Яшчэ колькі гадоў таму лёс капліцы- пахавальні Ажэшкаў у вёсцы Закозель выклікаў не абы-якую трывогу. Камерны шэдэўр неаготыкі раставаў літаральна на вачах. Сёння турбавацца пра “палескі Нотр-Дам” ужо не выпадае, бо ён у надзейных руках рэстаўратараў. Можа, нейкі скептык з’едліва скажа: “Акурат гэта і непакоіць”. Ды, пабываўшы на аб’екце, наўрад ці знойдзе нагоды для крытыкі.
Вітражы дазволяць ляпніне "зайграць" усімі колерамі.
Рэстаўрацыя капліцы няўхільна блізіцца да фіналу. Як паведаміла начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Іна Праневіч (а згаданы аддзел — паў-навартасны гаспадар “палескага Нотр-Дама”), згодна з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, працы павінны завяршыцца да канца 2025 года. І сёння няма падстаў сумнявацца, што гэтыя тэрміны давядзецца адсоўваць.
У Закозелі працэс ідзе няспешна, без мітусні, удумліва, крок за крокам — але натхнёна і, галоўнае, несупынна. Вынікі ўжо навідавоку, і яны проста не могуць не радаваць.
БЕЗ ГАСПАДАРА
Заклаўшы ў 1839 годзе капліцу, немалады ўжо шляхціц Нікадзім Ажэшка разлічваў, што праз вякі яна будзе данінай памяці продкам і сведчаннем велічы роду. На пачатку ўсё ішло паводле плана. Сын Калікст храм дабудаваў і перапахаваў там бацьку.
Аднак далей лёс зрабіў круты піруэт. Неўзабаве Ажэшкі пакінулі гэтыя мясціны — хто вымушана, а хто па сваёй волі. Царскія ўлады закрылі капліцу.
Гісторыя яе драматычная і досыць нетыповая. Амаль усе 175 гадоў будынак прастаяў пад замком, без гаспадара.
З аднаго боку, пачэснае прызначэнне для пахавальні ўсё ніяк не знаходзілася (ладзіць імшу там то забаранялі, то… проста вернікаў каталіцкіх не было). З другога — знесці, перабудаваць або ператварыць у склад угнаенняў такі прыгажэзны гатычны храм ні ў кога не падымалася рука.
Натуральна, доўгі прастой ды адсутнасць гаспадара дадалі клопатаў цяперашнім рэстаўратарам: калі будынак не выкарыстоўваецца, ён “псуецца” значна хутчэй. Хаця ёсць і станоўчы аспект: і сам вобраз помніка, і шмат якія аўтэнтычныя дэталі захаваліся некранутымі да нашага часу.
На жаль, не ўсе. Святое месца не раз прыцягвала “раскрадальнікаў грабніц”. Яшчэ ў Першую сусветную немцы здзерлі медзяны дах, вывезлі чыгунныя хоры ды многае іншае. Пасля апошняй вайны зніклі саркафагі, у тым ліку і Нікадзіма Ажэшкі. А вось усталяваным на фасадах статуям апосталаў, кажуць, прырабілі ногі ўжо ў 1970-я.
На шчасце, чыгунныя гербы Ажэшкаў і Хржаноўскіх — з другога роду паходзіла жонка Нікадзіма — здзерці з фасада зладзеям не ўдалося. Можа, з той прычыны, што кожны такі каваны медальён важыць больш за цэнтнер. Вось і рэстаўратары (ужо ў наш час) не сталі іх здымаць, а проста пачысцілі адмысловымі саставамі. Цяпер гербы і сапраўды як новыя, хаця ім 175 гадоў.
Адсутныя элементы спецыялісты вырашылі аднавіць — уключаючы тыя, што былі страчаны вельмі даў-но. Інжынер Сяргей Крук, які апякуецца рэстаўрацыяй капліцы, з упэўненасцю сцвярджае: зусім хутка мы ўбачым пахавальню ў выглядзе, максімальна набліжаным да задумы архітэктара. Гэта ў нашых варунках не такая ўжо частая магчымасць.
ШЛЯХЕТНАСЦЬ МЕДЗІ
Адноўлена ўжо вельмі шмат. Скажам, дах. Ён зроблены з таго матэрыялу, што і першапачаткова, — з медзі. Гэта копія, вывераная паводле іконаграфічных крыніц ХІХ стагоддзя. Арыгінал быў страчаны больш за век таму.
Адноўленая прыгажосць гатычнага даху. Герб на фасадзе — аўтэнтычны.
Калі капліца ў Першую сусветную пазбавілася даху, руйнаванне значна паскорылася. Ужо ў міжваенную пару новы ўласнік Закозеля Караль Талочка накрыў будынак — праўда, бляхай. Але да нашага часу той дах дайшоў у лядашчым стане: як-ніяк, помнік чакала яшчэ шмат гадоў запусцення.
Як распавядае Сяргей Крук, першым этапам рэстаўрацыі стаў менавіта дэмантаж старога даху. Гэта запатрабавала нямала высілкаў. Затым паслядоўна аднавілі скляпенні, кроквы — і ўрэшце ўсталявалі новы дах.
Я займеў унікальную магчымасць памацаць яго, асцярожна падняўшыся на пяціпавярховыя рыштаванні. Як падаецца, свежае медзяное пакрыццё не толькі адпавядае арыгіналу — такі матэрыял яшчэ і выглядае шляхетна. А паціна, якая з’явіцца з цягам часу, будзе толькі ствараць флёр даўніны.
Зблізку міжволі адзначаеш: зроблена ўсё дыхтоўна, без разліку, што на вышыні 20 метраў дробныя агрэхі ніхто не ўбачыць. Такая датклівая ўвага да дэталей наогул уласцівая гэтым рэстаўрацыйным працам. Прыкладам, чыгунныя ківоты, у якіх раней знаходзіліся згаданыя статуі евангелістаў, знялі са сцен, перабралі, аднавілі страчаныя элементы, а затым усталявалі на ранейшыя месцы.
Але найбольш уражвае, вядома, стромкі шпіль, які красуе па-над наваколлем. Ён, як распавёў Сяргей Крук, у свой час нарабіў рэстаўратарам клопатаў.
У пару запусцення шпіль паваліўся і ляжаў на даху паміж вежамі і франтонам. Яшчэ на пачатку прац яго вырашылі апусціць на зямлю, каб прывесці да ладу і потым вярнуць на месца. Ды, як згадвае суразмоўца, атрымалася не з першага разу.
— Справа ўскладнялася тым, што спецтэхніцы вельмі цяжка падабрацца да сцен капліцы, — тлумачыць спецыяліст. — З трох бакоў яе атачаюць каналы, навокал дрэвы… Каб зачапіць шпіль кранам, трэба было пастарацца.
Перад рэстаўратарамі стаяла яшчэ адна немалаважная задача — высушыць сцены. За доўгія гады заняпаду муроўка набрыняла вільгаццю і небяспечнай соллю. Каб ад іх пазбавіцца, выкарыстоўвалі цеплавыя пушкі і вентылятары. Прымянілі і “кансерватыўнае лячэнне”: будынак пакрылі спецыяльнай санацыйнай тынкоўкай, якая выцягвае вільгаць. Сушыцца ён дагэтуль.
УВАГА ДА ДЭТАЛЕЙ
На сёння “хірургічныя” працы ўжо скончаны — скляпенням і будынку ў цэлым нічога не пагражае. Да таго ж спецыялісты “Брэстрэстаўрацыі” зрабілі гідраізаляцыю крыпты — што вельмі істотна, бо вады навокал шмат. Цяпер застаўся толькі “макіяж”.
Капліца мела шыкоўны дэкор як звонку, так і ўнутры. Сёе-тое захавалася і да нашага часу — напрыклад, звыклыя для выкшталцонай готыкі нервюрныя “прожылкі” на скляпенні. Як тлумачыць Сяргей Крук, канструктыўнай функцыі яны не маюць — гэта ж не сярэднявечны храм. Але належны антураж тая “павуцінка” стварае на ўсе сто.
Элементы дэкору чакаюць усталявання на сцены.
Па словах суразмоўцы, працуючы з ляпнінай, рэстаўратары ставілі за мэту зберагчы ўсё, што магчыма. Хаця часам трывалыя, здавалася б, фрагменты сыпаліся ад першага ж дотыку. Іх даводзілася замяняць на копіі. А дэталі, страчаныя даўно, аднаўляліся брэсцкімі скульптарамі і керамістамі паводле прынцыпу аналогіі.
На фасадах уся ляпніна ўжо замацавана. Давялося паназіраць, як маляры стараннымі рухамі маленькіх пэндзлікаў дафарбоўвалі яе ў снежна-белы колер. А вось у інтэр’ерах працэс яшчэ ідзе поўным ходам. Адлітыя ў майстэрні паасобныя дэталі адна за адной усталёўваюцца на сцены — і ў выніку складаюцца ў цэласныя ды гарманічныя ўзоры.
СВАІМІ СІЛАМІ
Паралельна з ляпнінай аднаўлялі вітражы. Яны — своеасаблівая разынка ад архітэктара Францішка Яшчалда. Справа ў тым, што колеравая гама ў кожным акне была ўнікальная. Як мяркуе Сяргей Крук, дойлід “ішоў услед за сонцам”, імкнучыся максімальна выкарыстаць гульню святла ў залежнасці ад часу дня.
Аднак чалавек, які мог бачыць тыя вітражы, сёння дакладна ўжо не жыве. Яшчэ ў Першую сусветную немцы дзеля забавы стралялі па іх. Потым і мясцовыя вандалы далучыліся. Як жа тады аднавіць аўтэнтыку?
Сяргей Крук тлумачыць: рэстаўратары вышуквалі драбнічкі шкла, што ўсё ж засталіся ў ячэйках чыгунных ажурных кратаў, ледзь не пад мікраскопам вызначалі колер і такім чынам паступова аднаўлялі сабраны архітэктарам “пазл”.
Шклом займаліся брэсцкія майстры. А вось адсутныя элементы ажурных рам былі адліты на драгічынскім трактарарамонтным заводзе. Як кажа Сяргей Крук, гэта свядомая палітыка замоўцы — рабіць усё, што магчыма, сваімі сіламі. І, дарэчы, атрымалася вельмі няблага: адноўленыя элементы вонкава не адрозніш ад аўтэнтычных. Па словах рэстаўратара, копіі нават збольшага адпавядаюць арыгіналу па вазе.
Сяргей Крук такую палітыку раённых улад разумее. Пагатоў ён і сам з Драгічына. Капліцу ўпершыню ўбачыў не так і даўно — гадоў шэсць таму. Ды адразу, што называецца, прыкіпеў. Стаў па драбніцах шукаць пра яе інфармацыю — у кнігах, архівах, сярод мясцовых…
І зараз адмысловец можа гадзінамі захапляльна распавядаць пра Ажэшкаў (ён ведае імёны ўжо больш як сотні прадстаўнікоў роду, звязаных з Палессем!), пра архітэктараў Яшчалдаў, якія былі піянерамі неаготыкі на беларускіх землях, пра расійскую арыстакратку Бобрынскую, што яшчэ ў 1900 годзе запаліла ў Закозелі электрычную лямпачку…
У цяперашняй рэстаўрацыі Сяргей Антонавіч удзельнічае ледзь не на валанцёрскіх пачатках — у вольны ад працоўных абавязкаў час. У тым, што іх хапае, сумнявацца не выпадае: пасада вядучага інжынера мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” прадугле-джвае шмат клопатаў і адказнасці. Але час ды імпэт усё адно нязменна знаходзяцца.
— Ну як яе можна не любіць! — прамаўляе Сяргей Крук, пазіраючы на гатычную капліцу з замілаваннем, быццам на ўласнае дзіця.
“ВІШАНЬКА” ДЛЯ РАЁНА
У гісторыі гэтай рэстаўрацыі ёсць і яшчэ адзін немалаважны нюанс. Рухавіком усіх змен сталі менавіта мясцовыя ўлады — Драгічынскі райвыканкам.
Калі заходзіць гутарка пра занядбаныя помнікі спадчыны, прадстаўнікі раённых адміністрацый часам разводзяць рукамі: маўляў, што мы можам зрабіць без дапамогі звонку? А вось на Драгічыншчыне — гэта далёка не самы вялікі і заможны край — не пабаяліся ды “ўступілі ў бой” сваімі сіламі.
Рэстаўрацыю капліцы пачалі менавіта за сродкі мясцовага бюджэту. Сумы не касмічныя: гадавыя траншы вымяраюцца сотнямі тысяч рублёў. Але пры ўдумлівым асваенні гэтага хапае, каб працы ішлі несупынна і планамерна.
Зразумела, добрая ініцыятыва раённых улад была заўважана на высокім узроўні. Грошы пачалі паступаць і з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Капліца пакуль у рыштаваннях.
Капліца ў Закозелі даўно мела статус аднаго з сімвалаў Драгічыншчыны — разам са знакамітым бездзежскім фартушком. А пасля рэстаўрацыі пахавальня стане візітоўкай краю, тым эфектным вобразам, які выклікае трывалыя асацыяцыі і з раёнам, і з людзьмі, што ў ім жывуць.
Зразумела, на такую “вішаньку” не шкада патраціць грошы ды высілкі.
Што ж будзе ў капліцы пасля таго, як працы скончацца? Самы лагічны адказ тут не пасуе. Зноў стаць пахавальняй будынку, пэўна, не наканавана, ды і католікаў у ваколіцах амаль няма.
Як распавяла Іна Праневіч, у гістарычным будынку размесціцца невялікі музей, дзе турыст зможа дазнацца гісторыю архітэктурнага помніка, роду Ажэшкаў і, вядома, Закозеля, а таксама ацаніць шыкоўныя інтэр’еры. Дарэчы, некаторыя цікавыя артэфакты — як, напрыклад, фрагменты слуцкага пояса — выяўлены тут жа, пры раскопках у крыпце.
Аднак экспазіцыя будзе халоднай, што абмяжоўвае час яе камфортнага наведвання. Ды праблема вытлумачальная: падвесці да гатычнага помніка ацяпленне, не парушыўшы аўтэнтыку, тэхнічна вельмі складана.
Зразумела, аддзел культуры ўжо прадумвае разнастайныя імпрэзы — як унутры, так і на панадворку. І сапраўды, такой самавітай пляцоўцы іншыя могуць толькі пазайздросціць. Культурныя падзеі і цяпер больш-менш рэгулярна там адбываюцца — яшчэ да завяршэння рэстаўрацыі. Абавязковы пункт праграмы — захапляльныя экскурсіі Сяргея Крука.
Як я пераканаўся, турысты едуць да капліцы нават сёння, калі яна схавана пад рыштаваннямі. Што ж здарыцца, калі будынак паўстане ва ўсёй красе? Гэта прадказаць няцяжка — на прыкладзе іншых адрэстаўраваных помнікаў спадчыны. У Закозель пацягнуцца падарожнікі — аматары хараства і новых уражанняў. Людзі будуць рабіць незлічоныя сэлфі і, вядома, вясельныя фотасесіі.
Адрэагуюць і тураператары: у іх з’явіцца дадатковы стымул ствараць палескія маршруты, не забываючыся на фартушкі і мотальскія прысмакі. Выкшталцоная готыка — кантрасны дадатак да каларыту народнай культуры.
А раённае кіраўніцтва, без сумневу, будзе вазіць да капліцы ўсіх пачэсных гасцей (патрэбная ж культурная праграма). Ды з гонарам распавядаць: гэта мы, драгічынцы, аднавілі…
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара