Наводзячы масты

Цікава і карысна прайшлі Дні культуры Беларусі ў Новасібірскай вобласці. Мерапрыемства праводзілася 26—28 верасня пры падтрымцы міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі, Урада і Міністэрства культуры Новасібірскай вобласці. Дэлегацыю нашай краіны ўзначальваў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада вітае ўдзельнікаў і гасцей Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Новасібірскай вобласці

Праграма ўражвала разнастайнасцю. Прыхільнікаў якасных фільмаў запрасілі на Дні беларускага кіно. З аншлагам прайшоў выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея “Беларусь у рытме традыцый”. Публіка ад душы апладзіравала салістам нашага Вялікага тэатра, знакамітым калектывам, народным і заслужаным артыстам падчас гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі ў Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі. Пацешыў асартыментам і культурна-забаўляльнай праграмай VII кірмаш беларускіх тавараў. І, вядома ж, было шмат карыснай, цікавай і прадуктыўнай камунікацыі. 

КІНО ДЛЯ ЎСІХ 

Дні беларускага кіно пачаліся з паказу ваенна-гістарычнай драмы “Час вярнуцца” рэжысёра Івана Паўлава. Карціна прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Намеснік міністра культуры Новасібірскай вобласці — начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва, культурнай спадчыны і адукацыі Ірына Рудкоўская ў эфіры мясцовай тэлекампаніі падкрэсліла, што беларускае кіно заўсёды вельмі блізкае расійскім гледачам, што яно цёпла адгукаецца ў іх сэрцах. Па словах Ірыны Міхайлаўны, асабліва важна было ўбачыць новую стужку Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” менавіта цяпер, напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, якое налета адзначаць брацкія народы. 

УЗАЕМНАЯ ЦІКАВАСЦЬ 

Старт маштабнай выставе Нацыянальнага гістарычнага музея “Беларусь у рытме традыцый” далі ў Новасібірскім дзяржаўным краязнаўчым музеі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада і першы намеснік губернатара Новасібірскай вобласці Юрый Петухоў. 

Канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі ў Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі прайшоў з аншлагам

Экспазіцыя расказвае аб традыцыйных народных рамёствах — ткацтве і вышыўцы, бандарнай і ганчарнай справах, разьбе па дрэве, валенні з шэрсці. Прадстаўлены вырабы з саломы, лазы, бяросты. Уразіла наведвальнікаў і багатая калекцыя беларускіх народных строяў, малюнкі этнографа і мастака Міхаіла Раманюка, які адлюстраваў рэгіянальныя варыянты аўтэнтычнага касцюма. 

Юрый Петухоў адзначыў каштоўнасць праекта як па напаўненні, так і па значэнні: 

— Выстава аб’яднала этнаграфічныя калекцыі двух музеяў, што важна для нас. Увесну Новасібірская вобласць прадставіла сваю культурную разнастайнасць у Беларусі, цяпер калегі наведалі наш рэгіён. Падобныя сумесныя культурныя мерапрыемствы ўмацоўваюць існыя партнёрскія і сяброўскія адносіны краін. 

ПЛЁННАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА 

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дзён культуры выступіў першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада. Ён падкрэсліў, што Саюзная дзяржава — унікальны інтэграцыйны праект, які сёння на справе даказвае эфектыўнасць. 

Выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея "Беларусь у рытме традыцый" расказвае, хто такія беларусы, чым займаліся і ў што адзяваліся

— Мы супрацоўнічаем і ўзаемадзейнічаем у розных сферах, у тым ліку і ў культуры. А ў рамках абменных Дзён культуры мы можам маштабна і паўнавартасна прадставіць традыцыі і культуру сваіх краін, — канстатаваў Валерый Іванавіч. 

Аб тым, што культура — галіна ідэй і якасцей, якія мы перадаём дзецям і накіроўваем у будучыню, гаварыла міністр культуры Новасібірскай вобласці Юлія Шукліна. Па яе словах, для сібіракоў вельмі каштоўнае і адказнае рашэнне аб правядзенні перакрыжаваных Дзён культуры, прынятае год таму. Юлія Канстанцінаўна таксама дадала, што падпісана больш за 15 партнёрскіх пагадненняў і гэтая работа працягваецца. 

ПРАДУКТЫЎНЫЯ СУСТРЭЧЫ 

Цягам акцыі члены беларускай дэлегацыі абмяркоўвалі з расійскімі калегамі далейшае культурнае супрацоўніцтва. Прадстаўнікі Новасібірскай вобласці выказвалі зацікаўленасць у развіцці, пашырэнні і ва ўмацаванні культурных сувязей з нашай краінай. 

Так, першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада наведаў Новасібірскую абласную спецыялізаваную бібліятэку для невідушчых і слабавідушчых, Новасібірскую дзяржаўную кансерваторыю і Цэнтр прататыпавання “Медыяцэнтр”, створаны ў рамках федэральнага праекта “Прыдумана ў Расіі”. Былі дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні анлайн-лекцый для студэнтаў па тэме “Музыка ў кіно”. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіваў удзельнікаў і арганізатараў мерапрыемстваў