Ёсць банк — ёсць плён

Апублiкавана: 12 кастрычнiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У банк дадзеных адоранай і таленавітай моладзі ўключаны 409 грамадзян, якім прысуджаны заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. З іх 68 чалавек — лаўрэаты фонду. 

Пра гэта ішла гаворка на апаратнай нарадзе міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства 24 верасня. 

Парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банка дадзеных таленавітай моладзі вызначаны палажэннем, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2022 г. № 429 “Аб дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Інфармацыю пра асоб, прадстаўленых на гэтым рэсурсе, можна атрымаць праз платформу Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. 

Міністэрствам культуры сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў распрацаваны каталог творчых дасягненняў гэтых маладых талентаў. Каталог пастаянна актуалізуецца. Ён утрымлівае актыўныя спасылкі на старонкі ў інтэрнэце з інфармацыяй пра іх дасягненні і працу на канкрэтных мерапрыемствах. У гэтым дакуменце прадстаўлены звесткі пра 312 маладых таленавітых выканаўцаў і 132 творчыя калектывы. 

За першыя шэсць месяцаў 2024 года ў рэспубліканскія і буйныя дзяржаўныя спецыяльныя культурныя мерапрыемствы былі залучаныя 34 прадстаўнікі таленавітай моладзі і чатыры творчыя калектывы. Таксама маладыя выканаўцы, якія маюць такі статус, прымалі ўдзел ў 470 мерапрыемствах, якія праводзіліся ў рэгіёнах. Акрамя таго, яны былі задзейнічаны ў разнастайных майстаркласах і запрашаліся ў журы творчых конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў.