На Смаргоншчыне сёлета праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 110-й гадавіне пачатку Першай сусветнай вайны. “К” даведалася, як супрацоўнікі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваюць памяць аб пякельнай пары.
Дырэктар установы Дзіна Валодзька адзначае, што абарона горада падчас той вайны — адна з самых трагічных старонак яго мінулага. Праз Смаргонь праходзіла лінія руска-германскага фронту, і ў пэўны момант населены пункт апынуўся ў эпіцэнтры баявых дзеянняў.
Скульптурная кампазіцыя "Крылаты геній салдацкай славы"
— Сапраўды, Першая сусветная вайна раздзяліла гісторыю нашага краю на “да” і “пасля”, — расказвае Дзіна Уладзіміраўна. — Абаронцы Смаргоні мужна супрацьстаялі германскім захопнікам 810 дзён — з верасня 1915 па снежань 1917 года. Яшчэ да пачатку актыўных узброеных сутыкненняў большасць мясцовых жыхароў эвакуіравалі. У выніку за вайну насельніцтва Смаргоні зменшылася амаль у 100 разоў, а сам горад быў цалкам разбураны. Менавіта пад Смаргонню германская армія ўпершыню на Усходнім фронце ўжыла хімічную зброю, што прывяло да вялікіх страт як сярод салдат, так і сярод цывільных. Частка спадчыны працяглай пазіцыйнай вайны на смаргонскім участку фронту — бліндажы, капаніры і доўгачасовыя агнявыя пункты — захавалася дагэтуль. Таму тэма Першай сусветнай з’яўляецца значнай для горада і пастаянна знаходзіцца ў фокусе ўвагі нашай установы.
На сёння ў Смаргонскім гісторыкакраязнаўчым музеі налічваецца больш за 11 тысяч адзінак захоўвання асноўнага фонду і больш за 5 тысяч — навукова-дапаможнага. Істотная колькасць прадметаў мае непасрэднае дачыненне да падзей 1915—1918 гадоў.
— У экспазіцыі нашага музея Першай сусветнай вайне прысвечаны цэлы раздзел, — адзначае Дзіна Валодзька. — Прадстаўлены ўнікальныя дакументы таго часу, асабістыя рэчы радавых і афіцэраў абодвух войскаў, баявыя ўзнагароды і зброя. Цэнтральнае месца займае дыярама “Мёртвы горад”. На ёй выяўлены салдат, які стаіць сярод разбуранай вуліцы. За яго спінай бачны касцёл Святога Міхаіла Архангела — адзін з нямногіх ацалелых будынкаў, пэўны сімвал непакорнасці Смаргоні.
Абаронцы Смаргоні мужна супрацьстаялі германскім захопнікам 810 дзён.
Дырэктар музея падкрэслівае, што да 110-годдзя пачатку Першай сусветнай супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі эксклюзіўныя праекты. Нядаўна адкрылася экспазіцыя “Малюнкі з акопаў”. У ёй прадстаўлены фатаграфіі, карціны, паштоўкі пякельнай пары, у тым ліку з калекцыі журналіста і даследчыка вайны 1914—1918 гадоў Уладзіміра Багданава.
Руіны Смаргоні
— У маі наша ўстанова далучылася да міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, якую традыцыйна правялі ў Крэўскім замку, — расказвае Дзіна Уладзіміраўна. — Сёлета галоўнай тэмай мерапрыемства была Першая сусветная. У адной з вежаў, дзе падчас вайны размяшчалася агнявая пазіцыя, мы адкрылі выставу, прысвечаную Крэўскай наступальнай аперацыі і абароне Крэўскага замка. Сярод экспанатаў — прадметы ваеннага побыту, фотаздымкі таго перыяду. Праект можна ўбачыць і цяпер.
З ініцыятывы Смаргонскага райвыканкама і пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы было прынята рашэнне аб увекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Пачатак жніўня адзначыўся для горада адкрыццём мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння рускага і германскага войскаў. Цэнтральныя элементы мясціны — скульптурныя кампазіцыі “Бежанцы”, “Салдаты Першай сусветнай вайны” і “Крылаты геній салдацкай славы”, а таксама капліца смутку і “Камень памяці” з пасланнем нашчадкам.
Акрамя таго, тут адбыўся ваенна-гістарычны фестываль “Беларускі Вердэн. Смаргонь у гады Вялікай вайны”. У рамках мерапрыемства навуковыя супрацоўнікі музея арганізавалі выставу “Першая сусветная вайна. Трагічныя старонкі гісторыі Смаргоншчыны”. Экспанаты і інфармацыйныя стэнды дапамаглі наведвальнікам паглыбіцца ў кантэкст эпохі і больш дазнацца пра мінуўшчыну горада.
Руіны Смаргоні
— Таксама варта адзначыць, што напярэдадні фестывалю ў нашым музеі прайшоў міжнародны круглы стол “Гістарычная памяць: Першая сусветная вайна скрозь прызму часу”, — кажа Дзіна Уладзіміраўна. — Яго арганізатарамі выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Смаргонскі райвыканкам. Падчас мерапрыемства гісторыкі і краязнаўцы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі падзяліліся досведам працы па захаванні памяці аб падзеях Вялікай вайны, прадставілі вынікі даследаванняў.
Дзіна Валодзька падкрэслівае, што праз выставы, мерапрыемствы і іншыя праекты супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея звяртаюць увагу грамадскасці на гісторыю рэгіёна і краіны ў цэлым. Народу, які не ведае свайго мінулага, вельмі цяжка ісці ў будучыню.
— Варта памятаць, што ўзброеныя канфлікты вядуць толькі да разбурэнняў і чалавечых ахвяр. Прамым пацвярджэннем гэтага тэзіса з’яўляецца гісторыя Смаргоні першай паловы XX стагоддзя, — дзеліцца меркаваннем Дзіна Уладзіміраўна. — Таму мы павінны ведаць аб жудасных падзеях мінулага і не дапусціць іх паўтарэння на нашай зямлі. Не толькі дзеля сябе, але і дзеля будучых пакаленняў.
Данііл ПІЎКАРЭЦ