У Лошніцкім цэнтры культуры і вольнага часу Барысаўскага РЦНТ зладзілі фотапраект “Прыгажосць вачыма беларусачкі”. Кожны ахвотны мог прымераць нацыянальныя ўборы, азнаёміцца з экспазіцыяй “Беларуская хатка”, акунуцца ў культуру і побыт сялян сярэдзіны ХІХ стагоддзя і паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі.
— Ідэю гэтага невялікага, але цікавага і карыснага праекта я выношвала даўно, — распавядае рэжысёр Лошніцкага цэнтра культуры і вольнага часу Аліна Бабіцкая. — Тэма нацыянальнай культуры цяпер актуальная і запатрабаваная. Папулярныя абрады, вясельныя цырымоніі, праведзеныя згодна з народнымі традыцыямі, а таксама фотасесіі ў беларускіх касцюмах. Гэта выдатна, калі людзі цягнуцца да вытокаў! Але паслугі прафесійных фатографаў нятанныя. І я падумала: а чаму б нам не арганізаваць (вядома ж, бясплатна) такі фотапраект, тым больш што для гэтага ёсць магчымасці? У нашым цэнтры размяшчаецца экспазіцыя “Беларуская хатка”, у якой сабраны розныя прадметы побыту і культуры беларусаў. У нас добрая касцюмерная — ёсць народныя строі і сукенкі. Да таго ж вакол жывапісная прырода, што дазваляе зрабіць шыкоўныя здымкі.
Ясенія Крачкоўская, Ксенія Касцюкевіч, Васіліса Панкавец, Паліна Іванюта
Аліна Юр’еўна запрасіла да ўдзелу ў праекце дзяўчынак, якія займаюцца ва ўстанове. Прадумала вобразы, падабрала строі, аксесуары і атрыбуты для фотасесіі. Вырашыла, якія будуць прычоскі: лёгкія косы з васількамі або са стужкамі, бант або проста далікатны вяночак на распушчаных русых валасах. І пачалася сапраўдная магія пераўвасабленняў. Захоплены рэжысёр стала на час іміджмейкерам.
— Нагледзелі дзве лакацыі — непасрэдна ў “Хатцы” і на пшанічным полі, — распавядае Аліна Бабіцкая. — Калі рухаліся па вуліцы, то выклікалі сапраўдны фурор у мясцовых жыхароў. Вяскоўцы ўсміхаліся і махалі, машыны сігналілі. Уявіце: ідуць дзяўчынкі, усе ў народных уборах, у руках снапочкі, на галовах кветачкі. Прыгажосць!
Гатовы фота- і відэаматэрыял апублікавалі на старонках Цэнтра культуры і вольнага часу ў сацсетках.
— Шчыра прызнаюся: не чакала, што будзе столькі станоўчых рэакцый і каментарыяў! — кажа рэжысёр. — У першую чаргу пісалі бацькі і дзеці, якія паўдзельнічалі. Задаволеныя, усе дзякавалі. Юныя мадэлі атрымалі масу ўражанняў. Але і шматлікія іншыя карыстальнікі адгукнуліся сэрцайкамі і агеньчыкамі: тэматычны праект спадабаўся. Таму ўпэўнена, што пры падтрымцы дырэктара Барысаўскага раённага цэнтра народнай творчасці Юліі Закудоўскай і дырэктара Лошніцкага цэнтра культуры і вольнага часу Наталлі Думан за ініцыятывай рушаць услед і іншыя, са сваімі разыначкамі. Гэта выдатны спосаб уцягнуць моладзь і падлеткаў у нацыянальную культуру, паказаць, што нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца і што шанаваць!
Святлана ЧЭКАЛAВА
Фота Аліны БАБІЦКАЙ