Дзень ведаў навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава сустрэнуць у новым будынку. Урачыстае адкрыццё комплексу па вуліцы Б. Хмяльніцкага, 5, адбудзецца 2 верасня.
Мастацкі каледж імя А. К. Глебава вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. У сценах легендарнай навучальнай установы вырасла не адно пакаленне сапраўдных майстроў. Сярод першых выпускнікоў Глебаўкі — народныя мастакі Беларусі Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Май Данцыг, Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі, Васіль Шаранговіч, Леанід Шчамялёў.
У 2010-м прызнаны аварыйным стары корпус каледжа знеслі і пачалі ўзводзіць сучасны кампус. Аднак аб’ект ператварыўся ў даўгабуд. Толькі вясной 2022-га працы на пляцоўцы працягнуліся і ўсяго за два гады былі завершаны. Цяпер комплекс уводзіцца ў эксплуатацыю.
Кампус складаецца з навучальнага корпуса і інтэрната. Усё абсталявана ў адпаведнасці з найноўшымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Камфартабельныя ўмовы дазволяць педагогам і іх апекаванцам поўнасцю прысвяціць сябе любімай справе.
Павіншаваць калектыў каледжа з Днём ведаў і наваселлем збяруцца пачэсныя госці. Творчыя падарункі рыхтуюць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж ды іншыя.
Заключным акордам свята стане прэм’ера песні: у выкананні народных артыстаў Беларусі Уладзіміра Громава і Настассі Масквіной прагучыць ода “Табе, мастацтва” (музыка А. Атрашкевіч, словы В. Жуковіча). Кампазіцыя напісана спецыяльна ў гонар адкрыцця новага будынка Мінскага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава.