Беларусь і Кітай— на векі вечныя

Апублiкавана: 09 верасня 2024 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і кампанія “Сычуань Блю Айз Фільм энд Тэлевіжн Калчар Медыя” заключылі пагадненне аб сумеснай вытворчасці стужкі “На векі вечныя”. Карціна стане першым сумесным праектам Беларусі і Кітая.

Супрацоўніцтва дзвюх краін у кінасферы пачалося яшчэ ў мінулым годзе, калі кітайская дэлегацыя наведала XXIX Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад”. Тады ў рамках форуму была падпісана дамова аб намерах і прайшло знаёмства з айчыннай студыяй. А ўжо сёлета стартуюць здымкі першай у гісторыі супольнай беларуска-кітайскай стужкі. 

— Такія пагадненні ўмацоўваюць сяброўства краін. І наша карціна ляжа ў аснову міждзяржаўных адносін, паколькі стане нацыянальным праектам. Для “Беларусьфільма” выхад на рынак Кітая — важны і перспектыўны этап. Гэта не проста збег акалічнасцей, за такім дасягненнем — праца цэлага калектыву. І я рады, што мы знайшлі ў асобе кітайскіх партнёраў надзейных, прыстойных, блізкіх па духу людзей. Упэўнены, што кіно атрымаецца годным, бо яно будзе несці самае галоўнае — культуру і традыцыі Беларусі і брацкага Кітая. Насамрэч, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, у нас шмат агульнага, — лічыць генеральны дырэктар Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей. 

Карціна раскажа гісторыю двух маладых людзей, якія выраслі ў розных краінах і выхоўваліся ў розных культурах, але воляй выпадку адпраўляюцца ў адно падарожжа. Крок за крокам героі разблытваюць забытую гісторыю гібелі ў 1939 годзе ў Кітаі беларускага лётчыка. Падрыхтоўка сцэнарыя ў кінематаграфістаў заняла каля 10 месяцаў. 

— Сюжэт умоўна будзе падзелены на дзве часткі: сучасную і гістарычную. Гістарычная ахопіць пачатак Другой сусветнай вайны, калі савецкія добраахвотнікі дапамагалі кітайцам змагацца з японскімі агрэсарамі. Такім чынам, наша асноўная мэта — паказаць, што супрацоўніцтва Кітая і Беларусі зарадзілася даўно і што абедзве краіны нават у вайну былі настроены на мір. Сучасная гісторыя заклікана прадэманстраваць прыгажосць Кітая і Беларусі, а таксама духоўныя і жыццёвыя каштоўнасці насельніцтва, — тлумачыць генеральны дырэктар кампаніі “Сычуань Блю Айз Фільм энд Тэлевіжн Калчар Медыя”, намеснік старшыні Асацыяцыі кінематаграфістаў правінцыі Сычуань, рэжысёр і артыст вышэйшай катэгорыі КНР Лэй Хань. 

Рашэнне аб правядзенні здымак у Беларусі было прынята яшчэ падчас першага візіту на айчынную студыю. Тады замежны рэжысёр адзначыў пераемнасць традыцый у кінавытворчасці нашай краіны і выказаў жаданне аб частковых здымках у Сінявокай. Аднак сёння ўжо вядома: “Беларусьфільм” не застанецца ўбаку і на этапе постпрадакшну. 

— Запіс і звядзенне гуку магчымыя і ў нас на кінастудыі, але графіку і астатняе мы будзем рабіць у Кітаі, паколькі там больш сучасныя тэхналогіі. Аднак я хачу, каб нашы аператары і спецыялісты па мантажы прысутнічалі на постпрадакшне, каб быў абмен вопытам, — дадае Юрый Аляксей. 

Такой жа пазіцыі ў дачыненні да супрацоўніцтва прытрымліваюцца і замежныя калегі: 

— У Кітаі вельмі развітая індустрыя кіно, а ў Беларусі існуе нацыянальная студыя з доўгай, 100-гадовай гісторыяй. Таму мы, безумоўна, зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі кінематаграфістамі, якое можна назваць шырокафарматным, бо яно дазволіць нашым краінам даведацца больш адна пра адну, — дзеліцца меркаваннем Лэй Хань. 

Падпісанне дамовы з КНР — знамянальная падзея для айчыннага кінематографа ў юбілейны год, вынікам якой стане не толькі сумесны фільм, але і адкрыццё перспектыў для далейшай супольнай дзейнасці. 

— Гэта хоць і першы, але цвёрды, упэўнены крок. У будучыні мы разгледзім магчымасць сумеснага стварэння анімацыі, паколькі і ў нас, і ў Кітаі гэта вельмі развіты і перспектыўны кірунак. Я таксама разлічваю на маладых спецыялістаў, якія сёлета прыйшлі на кінастудыю па размеркаванні. Нам ёсць з чаго браць прыклад, ёсць у каго вучыцца і пераймаць вопыт. Але самае галоўнае, што такім чынам мы яшчэ больш умацуем сяброўства паміж дзяржавамі, — падсумаваў Юрый Мар’янавіч. 

Ужо адбыліся кастынгі на галоўныя і эпізадычныя ролі ў Мінску. Кітайскія кінематаграфісты сумесна з беларускімі калегамі выбралі лакацыі для здымак у Сінявокай, якія стартуюць у кастрычніку. Выхад фільма “На векі вечныя” запланаваны налета. Карціна будзе прымеркавана да 80-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота аўтара