У Бішкеку з 30 верасня па 5 кастрычніка праходзяць Першыя адкрытыя дзіцячыя Дэльфійскія гульні краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
11 намінацый, звязаных з класічнымі, народнымі і сучаснымі відамі мастацтва, амаль паўтысячы юных талентаў з усіх краін СНД, каля 30 вядомых дзеячаў культуры і мастацтва Садружнасці ў складзе міжнароднага журы — статыстыка спаборніцтва ўражвае. Ды і мэты грандыёзныя — пашырэнне Дэльфійскіх гульняў як вышэйшага форуму мастацтваў, захаванне і развіццё нацыянальных культур, заахвочванне міжкультурнага дыялогу, умацаванне сувязей паміж краінамі СНД, падтрымка прафесій¬нага росту творчай моладзі.
Конкурсная праграма мерапрыемства ўключае намінацыі “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Класічная гітара”, “Выяўленчае мастацтва”, “Эстрадныя спевы”, “Народны танец”, “Народныя спевы”, “Дыджэй”. Фестывальная — “Народныя інструменты”, “Мастацкія рамёствы” і “Песні на мове жэстаў”.
Удзельнікі дэманструюць майстэрства ў двух турах. Ацэнкі выстаўляе высокапрафесійнае журы. Дзіцячыя Дэльфійскія гульні — гэта ўнікальны шанц убачыць будучыню мастацтва і культуры СНД. Удзельнікі з Беларусі змагаюцца ў сямі намінацыях: “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Эстрадныя спевы”, “Выяўленчае мастацтва”, “Народныя спевы”, “Мастацкія рамёствы”, “Народны танец”. Напярэдадні напружаных выпрабаванняў праходзяць актыўныя рэпетыцыі. Нашы юныя таленты годна прадстаўляюць краіну на міжнародным творчым спаборніцтве. Першы конкурсны дзень прынёс беларускай дэлегацыі поспехі: усе нашы ўдзельнікі трапілі ў другі тур.
Якія яшчэ падзеі чакаюць зорачак з Сінявокай у найбліжэйшы час? Сачыце за навінамі ў Telegram-канале “Культура і Мастацтва”.