Партнёрства: працяг

Мабільная выстава “Мастак — кніга — тэкст” музея-запаведніка “Востраў-град Свіяжск” працуе з 3 верасня ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі. Наведаць часовую экспазіцыю можна да 6 кастрычніка.

Прадстаўлены праект — працяг партнёрства, распачатага ў 2010-х. Першым этапам было стварэнне ў Свіяжску Музея археалагічнага дрэва “Татарская слабодка” з выкарыстаннем вопыту беларускага “Бярэсця”, а летась у горадзе прэзентавалі мабільную экспазіцыю “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе”. 

— За апошнія тры гады мы падпісалі больш за 20 пагадненняў з установамі Расіі, — адзначыў дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. — Нядаўна завяршылася праца над выставай “Жыццё ў слове” для Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. 

Што да новай экспазіцыі, “Мастак — кніга — тэкст” уключае копіі твораў 16-ці сучасных мастакоўграфікаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Арменіі, Мексікі, Індыі. Упершыню яны ўбачылі свет на Казанскім міжнародным біенале “Вершнік” у 2015-м і затым паступілі ў фонды Музея-запаведніка. 

Сярод карцін, кожная з якіх увасабляе асобны літаратурны вобраз, сустракаюцца ілюстрацыі да фальклорных тэкстаў, рускай і замежнай прозы і паэзіі (напрыклад, працы паводле “Калымскіх апавяданняў” В. Шаламава і верша “Акно” М. Цвятаевай), эскізы афармлення кніг, экслібрысы. Тэматычная і стылістычная разнастайнасць, арыгінальнасць мастацкай мовы і творчая свабода — галоўныя матывы калекцыі. Некаторыя з карцін напісаны ў духу дакладнай перадачы этнаграфічных элементаў і асаблівасцей, іншыя — прыклад сімвалічнай і алегарычнай трактоўкі. 

Адкрыццё свіяжскай мабільнай экспазіцыі ў Мінску — важны крок да пашырэння геаграфіі музейнага супрацоўніцтва. Наступным этапам, па словах Сяргея Усіка, стане прэзентацыя на прасторах Кітайскай Народнай Рэспублікі выставы, прысвечанай літаратарам-франтавікам Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта такія міжнародныя праекты, як заўважыў дырэктар музея, даюць магчымасць якасна разнастаіць і ўзбагаціць культурнае жыццё беларускага грамадства. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота аўтара