Інвестыцыі ў маладыя таленты

Апублiкавана: 12 кастрычнiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Доўгачаканы падарунак атрымалі юныя творцы Салігорска. Дзіцячая мастацкая школа набыла новую прапіску — у сучасных утульных памяшканнях, дзе забяспечаны ўсе ўмовы для будучых майстроў.

Гісторыя школы налічвае амаль паўстагоддзя. За гэты працяглы час даводзілася не раз мяняць адрасы. Установа не мела ўласнага будынка і працавала на арандаваных плошчах: то ў інтэрнаце, то ў агульнаадукацыйнай школе, то ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Праз абмежаваныя ўмовы цяжка было змясціць ахвочых да навучання мастацтву. Таму наваселля калектыў чакаў даўно. 

— Гэты пераезд — бясцэнны падарунак. Мы значна пашырыліся, атрымалі светлыя і прасторныя класы з сучасным абсталяваннем, — расказвае дырэктар Яніна Круковіч. — Цяпер маем 14 кабінетаў. У кожным ёсць тэлевізар, каб дэманстраваць навучэнцам неабходныя ілюстрацыйныя матэрыялы. Закуплены прыстасаванні для заняткаў па кераміцы, прафесійны станок для друкаванай графікі. З’явілася і ўласная галерэя, дзе будуць ладзіцца выставы нашых выхаванцаў і сустрэчы з мастакамі. Экспазіцыйная прастора аснашчана якасным асвятленнем і сістэмай развескі. 

Акрамя таго, пераезд дазволіў адкрыць новы кірунак навучання — лічбавы. З гэтага года ва ўстанове працуе аддзяленне камп’ютарнай графікі, дзе школьнікаў знаёмяць з асновамі дызайну і базавым праграмным забеспячэннем. Для заняткаў створаны клас з камп’ютарамі, графічнымі планшэтамі і мультыбордам. Увядзенне гэтага напрамку — адказ на запыты сучаснага рынку. Тут дзеці змогуць атрымаць падмурак для асваення запатрабаваных прафесій на творчай ніве. 

Увогуле ж у школе надаюць шмат увагі прафесійным перспектывам выхаванцаў. Многія звязваюць далейшае жыццё з мастацтвам. Кожны другі выпускнік працягвае навучанне ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі творчага профілю. Паказальна і тое, што большасць педагогаў прайшлі пачатковую падрыхтоўку менавіта ў гэтай школе. Пра якасць працы сведчаць таксама дасягненні хлопцаў і дзяўчат на шматлікіх спаборніцтвах. Толькі за апошні час салігорскія дзеці прывезлі ўзнагароды з такіх форумаў, як “Экалогія душы” ў Калінінградзе, рэспубліканскі конкурспленэр “Сімфонія Белавежскай пушчы” ў Свіслачы, конкурс-пленэр імя Міхася Сеўрука ў Нясвіжы.