Слова маладых патрыётаў

Апублiкавана: 03 верасня 2024 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Засталося некалькі дзён да прэм’еры стужкі Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” — “Культурны код”. Карціна, якая раскажа пра дзяржаўныя сімвалы, прысвечана Дню народнага адзінства. 

Кіно пра значэнне трох сімвалаў дзяржаўнасці — герба, гімна і сцяга — нацэлена на школьнікаў і студэнтаў. Разам з галоўнымі героямі — выпускнікамі Акадэміі мастацтваў — публіка знойдзе адказы на пытанні: які сэнс моладзь укладвае ў дзяржаўныя сімвалы нашай краіны і чаму выбірае для жыцця Беларусь? Стужка прымусіць задумацца, што такое культурны код, але даваць азначэнне кожны будзе сам, зазірнуўшы ўглыб сябе. 

— Нягледзячы на невялікі — 35 хвілін — хронаметраж, тэма ўзнімаецца даволі сур’ёзная, таму творчая група адказна падышла да праекта, — распавядае рэжысёр карціны Кірыл Халецкі. — Перад намі стаяла задача як мага больш моладзева і цікава расказаць пра важныя рэчы і новаму пакаленню, і дарослым. Стужку зрабілі ў кароткі тэрмін, літаральна за лета, дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры. 

У фільма эксперыментальная форма, у ім аб’яднаны агульным сюжэтам ігравыя і дакументальныя сцэны. Спачатку не ўсе разумелі, як можна злучыць два віды кіно і ці ўдасца эксперымент. Але пасля першых паказаў на Савеце па кінематаграфіі здымачнай групе, незалежнай публіцы мы ўпэўніліся, што карціна атрымалася. Цяпер хочацца зваротнай сувязі ад звычайнага гледача: ці ўсё спадабалася? У фільме ёсць элементы сацыяль¬ нага апытання мінчан, каментарыі экспертаў з Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, унікальныя кадры аўтапрабегу, акцыі “Праспяваем гімн разам” і эксклюзіўнае выступленне Прэзідэнцкага аркестра. 

Прэм’ера “Культурнага кода” пройдзе 5 верасня ва ўсіх кінатэатрах краіны, а папярэдні паказ — падчас Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах, у павільёне Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Яўгенія ГАБЕЦ