Знак якасці: беларускае кіно

Апублiкавана: 29 жнiўня 2024 Стужка Кіно Мінск Кінавек

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У свой стагадовы юбілей нацыянальны кінематограф не стаіць на месцы: папаўняецца скарбонка прэм’ер, развіваецца супрацоўніцтва з іншымі краінамі.

Прыярытэтным напрамкам для “Беларусьфільма” застаецца стварэнне якаснага айчыннага кантэнту. Зараз у працы на кінастудыі знаходзіцца больш за дзясятак дакументальных фільмаў, у тым ліку пра выдатных спартсменаў, генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і на іншыя тэмы агульнанацыянальнага значэння. 

Працягваецца праца з анімацыяй. У чэрвені прэзентавана стужка “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, а ў жніўні плануецца завяршэнне першага ў нашай краіне 3D-мультфільма “Песня Сірын” рэжысёра Алены Туравай. Выхад у пракат прызначаны гэтай восенню. Сёлета беларускіх гледачоў таксама парадуюць доўгачаканай прэм’ерай праекта “Чорны замак” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. На вялікія экраны карціну выпусцяць да снежня, пасля чаго яе чакае фестывальнае жыццё. 

— Зусім нядаўна студыя прыняла ўдзел у Міжнародным кінафестывалі ў Мумбаі (MIFF), дзе прадставіла свае апошнія дасягненні ў дакументалістыцы, анімацыі і ігравым кіно. Фестываль таксама дапамог нам наладзіць кантакты з індыйскімі калегамі, і сёння яны ўжо вывучаюць нашу вытворчасць. Разлічваем, што гэта прывядзе да сумеснага праекта, — адзначае генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей. — Таксама на дадзены момант скончаная праца над сцэнарыем сумеснага беларуска-кітайскага праекта. Варыянт тэксту накіраваны ў Міністэрства замежных спраў. На наступным тыдні чакаем дэлегацыю з Кітая, каб абмеркаваць апошнія нюансы і ў хуткім часе прыступіць да здымак. 

Юрый Аляксей

Беларускі кінакантэнт — тое, у чым зацікаўлены сучасны глядач. У гэтым упэўненая першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя. Калі айчынныя фільмы перастануць быць штучным прадуктам — толькі пытанне часу. Але ўжо цяпер аўдыторыя паказвае зацікаўленасць у якасным сваім кіно. 

— Сёння мы бачым попыт на беларускія фільмы, таму частка пракату жыве ад прэм’еры да прэм’еры “Беларусьфільма”, — адзначае Вольга Дзюльдзя. — Нам вельмі патрэбны айчынны кантэнт, асабліва для дзяцей. 

Дакументалісты рыхтуюць цыкл фільмаў аб станаўленні беларускага кінематографа. На дадзены момант завяршаецца вытворчасць трох карцін: “Дэманстратар”, “Трэст, які не лопнуў” і “Залатая эпоха”. Найбольшую цікавасць уяўляе першая стужка, прысвечаная развіццю кінатэатраў на нашай тэрыторыі і зараджэнню нямога кіно. 

— Мы расказваем пра пачатак вытворчасці і дэманстрацыі фільмаў у Беларусі. Гісторыя звязана з прадпрымальнікам Рыхардам Штрэмерам, які адкрыў у нашай краіне некалькі кінатэатраў і захацеў самастойна здымаць кіно. Карціна створана ў змешанай форме, дзе ігравы сюжэт, які чымсьці нагадвае салонную меладраму з напалам страсцей і дуэлямі, суседнічае з дакументальнай асновай і хранікальнымі кадрамі, — распавядае рэжысёр Яўген Сяцько. 

Фільм “Дэманстратар” пакажуць як у складзе трылогіі, так і асобна. Сеансы будуць праводзіцца з удзелам рэжысёра і здымачнай групы напярэдадні Дня беларускага кіно. У далейшым цыкл чакае пракатнае жыццё. 

Вялікая ўвага надаецца і падрыхтоўцы да юбілейнага, ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 1 па 8 лістапада. Прыём заявак стартаваў у красавіку. На сёння на конкурсную праграму пададзена ўжо больш за 2 тысячы фільмаў з 114 краін. Па словах выканаўчага дырэктара фестывалю Алесі Рульковай, гэты факт пацвярджае, што практычна ўвесь свет з вялікай ахвотай хоча паўдзельнічаць у “Лістападзе”. 

Сёлета форум чакаюць навацыі. Па-першае, цырымоніі адкрыцця і закрыцця пройдуць на галоўнай сцэне Палаца Рэспублікі. Па-другое, некаторыя конкурсныя праграмы “пераедуць” у новыя кінатэатры. 

Алеся Рулькова

— Галоўнай пляцоўкай мы плануем зрабіць кінатэатр “Перамога”, які гэтым летам адкрыўся пасля рэканструкцыі. Таксама конкурсныя паказы пройдуць у кінатэатры “Мір”. З традыцыйных месцаў застануцца “Цэнтральны”, “Піянер” і “Беларусь”, — удакладняе Алеся Рулькова. 

Прыём заявак на ўдзел у ХХХ ММКФ “Лістапад” працягнецца да 1 верасня, але адмыслоўцы ўжо зараз праглядаюць фільмы і фарміруюць праграму, якая мусіць здзівіць і парадаваць публіку. 

Яўгенія ГАБЕЦ