзін — перспектыўны аб’ект даследаванняў. На першы погляд можа падацца, нібы гэты мастак трохі памыліўся эпохай. Авангардысцкі “першаадкрывальніцкі” пафас быў дарэчным гадоў сто таму, а не сёння, калі “белых плямаў” на мастацкай карце не засталося.
Аднак Кудзін усімі даступнымі яму сродкамі імпэтна даводзіў, што гэта мастак павінен ствараць прыдатную для сябе культурную парадыгму, а не паслухмяна прыстасоўвацца да той эпохі, у якой яму давялося нарадзіцца.
А таму палемізаваў з Малевічам — і нават называў сябе яго інкарнацыяй. Ды актыўна маніфеставаў новы “-ізм” (што даўно ўжо выйшла з моды). Яго ўласны кірунак атрымаў назву нейра-арт — ён прадугледжвае асаблівае ўздзеянне на свядомасць гледача, адкрываючы яму вокны ў новы свет.
Мастак, які заўсёды кіраваўся інтуіцыяй, сам наўрад ці змог бы дэталёва патлумачыць свае тэарэтычныя погляды. Але няма сумневу, што за яго гэта некалі зробяць прафесійныя мастацтвазнаўцы. Ды здарыцца тое іншым разам, не на дадзенай выставе.
Відавочна, яе куратарка Дзіна Даніловіч абрала менавіта першы са згаданых вышэй падыходаў: эмацыйны. Экспазіцыя літаральна стракаціць здымкамі Захара — нават цяжка падлічыць, колькі іх там. Ёсць як “афіцыйныя” партрэты, гэтак і дураслівыя сэлфі, знятыя на мабільнік і наўрад ці прызначаныя для публічнай дэманстрацыі. Патлумачыць такі ход можна найперш шчырым памкненнем зноўку ўбачыць светлы і натхнёны твар добрага сябра.
Выстава ў НЦСМ не раскрывае, што такое нейра-арт, або жывапіс дзеяння, або аб’ектыўны рэалізм. Не раскладае ўсё па палічках, рэпрэзентуючы творчы набытак Кудзіна згодна з перыядызацыяй (хаця такі падыход таксама магчымы: пачынаў ён з экспрэсіянісцкага фігуратыўнага жывапісу, а затым сышоў у поўную абстракцыю). І ўжо тым болей не ставіць за мэту падрабязна пазнаёміць з жыццярысам аўтара.
Затое выстава выяўляе безумоўную шчырасць ды невытлумачальную, як звычайна бывае, абаяльнасць Кудзіна. І чалавечую, і найперш мастацкую. Як бы ты ні ставіўся да авангардысцкіх ідэй, слухаючы Захара (цяпер адно на відэа), міжволі ўспрымаеш іх прыязна. Гэта як многія ў свой час пазнаёміліся з музычным авангардам выключна дзякуючы абаяльнасці Сяргея Курохіна.
Выстава падкрэслівае: мяжа паміж аўтарам і ягонай творчасцю ў дадзеным выпадку даволі расплывістая. Наўрад ці Захар меў інтэнцыю пераў- тварыць уласнае жыццё ў суцэльны твор мастацтва, але неяк яно так само сабою атрымалася. Выставачная пляцоўка НЦСМ на вуліцы Някрасава некалі была збудаваная менавіта як мастацкія майстэрні. Водар фарбаў адтуль, вядома, ужо выветрыўся, а вось дух творчага працэсу — не. Што куратарка выставы і скарыстала належным чынам. Побач з завершанымі карцінамі дэманструюцца разнастайныя накіды, версіі, эскізы… Урэшце, рабочая “спяцоўка” мастака — зразумела, спрэс запэцканая фарбамі ўсіх колераў вясёлкі.
А вось саміх жывапісных твораў Кудзіна на выставе не так і шмат. Падаецца, іх магло быць і болей — хаця некаторыя яго палотны проста фізічна не змясціліся б у наяўную выставачную прастору.
Карціны Захара вельмі пераканаўчыя самі па сабе. Яны не патрабуюць ніякіх тлумачэнняў — ды і як тут раскладзеш на паняцці абстрактны жывапіс? Але амаль заўсёды правакуюць той дыялагічны працэс успрымання, які адбываецца не на ўзроўні “нейра”, але недзе глыбей, у падсвядомасці.
Калі гадоў пятнаццаць таму гэты зусім яшчэ юны тады мастак паўдзельнічаў у буйным зборным праекце таго самага Цэнтра (на той час — музея) сучасных мастацтваў, ён адразу прыцягнуў увагу менавіта сваімі карцінамі — парай-тройкай невялічкіх твораў. Пабачыўшы іх, некаторыя мэтры (я сам чуў!) сталі задавацца пытаннем: а хто ж такі гэты Захар Кудзін? Звычайна ў наш век піяру бывае наадварот.
Ды пры ўсёй сваё абаяльнасці і харызме, пры ўсіх сваіх “ізмах”, гэты мастак усё ж не канцэптуалісцкі, а “жывапісацэнтрычны”. То-бок самі творы больш важкія за ідэі.
Як і многім яго знакамітым папярэднікам з ліку авангардыстаў, Кудзіну было зацесна ў дзвюхмернай карціне, і ён “вырываўся” з яе межаў як мог. У тую ж пластыку, або спантанны “жывапіс дзеяння” (у адной з залаў можна ўбачыць відэадакументацыю, дзе мастак спантанна кладзе фарбы на палатніну ў старым вясковым доме пад гукі віяланчэлі), або эксперыменты з дапоўненай рэальнасцю… Да ўсяго на выставе досыць шмат абстрактнай скульптуры.
Кудзін маляваў не толькі на палатніне, але і на алюмініі, а таксама на вялізным заводскім муры (зразумела, цалкам легальна). І пры гэтым усёй сваёй творчасцю імкнуўся давесці, што жывапіс дасюль не вычарпаў патэнцыялу. “Жывапіс ніколі не памрэ, паміраюць толькі мастакі”, — сказаў Захар незадоўга да ўласнай смерці.
Думаю, так яно і станецца — прынамсі, у выпадку з яго жывапісам. Адпаведна, хочацца верыць, што гэтая пасмяротная выстава будзе далёка не апошняй.
Ілья СВІРЫН