Дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам культуры Анатолiем Маркевічам прымае ўдзел у X Санкт-Пецярбургскім міжнародным форуме аб'яднаных культур, які пачаўся ўчора ў горадзе на Няве. Асноўная тэма форуму — «Культура XXI стагоддзя: суверэнітэт ці глабалізм?».
Дзелавая праграма ўключае дзесяць тэматычных секцый, куратарамі якіх выступілі грамадскія і палітычныя дзеячы, прадстаўнікі сферы мастацтва: «Як мастацтва дапамагае народам адстойваць права на гісторыю?», «Штучны інтэлект і нацыянальны суверэнітэт», «Культурная спадчына: традыцыі і сучаснасць», «Дзелавая культура», «Медыйная культура», «Кіна», «Музыка», «Цырк», «Музеі».
Запланавана шматбаковая дыскусія аб перспектывах міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Праграма пабудавана так, каб кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, адказныя за правядзенне культурнай палітыкі, а таксама дзеячы культуры розных краін адкрыта абмеркавалі тэмы, якія маюць агульны інтарэс. А тэмы ахопліваюць шырокае кола праблем: ад небяспекі уніфікацыі самабытных культур да актуальных фарматаў міжнароднага супрацоўніцтва, ад ролі традыцый ва ўмацаванні ўзроўню даверу ў грамадстве да этыкі выкарыстання сучасных тэхналогій у культуры.
Дзелавую праграму дапаўняе шырокая культурная. Усяго запланавана больш за 250 мерапрыемстваў.
Форум працягнецца па 14 верасня.