Сёння, 30 жніўня, у Мінску праходзіць традыцыйны жнівеньскі форум педагагічных работнікаў нашай сферы. Арганізатарам выступае Міністэрства культуры Беларусі.
Пляцоўкай для мерапрыемства стаў спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. На форум прыбылі кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі нашай галіны, ветэраны педагагічнай працы, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Да ўдзелу запрошаны маладыя спецыялісты з розных рэгіёнаў Беларусі.
Трохступеньчатая сістэма адукацыі ў сферы культуры, якая склалася ў нашай краіне, дае плён. Штогод пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў становяцца дзясяткі юных творцаў. Рэгулярна папаўняюцца банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, новыя імёны з’яўляюцца ў спісах на заахвочванне спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
І недарма ключавы момант форуму педагагічных работнікаў — цырымонія ўшанавання найлепшых. Узнагароды рознага ўзроўню ўручаюцца кіраўнікам устаноў адукацыі, педагогам і творчым калектывам за высокія прафесійныя вынікі і адданасць справе. Асобная ўвага — маладым спецыялістам, якія толькі прыбылі на першыя працоўныя месцы. Сярод іх і адмыслоўцы ўстановы “Культура і мастацтва”.
Таксама ў праграме ўрачыстасцей — канцэрт з удзелам маладых вакалістаў, танцораў, музыкантаў з усёй краіны і мастацкая выстава.