Надзённыя пытанні сістэмы адукацыі і планы на новы навучальны год: традыцыйны педагагічны форум у сферы культуры адбыўся 30 жніўня.
Кіраўнікі і настаўнікі ўстаноў адукацыі нашай галіны з розных куткоў краіны сабраліся ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел выдатныя артысты і творчыя калектывы Беларусі. Сярод іх заслужаная артыстка Ірына Дарафеева, заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Данііл Мышкавец, саліст Вялікага тэатра Іосіф Нікіценка.
З натхняльнай прамовай да ўдзельнікаў форуму звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч.
— Жнівеньская канферэнцыя мае асаблівае значэнне ў жыцці кожнага з нас, — падкрэсліў Анатолій Мечыслававіч. — Кажуць, што чалавечае шчасце знаходзіцца на трох слупах: любімая праца, сям’я і краіна. І першым крокам на шляху да спазнання каштоўнасцей з’яўляецца якасная адукацыя, накіраваная на развіццё нацыянальнай эканомікі і рашэнне важных задач сацыяльнай сферы. Вось і наш сённяшні маштабны форум закліканы прааналізаваць пройдзены шлях, каб убачыць праблемныя палі і намеціць амбіцыйныя і ў той жа час дасягальныя задачы па развіцці. Прыярытэтамі беларускай адукацыі сёння з’яўляюцца даступнасць, роўнасць, падтрымка таленавітай моладзі і павышэнне прэстыжу тых, хто носіць гордае званне “настаўнік”.
За “шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у справу навучання і эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення” былі ўзнагароджаны найлепшыя педагогі і кіраўнікі калектываў. Нагрудныя знакі, ганаровыя граматы і падзякі атрымалі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы з розных рэгіёнаў.
Пра галоўныя дасягненні мінулага навучальнага года і актуальныя надзённыя пытанні расказала начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. Па яе словах, навучанне ў нашай краіне стала яшчэ больш прывабным. Пра гэта сведчаць кантрольныя лічбы прыёму і рост конкурсу на асобныя спецыяльнасці. Што да бюджэтных месцаў, то іх колькасць у ВНУ і каледжах таксама павялічылася. А гэта значыць, што сфера атрымае больш маладых спецыялістаў.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства былі зладжаны дзве выставы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня ведаў
Як было адзначана ў дакладзе, сёння працягваецца праца па абнаўленні праграм вышэйшай адукацыі. Распрацаваны новыя навучальна-метадычныя комплексы і графікі паэтапнай мадэрнізацыі плана для сярэдне-спецыяльнай адукацыі. З поспехам рэалізаваны шэраг льгот для абітурыентаў, а таксама прысвоена мноства імянных стыпендый.
Важнай задачай для ўстаноў адукацыі з’яўляецца распрацоўка і правядзенне брэндавых мерапрыемстваў, накіраваных на станаўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў. Так, з мэтай фарміравання патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцей напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паўсюдна арганізоўваліся паездкі да мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і партызанскай славы, пахаванняў ахвяр генацыду. Моладзь актыўна ўдзельнічала ў маштабных флэшмобах, харавых акцыях і мастацкіх конкурсах.
У перспектыве, як заўважыла Марына Юркевіч, пытанню творчага развіцця юных талентаў Беларусі будзе ўдзяляцца яшчэ больш увагі. “Функцыя дзяржавы — даць моладзі жыццёвы трамплін”, — словы Прэзідэнта, якія штодзень ажыццяўляюцца дзякуючы сістэме падтрымкі моладзі ў сферы культуры.
Сярод актуальных пытанняў нашай галіны па-ранейшаму адным з галоўных з’яўляецца патрэба ў кадрах. — Пры ўсіх намаганнях у нас пакуль застаецца невычэрпным рэзерв па паказчыку мэтавай падрыхтоўкі, — распавяла Марына Юркевіч. — У сувязі з гэтым будзе ўдасканалена прафарыентацыйная дзейнасць і распрацавана дарожная карта па прыцягненні большай колькасці “мэтавікоў”. У кожнай установе будуць створаны квоты для гэтай катэгорыі. Абсалютна ўсе — пачынаючы ад дзіцячай школы мастацтваў да заказчыкаў кадраў — павінны быць зацікаўлены ў тым, каб сфера не адчувала дэфіцыту кадраў.
Падводзячы вынік, Марына Юркевіч пазначыла, што мінулы навучальны год можна лічыць прадуктыўным, паспяховым, рэзультатыўным, насычаным. І запэўніла, што разам можна справіцца з любымі задачамі.
З асаблівай увагай на форуме паставіліся да маладых спецыялістаў: цырымонія ўшанавання прайшла надзвычай урачыста. Сваімі ўражаннямі падзялілася маладая настаўніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Марыя Кірылава:
— Форум стаў яркім пачаткам навучальнага года. Гэта цудоўная магчымасць для кожнага маладога спецыяліста пачуць каштоўныя словы падтрымкі ад кіраўніцтва Міністэрства культуры.
Форум пачаўся з урачыстага ўскладання кветак да Стэлы “Мінск – горад-герой”
Рэктар Універсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская звярнулася з найлепшымі зычэннямі да тых, для каго гэты навучальны год стане пачаткам кар’еры.
— Няхай ваш педагагічны ўклад не забудзецца выпускнікамі нават праз доўгія гады, — пажадала Наталля Уладзіміраўна. — Зберагайце ўнутры сябе і выхоўвайце ў дзецях пачуццё падзякі да тых, чыя праца нас корміць, тых, хто забяспечвае мірнае неба над галавой, тых, хто здабыў нам незалежнасць і Вялікую Перамогу.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ