Новыя кантакты і пагадненні аб супрацоўніцтве: з 26 па 28 жніўня Ташкент прымаў Узбекска-беларускі жаночы бізнес-форум.
Гэта другая сустрэча ў падобным фармаце, арганізатарамі якой выступаюць Сенат Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Старшыня Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Танзіла Нарбаева
Ад беларускага боку ў форуме ўдзельнічала амаль 100 прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і дзяржаўных органаў на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай.
У склад дэлегацыі ад сферы культуры ўвайшлі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярына Дулава, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой і прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Корсакава.
У рамках форуму правялі пленарнае пасяджэнне, тэматычныя секцыі па асноўных напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана. Галоўная мэта заключалася ў тым, каб прадэманстраваць наш патэнцыял, зацікавіць ва ўстанаўленні новых кантактаў.
Падчас афіцыйных мерапрыемстваў былі падпісаны камерцыйныя кантракты, а таксама пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі і Дзяржаўным музеем гісторыі Узбекістана, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі і Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатрам Узбекістана.
Унікальнай пляцоўкай для культурнага дыялогу стаў фестываль “Шарк тароналары” ў Самаркандзе. З 1997 года “Мелодыі Усходу” аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных відаў мастацтва з многіх дзяржаў. Сёлета гэтая грандыёзная музычная падзея сабрала больш за 300 творцаў з 80 краін — ад Беларусі да Японіі. Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы UNESCO і пад патранатам Прэзідэнта Узбекістана — Шаўкат Мірзіёеў адкрыў 13-ы фестываль “Шарк тароналары”. У цырымоніі паўдзельнічала і беларуская дэлегацыя на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай.
Падчас фестывалю "Шарк тароналары"
Часткай форуму была навукова-практычная канферэнцыя “Музычная культура Усходняй Азіі: прынцыпы творчай інтэграцыі ў працэсе глабалізацыі”, якая аб’яднала адмыслоўцаў з больш як 80 краін. Нашу дзяржаву прадставіў Аляксандр Бабук, намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуцы і інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.