Далягляды паспяховай кар’еры

Апублiкавана: 04 верасня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Адзін са спосабаў трапіць у ВНУ ці ў каледж мары — мэтавае паступленне. У чым перавагі такога варыянта? 

Анастасія Ганчарова — метадыст па рабоце з падлеткамі і моладдзю ў Барысаўскім раённым цэнтры народнай творчасці. Сёлета дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Менеджмент і прыкладная культуралогія”. 

— Падчас прыёмнай кампаніі я даведалася (дзякуй спецыялістам універсітэта за падказку) аб дадатковых ільготах, якія дае мэтавае накіраванне, у тым ліку і аб магчымасці паступаць у ВНУ па асобным ад іншых абітурыентаў конкурсе. Для мяне вельмі каштоўнай перавагай была і гарантыя размеркавацца менавіта туды, дзе самой хацелася б працаваць. Так, дарэчы, і выйшла: многія мае аднакурснікі пры размеркаванні турбаваліся, а я была спакойная, бо ведала, што вярнуся ў родны горад, — распавядае Анастасія. 

Анастасія Ганчарова (злева) і Юлія Закудоўская

Зараз дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў розных праектах. Яна асабліва сканцэнтравана на прасоўванні дзейнасці сваёй установы праз сацыяльныя сеткі. Лічыць, што такім сучасным спосабам можна эфектыўна прыцягваць у сферу культуры падлеткаў і моладзь, а гэта будзе садзейнічаць гарманічнаму развіццю новага пакалення. 

— Падрыхтоўка кадраў па мэтавых накіраваннях для нас, наймальнікаў, безумоўна, выгадная, — сцвярджае дырэктар Барысаўскага раённага цэнтра народнай творчасці Юлія Закудоўская. — Мы маем магчымасць самастойна падабраць будучага спецыяліста, убачыць яго ў справе падчас практыкі і ў цэлым планаваць забяспечанасць установы кадрамі. 

Аляксей Пінчук — трэцякурснік факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКМ. 

— Мне заўсёды падабалася знаходзіцца ў гушчы падзей, а культура — гэта шматлікія мерапрыемствы, розныя форумы і праекты. Удзельнічаючы ў іх, можна рэалізаваць уласныя ідэі і праявіць здольнасці, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, набыць новыя веды. Прыкладам для мяне стала старэйшая сястра Ганна, таксама выпускніца нашага ўніверсітэта, — абгрунтоўвае выбар напрамку малады чалавек. 

Аляксей Пінчук

Перад паступленнем у ВНУ Аляксей звярнуўся ў Светлагорскі райвыканкам па мэтавае накіраванне. Ніякіх цяжкасцей з атрыманнем не ўзнікла: юнак ужо паспеў праявіць сябе як грамадскі дзеяч, яго заўважылі ў кіраўніцтве раёна. Са школьнай пары Аляксей — актыўны член БРСМ. Зараз хлопец узначальвае ўніверсітэцкую пярвічную арганізацыю, удзельнічае ў розных праектах — і грамадскага аб’яднання, і ў іншых. Таксама ён пераможца прэміі “Прэс-код”, рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”. 

— Я вельмі рады, што паступіў ва ўніверсітэт па мэтавым накіраванні. Гэта дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні, у тым, што атрымаю першае працоўнае месца ў сябе на малой радзіме, да чаго і імкнуўся. Там жывуць мае родныя, блізкія, я добра ведаю свой раён — ён мне вельмі дарагі, хачу ўнесці ўласны ўклад у развіццё і росквіт краю! Ужо ёсць ідэі, і не сумняваюся, што яны знойдуць водгук у мясцовых улад: у нашым рэгіёне вельмі добра ставяцца да моладзі і яе ініцыятыў. 

МІНІСТЭРСТВА НА СУВЯЗІ 

Марына Юркевіч, начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі: 

— Мэтавае накіраванне дае маладому чалавеку шэраг пераваг. Па-першае, абітурыент, які паступае па мэтавым накіраванні, удзельнічае ў асобным конкурсе, а гэта значыць, канкурыруе з іншымі на больш выгадных умовах. Па-другое, тыя, хто не праходзіць па конкурсе для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах — шанцы на паступленне павялічваюцца. Па-трэцяе, абітурыент з самага пачатку ведае, хто яго будучы працадаўца і якія дадатковыя льготы даступныя. Па-чацвёртае, падчас вучобы студэнт мае магчымасць індывідуалізаваць падрыхтоўку праз практыкі, выкананне курсавых і дыпломных работ пад патрэбы свайго заказчыка. 

Акрамя таго, маладыя спецыялісты, якія атрымалі вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, гарантавана забяспечваюцца працоўным месцам адразу на пяць гадоў. Тэрмін жа адпрацоўкі “мэтавікоў”, якія скончылі сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову, складае тры гады. 

Інфармацыя аб заказчыках кадраў, з якімі абітурыенты могуць звязацца наконт заключэння дагавора на мэтавую падрыхтоўку, дадаецца на сайты ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Такія звесткі ёсць і ў спецыялістаў, якія працуюць у прыёмных камісіях. Мэтазгодна вывучыць рэспубліканскі банк вакансій і трапіць на кірмашы вакансій, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі заказчыкаў кадраў. З будучым працадаўцам можна пагаварыць і асабіста, звярнуўшыся ў адпаведную арганізацыю. 

Бясспрэчныя перавагі, якія дае навучанне па мэтавым накіраванні, садзейнічаюць таму, што колькасць абітурыентаў, якія жадаюць скарыстаць для паступлення такі варыянт, павялічваецца. Сёлета ў ВНУ па мэтавых накіраваннях залічана 18 абітурыентаў: 17 — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, адзін — у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (у мінулым годзе — 17 чалавек: 13 — у БДУКМ, чатыры — у БДАМ). Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэспублікі ў 2024 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана 153 чалавекі, што на 29 больш, чым у папярэднім. 

У ходзе прыёмнай кампаніі 2024 года ва ўніверсітэт культуры абітурыенты падалі 42 заявы. Да ўдзелу ў конкурсе было дапушчана 34 чалавекі. Па выніках прыёму абітурыентаў, якія паступалі для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, залічана 17 чалавек па васьмі спецыяльнасцях: “Харэаграфічнае мастацтва”, “Рэжысура прадстаўленняў і свят”, “Рэжысура тэатра”, “Культуралогія”, “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”, “Сацыяльна-культурная дзейнасць”, “Сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыі”, “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. 

Прыняты на вучобу абітурыенты для 15 арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны нашай краіны: гарады Мінск, Брэст, Гомель і Гродна, Чавускі, Любанскі, Чэрвеньскі, Капыльскі, Дрыбінскі, Пухавіцкі, Светлагорскі і Уздзенскі раёны. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў герояў