“Баявая” канцэртная адзінка

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народная студыя эстрадных спеваў “Крэатыў” — візітоўка гарадскога Палаца культуры “Орша”. І студыяй, і ўстановай кіруе Алена Дземух. Такіх, як яна, называюць сапраўднымі прафесіяналамі. Вынікі яе работы ўражваюць гледачоў і выклікаюць павагу калег. Алена падзялілася з намі сакрэтамі поспеху.

— Я заснавала студыю ў 2000 годзе. Першапачаткова гэта быў зусім невялікі гурт дзяцей старэйшага школьнага ўзросту і працоўнай моладзі. У 2005-м мы атрымалі званне “Народны”, а летась сталі заслужаным калектывам. 

Сёння ў “Крэатыве” больш за 40 удзельнікаў. Сярод іх — і тыя, каго я гадавала з маленства, хто ўжо прывёў сваіх дзяцей. Ёсць заўсёднікі, з якімі мы разам амаль з дня заснавання. І кожны год прыходзяць навічкі. Асноўны канцэртны склад — дарослыя, якія працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах горада. Для дзяцей і падлеткаў створаны шоу-гурт “Тынэйджары” і вакальная студыя “Вечны рухавік”. Артысты ў асноўным — аматары, акрамя маладых спецыялістаў, якія шчыруюць у Палацы культуры і адначасова ўдзельнічаюць у калектыве. Гэта Анжэла Сіманенка, якая рыхтуе малодшую групу. Яна вучылася на спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)” у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. А хормайстар Ірына Ліжэўская — выпускніца Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. У нашай установе так прынята: калі працуеш з калектывам, значыць, з’яўляешся яго часткай і ў якасці артыста — удзельнічаеш у канцэртах, конкурсах. Я сама выступаю і сольна, і ў складзе ансамбля. 

— Калектыў мае званне заслужанага. Якім быў шлях да ганаровага статусу? 

— Заўсёды шмат працуем, стараемся. З 2017 года нашы салісты пастаянна праходзяць у фіналы ўсіх асноўных эстрадных конкурсаў Беларусі. Мы спрабуем ствараць для артыстаў арыгінальны рэпертуар. Напрыклад, у тандэме з кампазітарам Аленай Атрашкевіч я напісала песню для нашага саліста Андрэя Ката, які выступіў у фінале Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне (2024). Вынікі студыйцаў вельмі годныя. 

— Што рухае людзьмі, якія прыходзяць у “Крэатыў”? Чым гурт прываблівае? 

— У навічкоў я перадусім пытаюся пра мэту. Проста спяваць — не пасуе. Мэта — як мінімум запісаць трэк для каханага чалавека. Для ўсіх нашых удзельнікаў важныя прызнанне гледачоў і зносіны ўнутры калектыву. Акрамя таго, выхаванцы атрымліваюць якасную падрыхтоўку: для падлеткавага і дзіцячага складу прадугледжаны заняткі па вакале, ансамблевых спевах, акцёрскім майстэрстве і сцэнічным руху. Многія затым звязваюць шлях з творчай прафесіяй. Некаторыя займаюцца ў нас па 15 гадоў і больш. Людзям гэта падабаецца, тое ўжо частка іх жыцця. 

У нас выдатныя ўмовы для навучання і гуказапісу. Праекты кабінетаў, сцэны мы распрацоўвалі разам з калектывам Палаца культуры, са спецыялістамі па гукавым і светлавым абсталяванні. 

Што асабліва важна, гурт выкарыстоўвае пэўную методыку. Мы нацэлены на вынік, які будуць ацэньваць шматлікія гледачы масавых мерапрыемстваў і прафесійнае журы розных конкурсаў. Наша задача — падрыхтаваць артыста, які выйдзе на сцэну і годна выступіць. Студыя пры Палацы культуры “Орша” — гэта “баявая” канцэртная адзінка, якая пастаянна задзейнічана ў гарадскіх, раённых урачыстасцях. “Крэатыў” далучаецца і да абласных, міжнародных мерапрыемстваў. Напрыклад, нядаўна нашы салісты пабывалі на адукацыйным заездзе арт-кластара “Таўрыда” для творчай моладзі Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава: мастацтва быць разам”. 

— А якія з апошніх падзей уразілі менавіта вас? 

— Музычная акадэмія Ларысы Долінай у ліпені арганізавала ў Мінску інтэнсіўны курс для вакалістаў і педагогаў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана. Мне пашчасціла прайсці конкурсны адбор і трапіць у пяцёрку выкладчыкаў ад нашай краіны, якіх запрасілі паўдзельнічаць бясплатна. 

Сакрэтамі майстэрства з намі дзяліліся настаўнікі акадэміі. Вынікам стаў гала-канцэрт у Палацы Рэспублікі. На ім выступілі Ларыса Доліна і Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. А педагогі, якія далучыліся да курса, у складзе зводнага хору выканалі песню “Вецер перамен” у аранжыроўцы Сяргея Архіпава. 

У жніўні супрацоўніцтва працягнулася. Прайшоўшы конкурсны адбор на закрыты педагагічны трэк, у расійскі Ніжні Ноўгарад на фестываль развіцця музычнай культуры “ДОЛІНАФЭСТ” са мной адправіліся маладыя спецыялісты Ірына Ліжэўская і Дарыя Гусакова. А ў фінале вакальнага конкурсу ў рамках фестывалю пашчасціла выступіць салістцы студыі “Крэатыў” Валерыі Кавалеўскай. 

Тыдзень быў напоўнены навучальнымі інтэнсівамі, творчымі сустрэчамі і новымі знаёмствамі. Праграма аказалася настолькі шчыльнай, што не хапіла часу паглядзець горад. Спадзяюся, мы яшчэ вернемся... 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва студыі