Ніводны зварот не застанецца без увагі

Работа са зваротамі грамадзян — адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўсёй сістэмы дзяржкіравання Рэспублікі Беларусь. Яна забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў людзей, садзейнічае павышэнню якасці іх жыцця і стварэнню ўмоў для развіцця. Аб тым, як арганізавана гэта праца ў Міністэрстве культуры, “К” гутарыць з начальнікам аддзела арганізацыйнай работы і дакументаабароту Аленай Быкавай.

— Алена Васільеўна, па дапамогу якога характару людзі часцей за ўсё звяртаюцца ў Міністэрства культуры? 

— Прававая пісьменнасць грамадзян нашай краіны дастаткова высокая. Сёння любы чалавек можа знайсці нарматыўна-прававы акт, які яго цікавіць, і азнаёміцца з ім на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь, на сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, у тым ліку Міністэрства культуры. Але не ўсе могуць самастойна разабрацца з асаблівасцямі дакумента ў кантэксце сваёй канкрэтнай сітуацыі. Міністэрства культуры ж фарміруе дзяржаўную палітыку ў сферы культуры, і асноўныя пытанні, якімі займаюцца нашы спецыялісты, звязаны з распрацоўкай і зацвярджэннем нарматыўных прававых актаў. Таму, звяртаючыся да нас, людзі просяць растлумачыць, як прымяніць той ці іншы акт на практыцы. 

— Якімі нарматыўнымі дакументамі вы кіруецеся ў рабоце са зваротамі грамадзян? 

— Безумоўна, адным з галоўных дакументаў для дзяржаўных органаў і арганізацый з’яўляецца Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”. У адпаведнасці з патрабаваннямі гэтай Дырэктывы загадам міністра культуры зацверджаны графікі прыёму грамадзян і правядзення прамой тэлефоннай лініі. 

— Дзе можна з імі азнаёміцца? 

— На афіцыйным сайце міністэрства і на інфармацыйным стэндзе. Інфармацыя аб запланаваным правядзенні міністрам культуры асабістых прыёмаў грамадзян таксама транслюецца бягучым радком у эфіры сталічных тэлеканалаў і рэгіянальных СМІ; дадаткова прачытаць аб правядзенні супрацоўнікамі прамых тэлефонных ліній можна ў Telegram-канале міністэрства. 

— Вы выкарыстоўваеце такі інструмент зваротнай сувязі з грамадзянамі, як тэматычныя тэлефонныя лініі. У чым іх асаблівасць? 

— Іх праводзяць не толькі міністр і яго намеснікі, але і кіраўнікі структурных падраздзяленняў. Гэта дае магчымасць грамадзянам задаваць пытанні вузкім спецыялістам. Напрыклад, гэта могуць быць пытанні, звязаныя са звальненнем або з прадаўжэннем кантракта. Кожную сітуацыю мы дасканала вывучаем сумесна з той арганізацыяй, у якой чалавек працаваў ці хоча працаваць (у залежнасці ад пастаўленага пытання), разбіраемся, у чым канфлікт інтарэсаў. Тэматычныя тэлефонныя лініі праводзяцца кожную суботу з 9.00 да 12.00 па тэлефоне: 8 (017) 20375-74. 

— А куды грамадзяне могуць звярнуцца з пытаннямі, якія носяць даведачны характар? 

— На гарачую тэлефонную лінію, якая арганізавана ў прыёмнай міністра культуры. Кантактны нумар: 8 (017) 203-75-74, рэжым работы: з 9.00 да 13.00 i з 14.00 да 18.00 па буднях. 

— Да каго з супрацоўнікаў Мінкульта грамадзяне могуць патрапіць на прыём? 

— Прыём грамадзян ажыццяўляе міністр культуры, яго намеснікі і начальнікі найбуйнейшых структурных падраздзяленняў, па якіх больш за ўсё паступае зваротаў: Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, аддзела па кінематаграфіі. 

ДАВЕДКА 

Удзельная вага зваротаў, якія паступілі ў Міністэрства культуры па пытаннях арганізацыі і правядзення культурнавідовішчных мерапрыемстваў, дзейнасці ў сферы прафесійнага мастацтва, па выніках работы за 1-е паўгоддзе склала 61%; па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі — 16%; дзейнасці ўстаноў культуры і народнай творчасці — 9%; развіцця кінематаграфіі — 7%, адукацыі — 5%. 

Акрамя таго, міністр культуры Анатолій Мечыслававіч Маркевіч ажыццяўляе выязныя прыёмы грамадзян. У ходзе шасці праведзеных у гэтым годзе было разгледжана 14 зваротаў. Асноўныя пытанні датычыліся арганізацыі і правядзення конкурсаў, фестываляў, аўтарскіх выступленняў, уключэння ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання. Па чатырох зваротах прыняты станоўчыя рашэнні, па астатніх заяўнікам дадзены падрабязныя тлумачэнні. 

— Як вы вырашаеце пытанні, якія знаходзяцца на стыку некалькіх сфер — напрыклад, які датычыцца капітальнага рамонту аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны? 

— Ствараем міжведамасныя рабочыя групы і камісіі, падключаем спецыялістаў, якія працуюць на месцах, — прадстаўнікоў выканкамаў, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, ЖКГ, МНС і інш.

— Якія пытанні часцей за ўсё змяшчаюцца ў зваротах? 

— Найбольшая колькасць пытанняў, зададзеных у бягучым годзе, датычылася арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. Палова з іх — аб уключэнні юрыдычных асоб у рэестр арганізатараў КВМ, што звязана з прыняццем 19 верасня 2023 г. пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №608 “Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”. Новае заканадаўства прадугледжвае работу па новых правілах; за іх парушэнне прадугледжана адказнасць, у тым ліку адміністрацыйная. Міністэрства культуры ажыццяўляе рэгулярныя маніторынгі і праверкі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў краіне. У гэтым напрамку мы цесна супрацоўнічаем з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. І калі грамадзяне і юрыдычныя асобы звяртаюцца па тлумачэнні, то відавочна, што яны зацікаўлены арганізаваць сваю работу так, каб яна поўнасцю адпавядала патрабаванням заканадаўства. 

Яшчэ адна тэма, якая часта ўзнімаецца ў зваротах, — ахова гісторыка-культурнай спадчыны. Пытанні задаюць неабыякавыя людзі, і мы ўдзячныя ім за гэта, бо на месцах праблемы бачныя лепш і заўважыць іх можна хутчэй — напрыклад, калі ўласнікі аб’ектаў грашаць парушэннямі пры правядзенні рамонтных работ. Калі да нас паступае сігнал, мы прымаем меры: актамі, загадамі, праверкамі, прадпісаннямі, даручэннямі прыводзім дзейнасць парушальнікаў у адпаведнасць з заканадаўствам. І гэта добра. Значыць, сістэма адладжаная і працуе на выкананне прыярытэтнай у гэтым напрамку задачы — захаваць і прымножыць. 

Сёлета назіраецца рост пытанняў у галіне кінавытворчасці. Грамадзяне дасылаюць сінопсісы і сцэнары, прапануюць зняць фільмы на якую-небудзь пэўную тэматыку. Адзін з такіх зваротаў быў з просьбай стварыць дакументальны фільм пра беларускі АМАП — пра доблесных абаронцаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем законнасці, гонару і адвагі. Зараз Міністэрства культуры сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” праводзіць конкурс сцэнарыяў для вытворчасці фільмаў у 2025 годзе за кошт субсідыі дзяржаўным арганізацыям кінематаграфіі. У пераліку тэм, прапанаваных аўтарам, прысутнічаюць поўнаметражны фільм пра гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў і тэлевізійны серыял пра беларускую міліцыю. 

Міністэрства культуры адкрыта да дыялогу з грамадзянамі. Мы з падзякай прымаем інфармацыю, якая выкрывае парушэнні ў сферы заканадаўства. Вельмі цешаць дасягненні, якімі дзеляцца з намі людзі, і падзякі, якія яны адрасуюць працаўнікам сферы культуры. Калі да нас звяртаюцца — значыць, нам давяраюць і ўпэўненыя, што міністр культуры не пакіне ніводны зварот без увагі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА