Агульны культурны код — агульныя перспектывы

Дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам культуры Анатолiем Маркевічам прыняла ўдзел у X Санкт-Пецярбургскім міжнародным форуме аб'яднаных культур, які праходзіў з 11 па 14 верасня ў горадзе на Няве. Асноўная тэма — “Культура XXI стагоддзя: суверэнітэт ці глабалізм?”.

Дзелавая праграма ўключала 10 тэматычных секцый, куратарамі якіх выступілі грамадскія і палітычныя дзеячы, прадстаўнікі сферы мастацтва: “Як мастацтва дапамагае народам адстойваць права на гісторыю?”, “Культурная спадчына: традыцыі і сучаснасць”, “Дзелавая культура” ды іншыя. 

Адбылася шматбаковая дыскусія аб перспектывах міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Разгледжана шырокае кола праблем: ад небяспекі ўніфікацыі самабытных культур да актуальных фарматаў міжнароднага супрацоўніцтва, ад ролі традыцый ва ўмацаванні ўзроўню даверу ў грамадстве да этыкі выкарыстання сучасных тэхналогій у культуры. Абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з фарміраваннем культуры даверу паміж народамі, роллю гістарычнай спадчыны ў аб’яднанні народаў, узаемасувяззю культуры і бізнесу, уцягваннем творчай моладзі ў развіццё крэатыўных індустрыі. 

XXXIX Пасяджэнне савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц краін СНД

Дзелавую частку дапаўняла шырокая культурная праграма. 

МАСТЫ СЯБРОЎСТВА 

У час сустрэчы кіраўнікоў афіцыйных замежных дэлегацый міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч адзначыў: 

— Разумеючы, што культура — тая галоўная сіла, якая пракладае шлях да супрацоўніцтва ў эканоміцы, палітыцы і іншых сферах, мы ўсяляк пашыраем культурную прысутнасць Беларусі на розных кантынентах.

Міжкультурнаму дыялогу садзейнічаюць абменныя дні культуры, фестывалі і двухбаковыя кантакты тэатраў, філармоній, музеяў, бібліятэк і кінастудый нашых краін. 

Сусветны маштаб набыў Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, на які сёлета з’ехаліся больш за сем тысяч артыстаў з 42 дзяржаў. На гэтым форуме мы правялі Дзень нацыянальных культур дзяржаў — членаў ШАС. Дзякую ўсім, хто накіраваў творчыя дэлегацыі ў горад на Дзвіне, падарыўшы дзясяткам тысяч гасцей фестывалю незабыўнае свята! 

Творчую эстафету “Славянскага базару” прыняў тэатральны форум “Белая Вежа” ў Брэсце, дзе паказваюць сваё мастацтва 22 тэатры з краін СНД, дзяржаў Еўропы і Азіі. А 1 лістапада пачне працу XXX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, на які сёлета пададзена рэкордная колькасць заявак — больш за 3400 са 124 краін свету. Сапраўдным мостам сяброўства сталі і Дні культуры Беларусі ў Азербайджане. 

Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што Беларусь гатова падтрымаць новыя творчыя ініцыятывы, такія як прапанаванае Расіяй адраджэнне конкурсу песні “Інтэрбачанне”. Укладам нашай краіны ў скарбонку ідэй стане Мінскі міжнародны маладзёжны культурны форум “Традыцыі — дзеля будучыні”, які пройдзе ў 2025 годзе. 

ГЕАГРАФІЯ СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Санкт-Пецярбургскі форум стаў пляцоўкай для ўмацавання стасункаў, новых знаёмстваў, абмену досведам і ідэямі. Анатолій Маркевіч абмяркоўваў культурнае супрацоўніцтва з афіцыйнымі прадстаўнікамі Азербайджана, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Адбылася размова з Дарадцам Прэзідэнта Рэспублікі Нікарагуа па пытаннях культуры Луісам Энрыке Маралесам Алонса і Дарадцам Пасольства Рэспублікі Куба ў Расіі Маркасам Феліксам Ласо Вільтрэсам. Зацікаўленасць ва ўдзеле Беларусі ў культурных ініцыятывах БРІКС нашаму боку выказаў Прэзідэнт Дзелавога савета БРІКС Вісэнтэ Барыентас. 

Таксама прайшла сустрэча з намеснікам міністра спорту, мастацтва і культуры Рэспублікі Зімбабвэ Эмілі Джысая — дасягнута дамоўленасць аб падпісанні міжведамаснага пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы культуры, якое стане адным са складнікаў шматбаковага ўзаемадзеяння паміж дзвюма дзяржавамі. 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч і міністр культуры Расійскай Федэрацыі Вольга Любімава на адкрыцці выставы "Расія-Беларусь. Скрыжаванне лёсаў"

Перамовы адбыліся і з міністрам культуры Арабскай Рэспублікі Егіпет Ахмедам Фуада Ханна. Вырашылі актуалізаваць дагаворную базу, аднавіць практыку правядзення абменных Дзён культуры, пашыраць супрацоўніцтва ў галіне захавання культурнай спадчыны, у тым ліку на пляцоўках міжнародных форумаў. 

СУМЕСНЫ ПАДАРУНАК 

У рамках форуму Дзяржаўны Рускі музей сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь урачыста адкрылі выставу “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў”. У экспазіцыйных залах прадстаўлены работы больш як 50 выбітных майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, чыя творчасць стала сусветным набыткам.

На цырымоніі выступілі міністры культуры Расіі і Беларусі Вольга Любімава і Анатолій Маркевіч, а таксама губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў. 

— Летам у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася выстава “Рэпін і вучні” з фондаў Рускага музея, — у прыватнасці сказаў Анатолій Мечыслававіч. — А зараз мы прадстаўляем сумесны творчы падарунак — выставу беларускага і рускага жывапісу ХІХ і ХХ стагоддзяў. 

Экспазіцыю складаюць 300 шэдэўраў з фондаў двух музеяў. Творы адлюстроўваюць наша духоўнае брацтва і пройдзены разам гістарычны і культурны шлях. 

Анатолій Маркевіч выказаў упэўненасць, што праект знойдзе шырокі водгук як у Санкт-Пецярбургу, так і ў Мінску, куды потым адправіцца выстава. 

ГІСТАРЫЧНАЯ ПАМЯЦЬ 

Выступаючы на пасяджэнні XXXIX Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, Анатолій Маркевіч расказаў пра сёлетнія знакавыя мерапрыемствы, скіраваныя на захаванне гістарычнай памяці. 

Міністр адзначыў, што святая для беларусаў дата — 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — стала падзеяй міжнароднага маштабу. Так, у ваенным парадзе і канцэртных праграмах 3 ліпеня прынялі ўдзел прадстаўнікі Азербайджана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Прайшлі сумесныя выставачныя праекты Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і Музея Перамогі на Паклоннай гары, Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра “РАСІЗО” ў Маскве. 

III Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва "Без меж"

Наступны год, па словах Анатолія Маркевіча, увойдзе ў гісторыю Садружнасці Незалежных Дзяржаў пад знакам 80-годдзя нашай агульнай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Міністр запрасіў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі краін СНД да ўдзелу ў канцэртных праграмах, выставах ды іншых імпрэзах, якія зладзяць у нас да знакавай даты. 

— У сваю чаргу, беларускія артысты з задавальненнем паўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах краін СНД. Такія сумесныя творчыя акцыі стануць найлепшым доказам нашай агульнай гістарычнай памяці аб подзвігу савецкага народа і гатоўнасці сёння быць разам у імя будучыні, — заўважыў Анатолій Маркевіч.

ФАКТАРЫ ЯДНАННЯ 

На пасяджэнні міністр распавёў і аб такіх буйных міжнародных праектах, як Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 

— Кожнае з гэтых мерапрыемстваў паказала нашы культурныя сувязі, якія мацнеюць год ад году, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. — Асабліва яркімі і запамінальнымі падзеямі сталі Дзень нацыянальных культур дзяржаў — удзельніц ШАС і сустрэча міністраў культуры “Дыялог культур — фактар яднання народаў краін ШАС”. 

Міністр падзякаваў калегам з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана за сумесную работу на гэтых мерапрыемствах. 

МАСТАЦТВА БЕЗ МЕЖ 

У рамках форуму Анатолій Маркевіч наведаў III Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва “Без меж”, які праходзіць пад эгідай міністэрства культуры Расіі. Свята на манежы Цырка Чынізелі тэматычна было звязана з гісторыяй і абліччам Паўночнай сталіцы. 

Наведала наша дэлегацыя і галаканцэрт “Класіка ў Палацы”, які прайшоў у Пецяргофе. У канцэртнай праграме ўдзельнічалі найлепшыя артысты з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Бурнымі апладысментамі сустрэла публіка выступленне салістаў нашага Вялікага тэатра — заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Людмілу Хітрову і вядучага майстра сцэны Канстанціна Белахвосціка, якія выканалі “Раманс” Г. Свірыдава (харэаграфія І. Колба). 

ПАЗЛ — У МАЗАІКУ 

У форуме паўдзельнічалі і кіраўнікі нашых вядучых устаноў культуры. Так, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава выступіла з дакладам у па- нэльнай дыскусіі на тэму “Краіны СНД — шляхі збліжэння”. Гаворка ішла аб сумесных з Расіяй ды іншымі дзяржавамі праектах. Кацярына Дулава прапанавала арганізаваць міжнародны фестываль музычных тэатраў краін СНД, абапіраючыся на вопыт правядзення на базе Вялікага тэатра Беларусі ўсесаюзных конкурсаў і фестываляў у 1970— 1980-я. 

Мадэратар мерапрыемства, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве, сустаршыня Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД Міхаіл Швыдкой падтрымаў ідэю і выказаў гатоўнасць пачаць работу ў гэтым напрамку. 

Галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб выступіў у якасці спікера на панэльнай дыскусіі па тэме “Музычны тэатр у XXI стагоддзі”. 

Таксама Кацярына Дулава і Андрэй Папоў (мастацкі кіраўнік, выконваючы абавязкі дырэктара Чувашскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета “Волга Опера”) падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Дакумент прадугледжвае арганізацыю гастрольнай дзейнасці, абмен салістамі і выканальніцкімі калектывамі, ажыццяўленне сумесных пастановак. Першай ластаўкай супрацоўніцтва стане ўдзел трупы “Волга Опера” ў Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме. У снежні тэатр з Чабаксараў прадставіць у Мінску лічбавую касмічную оперу Р. Сагдзіева “Галоўнае пытанне”.

Святлана ЧЭКАЛАВА