Сумесная карціна

Апублiкавана: 11 кастрычнiка 2024 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Поўнаметражнае ігравое кіно “Бацька Мінай. Партызанская легенда” зніме беларуска-расійская каманда. Адпаведная дамова падпісана 7 кастрычніка ў Мінску.

Супольная стужка Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” і студыі “Ваенфільм” будзе створана пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Фонду кіно Расіі. 

Урачыстае мерапрыемства прайшло ў сімвалічным месцы — у зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З нашага боку дамову падпісаў генеральны дырэктар студыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей, з расійскага — генеральны дырэктар кампаніі “Ваенфільм” народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў. 

У цырымоніі паўдзельнічаў міністр культуры Анатолій Маркевіч. Кіраўнік галіны распавёў пра найлепшыя праекты “Беларусьфільма”, створаныя апошнім часам. 

— Роля любога цікавага кіно, якое расказвае пра лёсы, наша мінулае і будучыню, важная. Усе самыя глыбокія, яркія і вобразныя сэнсы можна данесці менавіта дзякуючы сцэнам, што выкарыстоўваюцца ў кінематаграфіі. І пацвярджэнне таму — нашы фільмы, якія выйшлі ў свет літаральна ў бягучым і мінулым гадах, — адзначыў Анатолій Маркевіч. 

Ён вылучыў драму “На другім беразе”, што раскрывае гістарычную праўду пра ўз’яднанне беларускага народа, і кінакарціну “Час вярнуцца”. Гэтая стужка прысвечана аперацыі “Баграціён”, дзякуючы якой тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Згадаў міністр і займальныя моладзевыя праекты. 

— Літаральна нядаўна мы пазнаёмілі гледача з фільмам “Культурны код”, у якім данеслі яркія, глыбокія сэнсы нашай беларускай сімволікі. І пачулі добрыя водгукі ад калег, — паведаміў Анатолій Маркевіч. 

Што тычыцца новай стужкі, у ёй лёс легендарнага камандзіра народных мсціўцаў — Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова — пакажуць на фоне гістарычных падзей партызанскага руху ў нашай краіне. Будзе адлюстравана і асабістая драма Міная Піліпавіча — арышт і гібель чатырох дзяцей. У карціне папрацуюць беларускія і расійскія акцёры, пры яе стварэнні мяркуецца выкарыстоўваць самыя сучасныя кінатэхналогіі. Здымкі запланаваны ў Мінску, Смалявічах. Некалькі сцэн падрыхтуюць у Маскве. Асноўныя работы разгорнуцца ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Фільм, як чакаецца, прадставяць гледачам у канцы 2025-га.