Рамесніцтва: новыя правілы

Апублiкавана: 07 верасня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Урад вызначыў пералік відаў рамеснай дзейнасці — у спісе пяць пунктаў. Каго можна называць рамеснікам? Новыя правілы і падыходы да працы гэтых майстроў — у пастанове Савета Міністраў ад 30 жніўня 2024 г. № 637. Дакументам скарэкціраваны пастановы Урада па пытаннях прадпрымальніцтва, у тым ліку ад 28 чэрвеня 2024 г. № 457 “Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці”. 

Так, зацверджаны пералік відаў рамеснай дзейнасці. У спіс увайшлі бондарства, выраб пражы, кавальства, мастацкая апрацоўка і роспіс прадметаў (з дрэва, каменю, косці, рога, металу, бляхі, керамікі, фанеры, са скуры, шкла). Самым разгорнутым выглядае пункт № 2 — выраб і рамонт. У ім гаворка аб працах, звязаных з нацыянальнымі музычнымі інструментамі, беларускім касцюмам, ручным ткацтвам, лапікавай тэхнікай, пячной кафляй, рэчамі з мясцовых раслінных матэрыялаў ды з іншым. 

Устаноўлены і формы заявы аб прыняцці рашэння аб прымяненні збору за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, апавяшчэння аб спыненні прымянення збору за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці ў добраахвотным парадку, аб страце падставы для прымянення збору за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, аб спыненні ажыццяўлення рамеснай дзейнасці. 

Акрамя таго, удакладнены пералікі відаў дзейнасці, дазволеных індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама для самастойнай прафесійнай работы. 

Асноўныя палажэнні пастановы № 637 уступаюць у сілу 1 кастрычніка.