Першым населеным пунктам, дзе праводзіцца грамадскакультурная акцыя “Марафон адзінства”, стаў горад Маладзечна. Мерапрыемствы праходзяць два дні — 11 і 12 кастрычніка.
Аб старце маштабнай акцыі аб’явіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на патрыятычным форуме “Калі мы адзіныя” 17 верасня. Праект, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дазволіць беларусам убачыць усю палітру талентаў роднай зямлі, дакрануцца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры.
Марафон ахопіць 13 гарадоў нашай краіны. Маладзечанская праграма насычаная і разнастайная. На першы дзень запланаваны экскурсіі па прадпрыемствах рэгіёна для блогераў і ўдзельнікаў творчых калектываў з іншых абласцей.
У другі дзень акцыі — 12 кастрычніка — чакаецца мноства ўнікальных выставачных праектаў у розных пунктах горада і маштабны канцэрт. Мабільная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца раніцай на пляцоўцы перад спартыўнай школай “Алімпік-2011”. Тут жа пройдзе гарадскі патрыятычны квэст “Гэта ўсё маё роднае”. Запланавана і ўрачыстае адкрыццё мурала “Будучыня краіны ў тваіх руках”.
Яшчэ адна значная лакацыя — чыгуначны вакзал. Менавіта тут упершыню прадставяць выставу Беларускага тэлеграфнага агенцтва — “Беларусь. Узлёт”. Акрамя таго, у зале чакання адбудзецца сустрэча з касманаўтамі Марынай Васілеўскай і Алегам Навіцкім, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзімам Гігіным.
Завершыць свята ў Маладзечне яркі канцэрт “Час выбраў нас” у лядовым палацы. На сцэну выйдуць знакамітыя артысты і калектывы ды выканаўцы-аматары з розных рэгіёнаў.
У падрыхтоўцы і правядзенні “Марафону адзінства” задзейнічаны Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства спорту і турызму, Мінгарвыканкам, абласныя выканаўчыя камітэты, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ ды многія іншыя.