Светлагорскія школьнікі малююць вершы

Апублiкавана: 03 кастрычнiка 2024 Нам пішуць Бібліятэкі Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Як вы думаеце: ці можна намаляваць верш? Упэўнена, што многія адкажуць на гэтае пытанне адмоўна. А вось удзельнікі раённага патрыятычнага конкурсу “Вайна на кончыку пяра і ў малюнках дзяцей”,  прысвечанага знакавай даце года – 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і самаму маладому святу краіны - Дню народнага адзінства,  даказалі адваротнае. 

Мэтай гэтага творчага конкурсу, ініцыіраванага дырэктарам Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк Вікторыяй Бусел, стала фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця дачынення да гісторыі краіны, развіццё творчай актыўнасці таленавітай моладзі. У ліку арганізатараў, акрамя раённай бібліятэкі, выступілі таксама Светлагорская дзіцячая школа выяўленчага мастацтва і раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, а ўдзельнікамі сталі школьнікі рознага ўзросту. Дарэчы, даволі нязвыклым был фармат правядзення конкурсу. Па яго ўмовах  на працягу трох гадзін на лісце ватмана трэба было стварыць малюнак да верша патрыятычнай тэматыкі. Конкурс праходзіў у два этапа. У першым прынялі ўдзел вучні 6-11 класаў з Парыцкай і Чыркавіцкай сярэдніх школ. Спачатку ва ўтульных сценах дзіцячай школы выяўленчага мастацтва яны сустрэліся з самадзейнай паэткай Галінай Логінавай, якая падзялілася ўспамінамі аб ваенным дзяцінстве і чулліва прачытала верш “Даруй, салдат!”, напісаны ёю пад уплывам дзіцячых успамінаў. Атрымаўшы  добрыя пажаданні членаў журы, хлопчыкі і дзяўчынкі прыступілі да працы. Па ўмовах конкурсу яны маглі  скарыстоўваць гуаш, алоўкі, акварэльныя фарбы, пастэль. Зразумела, падлеткам  давялося вельмі пастарацца, каб перадаць змест верша, настрой і пачуцці аўтара. Да таго ж улічвалася таксама арыгінальнасць мастацкай ідэі, кампазіцыя, тэхніка і якасць выканання,  колеравае вырашэнне і творчая індывідуальнасць. У другім этапе удзельнічалі  гарадскія школьнікі, якія  ўжо не адзін год наведвалі дзіцячую школу выяўленчага мастацтва. Перад імі стаяла іншая задача: стварыць малюнкі да верша паэта Міхася Пазнякова “Дзень народнага адзінства”. Трэба было бачыць, з якім натхненнем і жаданнем працавалі канкурсанты! І малюнкі атрымаліся яркія, шчырыя, напоўненыя любоўю да Беларусі, надзеяй і верай ў яе мірную і шчаслівую будучыню. 

Але які конкурс без пераможцаў? На думку аўтарытэтнага журы імі сталі  Васіліса Манякова з Парыцкай шолы і Аня Юсціновіч са Светлагорскай дзіцячай школы выяўленчага мастецтва, якія атрымалі дыпломы і падарункі. Астатнія ўдзельнікі конкурсу таксама былі адзначаны дыпломамі і прызамі ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Дарэчы, такі фармат творчага спаборніцтва вельмі спадабаўся падлеткам. Яны  прапанавалі і надалей арганізоўваць падобныя конкурсы.            

Валянціна РАСОШАНКА