Адна з найбуйнейшых парадных рэзідэнцый XVII—XVIII стагоддзяў — Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў — карпатліва аднаўляецца з 2008-га. І зроблена ўжо шмат. З любоўю і клопатам, грунтоўна.
Да пачатку рэстаўрацыі палац уяўляў з сябе маляўнічыя руіны: паўплывалі войны ды няўмольны час. Толькі ў перыяд суверэнітэту нашай краіны ўнікальны комплекс быў афіцыйна аднесены да знакавых нерухомых матэрыяльных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пачалося яго адраджэнне.
У 2022-м з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва былі выдзелены сродкі для завяршэння рэстаўрацыйных работ на паўночна-ўсходняй аркадзе палаца. З мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў з 2012-га на аб’ект накіравалі 5,5 мільёна рублёў. Комплекс уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2024 год. Гэта значыць, што неўзабаве адноўлены палацавы ансамбль у Ружанах ізноў заззяе ва ўсёй красе як адзін з велічных помнікаў беларускай дзяржаўнасці і слаўнай гісторыі. Але ўжо сёння вынікі працы навідавоку.
Дырэктар установы “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў” Алена Кубарка падкрэсліла, што за восем месяцаў бягучага года тут прынялі амаль 30 тысяч наведвальнікаў і зарабілі каля 162 тысяч рублёў. Для параўнання: за ўвесь 2023-і зароблена 176 тысяч рублёў. Аналагічная колькасць гасцей сабралася толькі па выніках трох кварталаў.
Акрамя ўласна музейных імпрэз, тут традыцыйна праводзяць брэндавае мерапрыемства “Ружанская брама”, раённы і абласны этапы рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”. У 2019-м палац прымаў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”, сёлета — 20-ы культурна-спартыўны фестываль “Вытокі”.