Гэта ўстанова адукацыі — шматузроўневая, што дае дзецям магчымасць навучання з 4 гадоў. Напрамкі дзейнасці — музычны, харэаграфічны і мастацкі. Функцыянуюць 9 аддзяленняў. Настаўнікаў і канцэртмайстраў — 58. У школе займаецца больш за 630 вучняў.
Нязменным поспехам у публікі карыстаюцца выступленні 25 аматарскіх калектываў установы, 7 з якіх маюць ганаровыя званні “заслужаны”, “народны” і “ўзорны”. Візітоўкай школы ды і ўсяго раёна стаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль старажытнай беларускай музыкі “Пастараль”: узровень яго выканальніцкага майстэрства пацвярджаецца шматлікімі ўзнагародамі. А ў 2021 годзе быў выдадзены ўнікальны зборнік нот “Музыка беларускіх сядзіб”, у які ўвайшлі аўтарскія аранжыроўкі і пералажэнні твораў беларускіх кампазітараў XVIII—XIX стагоддзяў.
Штогод назвы калектываў школы, імёны вучняў, іх настаўнікаў гучаць у шэрагу найлепшых на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах ды фестывалях як у Беларусі, так і за мяжой.
Цешыць дасягненнямі хор “Misterius”, які стаў лаўрэатам I ступені II Міжнароднага конкурсу вакальна-харавога мастацтва імя І. Лучанка ў Магілёве і адкрытага Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Адзінства” (Мінск). Ганарацца тут і перамогамі ўзорнага цымбальнага аркестра “Вясёлка” на Міжнародным конкурсе інструментальнага выканальніцтва “Музычны світанак” (г. Масква, РФ): у намінацыі “Нацыянальныя інструменты” калектыў атрымаў Гран-пры.
Выступленне кожнага творчага калектыву Дзяржынскай ДШМ выклікае ў гледачоў захапленне
Гран-пры прысудзіла журы і ўзорнаму ансамблю скрыпачоў “Кантабіле” на Міжнародным конкурсе мастацтваў “Grodno Star”. Узорны харавы калектыў “Праменьчык” удастоены дыплома I ступені ў V Міжнародным вакальна-харавым фестывалі-конкурсе “Песні, апаленыя вайной”. А ўзорны харэаграфічны ансамбль “Крутагорачка” перамог у рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Pro движение” i ў ІХ Міжнародным фестывалі-конкурсе мастацтваў “TALENT time SPRING-2024”. Дыплом Гранпры Міжнароднага конкурсу інструментальнага выканальніцтва “Музычны світанак” (г. Масква) стаў фінальным дасягненнем конкурснай дзейнасці навучальнага года другакласніка-цымбаліста Яраслава Мельнікава.
Дзяржынская ДШМ — цэнтр рэгіянальнага метадычнага аб’яднання, у які ўваходзяць дзіцячыя школы мастацтваў Дзяржынскага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага і Мінскага раёнаў. На яе базе праводзяцца рэгіянальныя туры конкурсаў і фестываляў, метадычныя семінары, творчыя сустрэчы з вядучымі дзеячамі культуры рэспублікі.
Да прыкладу, сёлета дзесяцігоддзе адзначыў адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс патрыятычнай песні “Крутагорскiя зарніцы”, асноўная ідэя якога — патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі праз вакальна-песенную творчасць.
Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс інструментальнай беларускай музыкі “Дзяржынскі куфэрак” рэалізуецца ў рамках праекта “Беларуская музычная спадчына — дзецям”. Дырэктар школы Ірыны Касцюк упэўнена: праз яго ўдаецца не толькі выяўляць таленавітых навучэнцаў, але і папулярызаваць творчасць сучасных айчынных кампазітараў і далучаць хлопчыкаў і дзяўчынак да найлепшых традыцый беларускай прафесійнай музычнай культуры.
Трыццаць пяць гадоў працуе ў школе настаўнік мастацкага аддзялення Уладзімір Шчарбін, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, член Міжнароднай асамблеі дзіцячай творчасці, Ганаровы жыхар Дзяржынска. Створаная ім “Школа ранняга развіцця” для дзяцей 4-гадовага ўзросту заваявала 15 узнагарод міжнароднага ўзроўню. Уладзімір Іванавіч — аўтар шматлікіх праектаў i кніг. Шматгадовая плённая праца педагога адзначана Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і інш. За выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа ў 2011-м Уладзімір Шчарбін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Уладзімір Шчарбін з вучнямі
Дзяржынская ДШМ вылучаецца тым, што большая частка педагагічнага складу — яе былыя вучні, якія захоўваюць і памнажаюць традыцыі роднай установы. Сярод іх — Уладзімір Хаменка, адзін з першых выпускнікоў духавога аддзялення. Ён усё жыццё прапрацаваў у сваёй школе і падрыхтаваў шмат навучэнцаў для далейшага паступлення ў ССНУ і ВНУ, кіраваў духавымі калектывамі горада.
Піяністка Вольга Палітанская пасля вучобы ў Дзяржынскай ДШМ скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. Агінскага, БДАМ і там жа — магістратуру і аспірантуру; кандыдат мастацтвазнаўства. Зараз — дацэнт кафедры музычнапедагагічнай адукацыі БДПУ. З’яўляецца старшынёй і членам журы розных фестываляў і конкурсаў, а таксама аўтарам фестывалю-конкурсу беларускай музыкі “Дзяржынскі куфэрак”.
Дзяржынскую школу мастацтваў з 2021 года ўзначальвае яе выпускніца-скрыпачка Ірына Касцюк. Яе прыступкі музычнай адукацыі — Баранавіцкае музычнае вучылішча і БДУКМ. Будучы студэнткай, працавала ў Негарэльскай ДШМ, што стала карысным досведам для будучага кіраўніка.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў Ірыны Уладзіміраўны была магчымасць застацца ў сталіцы — іграць у аркестры. Але яна зрабіла выбар на карысць роднага Дзяржынска. Таленавітага педагога ДШМ заўважылі, і хутка яе прызначылі на пасаду дырэктара. Па словах калег, іх кіраўніца — нястомны генератар ідэй, рэалізацыя якіх робіць дзейнасць вялікага калектыву не толькі эфектыўнай, але і цікавай. Ірына Касцюк шмат часу прысвячае творчасці: яна ўдзельніца заслужанага аматарскага калектыву “Пастараль” і заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі “Спадчына”.
— Для педкалектыву наша школа — больш чым проста навучальная ўстанова. Гэтае месца аб’ядноўвае сяброў і аднадумцаў, тут пануе асаблівая творчая атмасфера, сюды заўсёды хочацца вяртацца. Ганаруся кожным супрацоўнікам, нашымі вучнямі і выпускнікамі! — гаворыць дырэктар.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва ўстановы