Недасяжнага няма!

Генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага цырка Анастасія Сарасека стала лаўрэатам Міжнароднай прафесійнай цыркавой прэміі “Прызнанне” ў намінацыі “Міжнародны партнёр года”.

Новая прэмія была заснавана расійскім Саюзам дзеячаў цыркавога мастацтва пры падтрымцы Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў (Расійская Федэрацыя) і з’яўляецца адзінай у свеце прафесійнай у сферы цыркавога мастацтва. Яна прысуджаецца за дасягненні ў распрацоўцы і ўвасабленні цыркавых твораў. 

Анастасія Сарасека

— Калі я выйшла па ўзнагароду і прадставілася, то на словах “Рэспубліка Беларусь” манеж проста патануў у авацыях, — дзеліцца Анастасія Сарасека. — Пачуццё, якое ахапіла мяне ў той момант, складана перадаць: гэта была неверагодная гордасць за краіну! Калектыў Гомельскага цырка ганарыцца такой высокай ацэнкай нашага супрацоўніцтва з шырокім колам замежных партнёраў: з Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніяй, Вялікім Маскоўскім цыркам і прадстаўнікамі іншых краін. Лічу вельмі важным, каб беларускія гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з выступленнямі не толькі айчынных артыстаў. Таму на манежы Гомельскага цырка сваё майстэрства дэманструюць дынастыя Карнілавых, гісторыя якой пачалася больш за 130 гадоў таму, дынастыя Запашных — таксама адна з самых даўніх і вядомых у Расіі і свеце, многія іншыя замежныя прафесіяналы. 

ВЫТОКІ І СУЧАСНАСЦЬ

Першы цырк у Гомелі з’явіўся на Коннай плошчы, якой цяпер няма, у 1890-я, быў драўляным і не вылучаўся камфортам. Аднак установа карысталася папулярнасцю сярод гараджан. У цырку выступала кітайска-японская трупа Далай-ламы ды іншыя знакамітыя артысты і калектывы. У 1917 годзе будынак згарэў. У 1926-м у Гомелі адкрылі новы цырк на дзве тысячы чалавек, і ў ім дэманстравалі майстэрства трупы з РСФСР. У 1950-я ў горадзе працавала шапіто. 

Будаўніцтва стацыянарнага цырка разгарнулася ў 1966 годзе. Першы паказ адбыўся 2 снежня 1972-га — гэтая дата і стала пунктам адліку ў гісторыі сучаснага Гомельскага дзяржаўнага цырка. 

Ужо ў нашы дні каля футурыстычнага будынка з’явіліся славутасці: фантан з дынамічнай падсветкай і помнік знакамітаму савецкаму клоўну Карандашу (М. М. Румянцаву). У кастрычніку 2006 года Гомельскаму цырку было прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. 

Шоу "Адысея", 2023 

Глядзельная зала сучаснага відовішчна-культурнага комплексу разлічана больш як на паўтары тысячы месцаў. Персанал — звыш 100 высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія забяспечваюць бесперабойную працу ўсіх службаў. Дзякуючы гэтаму публіка заўсёды атрымлівае самыя яскравыя ўражанні не толькі ад выступленняў артыстаў, але і проста ад наведвання цырка. 

ПЕРАЕМНАСЦЬ І РАЗВІЦЦЁ 

Анастасія Сарасека ў 2020 годзе змяніла на пасадзе гендырэктара Гомельскага цырка Якава Лабовіча, які ўзначальваў установу з 1982-га. Анастасія Яўгенаўна — прадстаўніца шырока вядомай дынастыі цыркавых артыстаў, унучка Валерыя Абеля — стваральніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь цырка Абеля. Да гэтага сем гадоў працавала дырэктарам Палаца культуры “Касцюкоўка” і зарэкамендавала сябе як эфектыўны кіраўнік і таленавіты рэжысёр масавых мерапрыемстваў. 

— Для мяне цыркавое мастацтва — гэта ўсё жыццё, а цыркавая супольнасць — вялікая адзіная сям’я, — прызнаецца Анастасія Яўгенаўна. — Як кіраўнік я ўпэўнена: недасяжнага няма. Калі ёсць мэта, што вядзе цябе па жыцці, то на дасягнутым ты ўжо не спыняешся. Мая мэта — захоўваць і памнажаць традыцыі цыркавога мастацтва Беларусі, удасканальваць яго, каб чалавек любога ўзросту з першага погляду ўлюбляўся ў цырк і артыстаў. Тым больш час дыктуе неабходнасць змен. Таму, грунтуючыся на досведзе папярэднікаў, імкнуся ўносіць у цыркавую справу новае і выкарыстоўваць магчымасці, якія адкрываюцца. Яны дазваляюць мадэрнізаваць і паляпшаць працэсы. 

Паводле слоў Анастасіі Сарасека, яе задача — прапанаваць беларусам выбітныя сусветныя праграмы, што сёння паказваюцца на манежах вядучых цыркаў блізкага і далёкага замежжа. 

— Да выбару праграм падыходзім вельмі сур’ёзна, — тлумачыць генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага цырка. — Ганаруся, што наша публіка змагла ўбачыць грандыёзныя шоу таленавітага прадзюсара, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Гіі Эрадзэ “Каралеўскі цырк” і “Пясчаная казка”. У новым, 53-м сезоне гледачоў таксама чакае нямала найцікавейшых праектаў. 

Шоу "Пясчаная казка", 2023

Анастасія Яўгенаўна называе свой калектыў камандай сапраўдных прафесіяналаў, аб’яднаных агульнай дастойнай справай. 

— Усе супрацоўнікі ўносяць бясцэнны ўклад ў летапіс роднага цырка, каб кожная старонка была яркай. Мы імкнёмся, каб наш глядач змог убачыць такія праграмы, якія падораць шмат станоўчых эмоцый і надоўга застануцца ў памяці як асаблівыя моманты жыцця. І, вядома ж, гэта адбываецца дзякуючы вялізнай падтрымцы Міністэрства культуры і асабіста кіраўніка ведамства Анатолія Мечыслававіча Маркевіча. У цыркавога мастацтва Беларусі, аднаго з самых цудоўных відаў творчасці, — слаўнае мінулае, цікавая сучаснасць і вялікая будучыня! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архiва ўстановы