Адраджэнне кансерваторыі

Апублiкавана: 13 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Вялікія грошы выдзяляе дзяржава на капітальны рамонт сімвала акадэмічнага музычнага мастацтва Беларусі.

Капрамонт. Яго чакаюць не толькі людзі. Будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі служыў айчыннаму мастацтву цэлых 66 гадоў. Прыйшоў час абнаўлення. Яно будзе маштабным, працягнецца амаль два гады і запатрабуе каля 33 мільёнаў рублёў. Усе выдаткі бярэ на сябе дзяржава. 

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна распавяла, што пытанне капітальнага рамонту галоўнага корпуса паўстала даўно. Больш за дзесяць гадоў таму пачалі праводзіць архітэктурнае, гістарычнае, геалагічнае абследаванні будынка. І цяпер да будаўнічых работ падышлі ўшчыльную. Яны пачнуцца ўжо ў кастрычніку. 

Галоўны корпус Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з'яўляецца гісторыкакультурнай каштоўнасцю другой катэгорыі. Музычная грамадскасць спадзяецца, што ў працэсе рэстаўрацыі на фасад вернецца страчаная ў 1992 годзе гістарычная назва “Беларуская дзяржаўная кансерваторыя”.

Рэктар адзначае, што акадэмія ніколі не была абдзеленая ўвагай з боку кіраўніцтва галіны і краіны. Па спецыяльнай прэзідэнцкай праграме ў свой час набылі дзесяць раяляў. Галоўны, Steinway & Sons, які да нядаўняга часу ўпрыгожваў вялікую залу, таксама займелі пры падтрымцы прэзідэнцкага фонду. Штогод за кошт рэспубліканскага бюджэту закупляюцца духавыя, ударныя, народныя інструменты. У 2019-м пасля капрамонту быў здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат навучальнай установы на вуліцы Кісялёва, 61. 

САПРАЎДНЫ ПАЛАЦ 

Беларуская кансерваторыя праектавалася і будавалася ў так званым палацавым стылі. З шырокімі мармуровымі лесвіцамі, дубовымі парэнчамі і паркетам, гранітнымі падаконнікамі. Будынкі такога ўзроўню ствараюцца на стагоддзі. У іх закладваюцца асаблівыя характарыстыкі. 

Пра гэта, напрыклад, сведчаць курданёры — скверыкі на ўваходзе злева і справа ад параднай лесвіцы. Па задумцы выдатнага савецкага архітэктара Рамана Міхайлавіча Гегарта, якая не была рэалізаваная, курданёры павінны быць засаджаны кустамі руж, іх перасякаюць дарожкі. У ходзе капрамонту хочуць зрабіць усё адпаведна задуме дойліда. 

У адным з курданёраў плануецца змясціць малую архітэктурную форму. Магчыма, ёю стане гарадская скульптура “Скрыпачка” аўтарства вядомага беларускага майстра Валянціна Паўлавіча Занковіча. Выява будзе прысвечана ўсім беларускім музыкантам. 

ТРЫ Ў АДНЫМ 

Па словах Алены Куракінай, вялікая будоўля будзе складацца з трох працэсаў: капітальнага рамонту, рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Рэстаўрацыя закране адно цэнтральны аб’ём будынка. Адновяць гістарычнае аблічча не толькі звонку, але і ва ўнутраных памяшканнях з выкарыстаннем арыгінальных матэрыялаў. Ад мармуровых лесвіц да ляпніны і фарбы на столі. Вернуць арыгінальны малюнак аконных рам і фасада. 

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна

Дарэчы, падчас даследаванняў высветлілася, што першапачаткова будынак быў іскрыстым белым. У фарбу дадаваўся адмысловы лушчак. Рэстаўратары паспрабуюць аднавіць гэтае зіхатлівае хараство. 

— Галоўны будынак Акадэміі музыкі з'яўляецца сапраўднай жамчужынай беларускай сталіцы, — лічыць Алена Куракіна.  — Кансерваторыя вянчае сістэму музычнай адукацыі. Усе вядучыя тэатральныя і канцэртныя трупы ўкамплектаваны нашымі выпускнікамі. Яе аднаўленне — вялікі падарунак усёй музычнай грамадскасці краіны.

Капрамонт прадугледжвае поўную замену ўсіх інжынерных камунікацый, перакрыццяў, труб, падлог, даху. 

Рэканструкцыя закране асобныя памяшканні. Будуць адноўлены іх першапачатковае прызначэнне і выгляд. 

АСАБЛІВЫЯ ПАТРАБАВАННІ 

Будынак кансерваторыі быў спраектаваны і пабудаваны вельмі ўдала ў плане ўмоў для арганізацыі навучальнага працэсу. Аднак з цягам часу яго практычна ідэальныя акустычныя якасці сталі губляцца. Асабліва гэта было заўважна ў навучальных аўдыторыях. Дзесьці мяняліся аконныя рамы і падаконнікі, дзесьці дзверы, столевыя свяцільні. Усё гэта скажала гучанне інструментаў, ставіла пад пытанне адпаведнасць высокім стандартам атрымання адукацыі ў вышэйшай музычнай навучальнай установе краіны. 

Гэтыя аспекты ў працэсе праектавання абмяркоўваліся і прымаліся пад увагу. У выніку капрамонт павінен вярнуць акадэміі не толькі першапачатковы знешні глянец, але і ўнікальныя акустычныя характарыстыкі ў поўным аб’ёме. 

Акрамя таго, працы на аб’екце мусяць улічваць масу нюансаў. Так, праз асаблівыя патрабаванні да ўмоў утрымання інструментаў, у будынку павінны падтрымлівацца аптымальная тэмпература і вільготнасць. Такое можна забяспечыць толькі кандыцыянаваннем паветра. Пры гэтым кліматычныя сістэмы павінны мець мінімальны ўзровень шуму (1921 дБ), каб не перашкаджаць музіцыраванню. Падобныя прафесійныя сістэмы нятанныя. 

І НАВАТ БОЛЬШ… 

Істотная частка выдаткаў пойдзе на рэстаўрацыю і сучаснае тэхнічнае абсталяванне. У прыватнасці, з навінак з’явіцца ўласная студыя гуказапісу, дзе змогуць працаваць класічныя выканаўцы на акустычных інструментах. 

Кіраўніцтва акадэміі адзначае, што сёння падача заяўкі для ўдзелу ў многіх конкурсах прадугледжвае прадстаўленне гуказапісу. У шэрагу выпадкаў першы тур, а часам і ўвесь конкурс, праводзіцца завочна. Таму педагогі і студэнты зацікаўлены, каб запіс іх выступлення быў якасны. Новая студыя павінна вырашыць гэтую задачу. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара і з архіва ўстановы