З удзячнасцю за вопыт і мудрасць

Апублiкавана: 04 кастрычнiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Кожны год у першы дзень кастрычніка мы ўшаноўваем тых, у каго за плячыма доўгі шлях, вопыт і мудрасць. Мерапрыемствы з нагоды Дня пажылых людзей прайшлі ва ўстановах культуры па ўсёй краіне. 

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі правялі сустрэчу міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з былымі работнікамі ведамства — ветэранамі галіны. Святочны вечар прымеркавалі да Міжнароднага дня пажылых людзей і Міжнароднага дня музыкі. Гасцей таксама чакаў канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. 

У гонар старэйшага пакалення ў музеі-запаведніку “Нясвіж” зладзілі культурнае мерапрыемства “Прыгажосць і ўзрост”. Уваход у палацавы ансамбль і ратушу для пажылых людзей быў бясплатным. 

У замкавым комплексе “Мір” правялі акцыю “Музей адкрыты для вас”. Грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, бясплатна азнаёміліся з пастаяннымі і часовымі выставамі. 

Для гэтай жа катэгорыі насельніцтва ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялах 1 кастрычніка абвясцілі дзень адчыненых дзвярэй. Пры прад’яўленні адпаведнага дакумента наведвальнікі мелі права вольнага ўваходу і маглі ўбачыць экспазіцыі на аснове фондаў. 

Да акцыі далучыўся і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Для пажылых людзей тут арганізавалі бясплатныя экскурсіі па выставе “Адзінай памяці верныя”, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і па экспазіцыі “Музей. Час. Памяць”, створанай у рамках праекта “Адкрытыя фонды”. 

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава традыцыйна паўдзельнічаў у рэспубліканскай акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць”. Мэта ініцыятывы — аддаць даніну павагі старэйшаму пакаленню за ўклад ў развіццё дзяржавы і нагадаць моладзі аб адказнасці перад пажылымі людзьмі. Акрамя вольнага ўваходу на пастаянныя і часовыя выставы музей прапанаваў экскурсіі па карціннай галерэі народнага мастака Беларусі П. В. Масленікава. 

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрасіў “віноўнікаў” урачыстасцей на праект Захара Кудзіна “З’ява”. А Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур — на канцэрт “Планета людзей”. Рамансы, народныя песні, інструментальная музыка і танцавальныя кампазіцыі ўпрыгожылі святочны вечар.