Якім чынам неабходна атрымліваць дакументы на вываз культурных каштоўнасцей за межы краіны і што з іх можна, а што нельга вывозіць? Падрабязнасці гэтай адміністратыўнай працэдуры раскрывае загадчык сектара мастацтвазнаўцаўэкспертаў па вывазе культурных каштоўнасцей з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь упраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Глеб Козыраў.
— Дзе і як можна атрымаць дакументы на вываз?
— Вываз з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза культурных каштоўнасцей, уключаных у адзіны пералік тавараў, да якіх прымяняюцца меры нетарыфнага рэгулявання ў гандлі з трэцімі краінамі, ажыццяўляецца пры наяўнасці заключэння (дазвольнага дакумента).
Выдача пісьмовых апавяшчэнняў аб тым, што заключэнне (дазвольны дакумент) не патрабуецца ў дачыненні да культурных каштоўнасцей, якія не ўключаныя ў адзіны пералік тавараў, ажыццяўляецца Міністэрствам культуры (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11), структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, або ўпаўнаважанымі імі па ўзгадненні з Міністэрствам культуры арганізацыямі культуры.
Пісьмовае апавяшчэнне ў сталіцы і абласцях можна атрымаць па наступных адрасах:
■ г. Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6 (Музей гісторыі горада Мінска (археалагічны музей);
■ г. Брэст, вул. К. Маркса, 60 (Брэсцкі абласны краязнаўчы музей);
■ г. Віцебск, вул. Леніна, 36 (Віцебскі абласны краязнаўчы музей (гарадская ратуша);
■ г. Гомель, пл. Леніна, 4 (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль);
■ г. Гродна, вул. Замкавая, 20 (Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей);
■ г. Маладзечна, вул. Партызанская, 3 (Мінскі абласны краязнаўчы музей);
■ г. Магілёў, пл. Славы, 1 (Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава).
Кантактныя звесткі спецыялістаў, а таксама нумары тэлефонаў размешчаныя на сайце Міністэрства культуры (кultura.by) у раздзеле “Адміністрацыйныя працэдуры” на ўкладцы “Упраўленне прафесійнага мастацтва”.
Выдача заключэнняў (дазвольных дакументаў) ажыццяўляецца Міністэрствам культуры, а менавіта сектарам мастацтвазнаўцаў-экспертаў па вывазе культурных каштоўнасцей з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Для атрымання заключэння (дазвольнага дакумента) або пісьмовага паведамлення юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама фізічныя асобы, якія вывозяць культурныя каштоўнасці ў якасці тавараў для асабістага карыстання, прадстаўляюць (за выключэннем вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцей і вырабу пашпартоў на струнныя смычковыя інструменты і смыкі):
■ заяву з указаннем інфармацыі аб уласніку культурнай каштоўнасці, аб падставах узнікнення ў яго права ўласнасці на заяўленую да вывазу культурную каштоўнасць, а таксама аб падставах узнікнення ў заяўніка, які не з’яўляецца ўласнікам гэтай культурнай каштоўнасці, права валодання ёй па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры;
■ фатаграфіі найбольш характэрнай праекцыі кожнай культурнай каштоўнасці памерам не менш за 10х15 см у двух экзэмплярах;
■ спіс з апісаннем заяўленых да вывазу культурных каштоўнасцей, фотафіксацыя якіх абцяжараная або немэтазгодная;
■ пры неабходнасці прад’яўляецца заяўленая да вывазу культурная каштоўнасць;
■ дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы.
Фізічныя асобы прад’яўляюць пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу. Пры прадстаўленні копій дакументаў фізічныя асобы абавязаныя прад’явіць арыгіналы або натарыяльна засведчаныя копіі.
— У які тэрмін мусіць быць разгледжаная заява?
— Выдача заключэнняў (дазвольных дакументаў) і пісьмовых апавяшчэнняў ажыццяўляецца не пазней за дзесяць дзён з дня падачы дакументаў, неабходных для атрымання заключэння або пісьмовага паведамлення, а ў выпадку запыту дакументаў і звестак ад іншых дзяржаўных органаў ці іншых арганізацый не пазней за дваццаць дзён. Пісьмовыя апавяшчэнні, пры адсутнасці пытанняў да пададзеных дакументаў і прадстаўленых культурных каштоўнасцей, у большай частцы выдаюцца ў дзень звароту. Дакументы падаюцца ў парадку жывой чаргі.
— У якім памеры і якім чынам неабходна аплаціць дзяржпошліну?
— Дзяржаўная пошліна за выдачу заключэнняў (дазвольных дакументаў) і пісьмовых апавяшчэнняў спаганяецца:
■ пры вывазе ад адной да чатырох культурных каштоўнасцей — 1 базавая велічыня (40 рублёў); ад пяці да дваццаці культурных каштоўнасцей — 1,5 базавай велічыні (60 рублёў); дваццаці адной і больш культурных каштоўнасцей — 3 базавыя велічыні (120 рублёў);
■ аўтару культурных каштоўнасцей: ад адной да чатырох культурных каштоўнасцей — 0,5 базавай велічыні (20 рублёў); пяці і больш культурных каштоўнасцей — 1 базавая велічыня (40 рублёў).
Аплаціць дзяржпошліну можна як у аддзяленнях банкаў, так і з дапамогай сістэмы “Разлік” (АРІП) па рэквізітах.
— Што забаронена да вывазу?
— Дапускаецца толькі часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь пры ўмове абавязковага зваротнага ўвозу ў тэрмін, устаноўлены ў заключэнні (дазвольным дакуменце) культурных каштоўнасцей, якія маюць асаблівае значэнне для гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны краіны і беларускай нацыянальнай культуры, вываз якіх прывядзе да значнага збяднення беларускай нацыянальнай культуры: культурных каштоўнасцей, створаных да 1950 года выдатнымі айчыннымі і замежнымі мастакамі і скульптарамі, жывапісных ікон, створаных да 1900 года на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь, і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаных да 1930 года на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь.
Антон РУДАК