19 верасня 2023 года прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №608 “Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”. З таго часу прайшоў амаль год, але ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працягваюць паступаць пытанні, звязаныя з практычным прымяненнем заканадаўства. У складанай тэме разбіраемся разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Кацярынай Усавай.
У 2022 годзе ў Кодэкс Беларусі аб культуры былі ўнесены змяненні, якія пашырылі патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Каб палепшыць работу ў гэтым напрамку і абараніць грамадзян ад нядобрасумленных арганізатараў, 19 верасня 2023 года прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №608 “Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”. Яна ўнесла змены ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусьад 22 чэрвеня2022 года №401 “Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў”. Асноўная мэта дакумента — упарадкаваць дзейнасць арганізатараў і павысіць якасць іх паслуг.
Кацярына Усава
З таго часу прайшоў амаль год, але ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працягваюць паступаць пытанні, звязаныя з практычным прымяненнем заканадаўства. У складанай тэме разбіраемся разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Кацярынай Усавай.
— Так, тэма па-ранейшаму на парадку дня, — пацвярджае Кацярына Валер’еўна. — І ёй надаецца дастатковая ўвага. Цяпер, у прыватнасці, распрацоўваюцца новыя нарматыўныя прававыя акты. Некаторыя ўжо знаходзяцца на ўзгадненні ва ўрадзе. Гэтая дзейнасць павінна быць і будзе структураваная, стане яшчэ больш зразумелай і празрыстай, што важна для грамадзян: мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб паслугі ў сферы культурна-відовішчных мерапрыемстваў аказваліся якасна, своечасова і адпавядалі высокаму культурнаму ўзроўню.
— Што патрэбна, каб юрыдычная асоба магла на законных падставах праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы?
— Перш за ўсё, неабходна быць уключаным у рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Рэспубліканская экспертная камісія па фарміраванні і вядзенні рэестра, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства культуры і іншыя зацікаўленыя спецыялісты, разглядае ва ўстаноўленым парадку прадстаўлены пакет дакументаў і прымае рашэнне або аб уключэнні суб’екта гаспадарання ў рэестр, або аб адмове ў гэтым. Больш падрабязна, якія дакументы неабходныя і як праводзіцца ўся працэдура, можна прачытаць на сайце Міністэрства культуры ва ўкладцы “Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў”.
Пры станоўчым адказе арганізатар уключаецца ў рэестр, даныя публікуюцца на сайце Міністэрства культуры.
Аб любым прынятым рашэнні заяўніку паведамляецца ў пісьмовым выглядзе.
— Уключэнне ў рэестр — адзіная адміністрацыйная працэдура, прайшоўшы якую можна прыступаць да працы?
— У адпаведнасці з артыкулам 214 Кодэкса Беларусі аб культуры для арганізацыі культурна-відовішчнага мерапрыемства яго арганізатар абавязаны атрымаць спецыяльны дазвол — пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Працэдуру ажыццяўляюць мясцовыя органы выканаўчай улады тэрытарыяльнага ўзроўню (у сталіцы — Мінгарвыканкам, у рэгіёнах — абласныя выканаўчыя камітэты). У якасці ўпаўнаважанага структурнага падраздзялення выступаюць адпаведныя ўпраўленні культуры.
Для праходжання гэтай працэдуры таксама падаецца адпаведны пакет дакументаў з указаннем назвы, часу і месца правядзення канкрэтнага мерапрыемства, з яго праграмай і пералікам артыстаў. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”, дакументы па-даюцца па заяўным прынцыпе ў службу “Адно акно” ў Мінгарвыканкаме або ў аблвыканкаме па месцы правядзення мерапрыемства — акцэнтую на гэтым увагу!
Раю пачынаць праходзіць гэты этап загадзя, бо ён патрабуе дастаткова часу. Асабліва калі мерапрыемства плануецца на навагоднія і іншыя святы або ў сувязі з падзеямі, якія традыцыйна ахопліваюць усю краіну, — напрыклад, з заканчэннем навучальнага года і выпускнымі вечарамі ва ўстановах адукацыі.
— З якімі пытаннямі заяўнікі часцей за ўсё звяртаюцца ў Міністэрства культуры наконт арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў?
— Часта пытаюцца аб фарміраванні пакета дакументаў, якія трэба прадставіць для ўключэння ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, а таксама просяць растлумачыць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да арганізатараў мерапрыемстваў.
— Напрыклад?
— Цяпер заканадаўча замацавана, што асноўным відам дзейнасці для арганізатараў павінна з’яўляцца дзейнасць па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Гэта значыць, што ніякая іншая дзейнасць не можа быць асноўнай, у тым ліку дзейнасць у сферы грамадскага харчавання ці турызму. Да ўступлення ў сілу ў 2022 годзе названай пастановы ўрада было інакш: магчымасць праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы мелі клубы, рэстараны, аграсядзібы і да т.п.
Наступная вялікая частка найбольш часта задаваных пытанняў датычыцца вопыту работы ў гэтым напрамку. Цяпер патрабаванні прад’яўляюцца або да заснавальніка — асобы, якая ўзначальвае юрыдычную асобу, — або да наёмнага спецыяліста, які працуе ў структуры гэтай юрыдычнай асобы. Згодна з заканадаўствам, для ўдзелу ў арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў патрабуецца мінімум тры гады досведу працы ў гэтай сферы. Гэты стаж можа ўключаць не толькі працоўную дзейнасць у дадзенай юрыдычнай асобе, але і час, калі чалавек атрымліваў адпаведную адукацыю або займаўся падобнай працай раней. Улічваюцца назапашаны досвед і атрыманыя кваліфікацыі. Але ўсе факты павінны быць пацверджаны — дыпломамі, копіямі адпаведных дагавораў, фатаграфіямі ды іншым.
— Як можна атрымаць дадатковыя кансультацыі па пытаннях уключэння ў рэестр?
— Можна звярнуцца пісьмова альбо патэлефанаваць па нумары 8(017)204 86 09 у працоўныя дні з 8:00 да 12:00; з 13:00 да 17:00 (панядзелак, аўторак, серада, пятніца); з 8:00 да 20:00 (чацвер). Падчас асабістых гутарак і па тэлефоне мы стараемся максімальнапоўна адказваць на пытанні, а таксама пісьмова інфармуем грамадзян аб ходзе разгляду іх заяў. Наша задача — забяспечыць празрыстасць працэсу і падтрымаць арганізатараў на ўсіх этапах, каб яны маглі паспяхова рэалізаваць свае праекты і ўнесці дастойны ўклад у развіццё культуры.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА