Творчыя сустрэчы, майстар-класы, мультсеансы — у Магілёве праходзіць XXVII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”.
Свята стартавала ў горадзе на Дняпры 25 верасня. Галоўнымі фестывальнымі пляцоўкамі сталі кінатэатры “Радзіма”, “Космас”, “Чырвоная зорка”. Мерапрыемствы ахопліваюць і Дом культуры Шклова, сярэднюю школу № 2 Магілёва, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, кінатэатр “Зорка” ў культурнай сталіцы 2024 года — Бялынічах…
У межах фестывалю ладзяцца тры традыцыйныя конкурсы анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлета з’явілася новая намінацыя — “Найлепшы анімацыйны серыял”. Для ўдзелу ў “Анімаёўцы” заяўлена звыш 300 карцін амаль з паўсотні краін.
Жыхары і госці Магілёўшчыны знаёмяцца са свежымі набыткамі айчынных і сусветных аўтараў. У афішы — паказы стужак у рамках фестывальных і конкурсных праграм. Асобна прадэманструюць найлепшыя анімацыйныя работы.
З аншлагам таксама праходзяць творчыя сустрэчы і майстар-класы. Сярод спікераў і настаўнікаў — рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, леташняя пераможца ў намінацыі “Найлепшы беларускі анімацыйны фільм” (стужка “Класікі і шахматы”) Наталля Касцючэнка, рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, загадчык кафедры анімацыі і мультымедыя Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, член Саюза кінематаграфістаў, Гільдыі кінарэжысёраў Расіі, Асацыяцыі кінаадукацыі і медыяпедагогікі, прызёр міжнародных фестываляў Сяргей Струсоўскі. Гледачы сустрэліся і з іншымі знакамітымі гасцямі: у Магілёў завіталі спявачка Юлія Зунікава і гукарэжысёр, саўнддызайнер, акцёр Барыс Кутневіч, якія падарылі галасы Машы і Мядзведзю з папулярнага анімацыйнага серыяла.
Упершыню ў гісторыі фэсту зладжана серыя майстар-класаў па анімацыі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
Што яшчэ тоіць афіша “Анімаёўкі-2024” і які мультфільм абяруць пераможцам? Вынікі фестывалю абвесцяць на ўрачыстым закрыцці 27 верасня. Падрабязнасці — у наступным нумары газеты і Telegram-канале “Культура і Мастацтва”.