Аб чым спяваеш, маладосць?

ХVІІ фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” пройдзе з 11 па 15 верасня ў Смаленску. Адной з самых яркіх падзей маштабнага творчага і адукацыйнага форуму стане конкурс выканаўцаў моладзевай песні, на якім сустрэнуцца юныя таленты з Беларусі і Расіі. Хто прадставіць нашу краіну на вакальным спаборніцтве?

Мы зазірнулі на адборачны тур, які адбыўся 14 жніўня ў Мінску. Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. 

Кожны канкурсант выканаў дзве песні на беларускай ці рускай мове. Першая кампазіцыя павінна была раскрываць тэму любові да роднага краю альбо подзвігу народа, другая — адлюстроўваць сучасныя моладзевыя тэндэнцыі. Прафесійнае журы вызначыла восем найлепшых вакалістаў, якія прадставяць нашу краіну на конкурсе ў Смаленску. 

СЛОВА — ЭКСПЕРТАМ 

Падводзячы вынікі адбору, старшыня журы, кампазітар Алег Елісеенкаў, акцэнтаваў увагу на высокім прафесійным узроўні выканаўцаў. 

— Хочацца ад усёй душы пажадаць нашым таленавітым маладым людзям з задавальненнем выступіць на фестывалі. Шчыра спадзяюся, што камусьці з іх усміхнецца ўдача. Узровень нумароў, сведкам якога я быў сёння, з’яўляецца добрым прадвесцем, — падкрэсліў Алег Елісеенкаў. 

Сваім меркаваннем аб удзельніках праслухоўвання падзялілася і салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Ганна Благава

— Пры ацэнцы конкурсных выступленняў я звяртала ўвагу на знешні выгляд артыстаў, на тое, як яны прэзентуюць сябе, а таксама на прафесійныя навыкі, вакальны дыяпазон і тэхніку выканання, — адзначыла спявачка. — Зразумела, пэўнае хваляванне — звычайная для саліста рэч. Але і даволі каварная, бо менавіта праз залішнюю трывожнасць артысты паказваюць сябе горш, чым маглі б. Таму маладым выканаўцам вельмі важна ўдзельнічаць у конкурсах. Падчас такіх выпрабаванняў вакалісты загартоўваюць характар, вучацца адчуваць сябе больш упэўнена ў любых, нават самых складаных сітуацыях і развіваюць здольнасці. 

ЮНАСЦЬ І ВОПЫТ 

Усяго ў адборы ўдзельнічала каля 20 салістаў з розных куткоў Беларусі. Сярод пераможцаў — Дар’я Чэслаўская. У мінулым годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, цяпер працуе ў Магілёўскай абласной філармоніі. Нягледзячы на малады ўзрост, артыстка мае багаты вопыт выступленняў на буйных культурных форумах. Дар’я ўдзельнічала ў Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, неаднаразова станавілася фіналісткай адбору на конкурс выканаўцаў эстраднай песні ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. 

Злева направа: Дар'я Чэслаўская, Ганна Благава, Ангеліна Самалётава, Міхайліна Хвясюк, Андрэй Цуба, Алег Елісеенкаў

— Сёння я прадставіла твор “Не бывае неба лепшага” аб прыгажосці беларускай прыроды і кампазіцыю “Калыханка” вядомай расійскай спявачкі Паліны Гагарынай, — расказвае дзяўчына. — Вельмі прыемна, што члены журы адзначылі маё выкананне. Наступная задача — падрыхтавацца да конкурсу Саюзнай дзяржавы як мага лепш і паказаць годныя вынікі. 

ШЛЯХ ДА МАРЫ 

Андрэй Цуба — адзін з нямногіх хлопцаў на адборы. Малады спявак нарадзіўся ў Салігорску, скончыў горнахімічны каледж і быў рабочым у шахце, але неўзабаве зразумеў, што яго сапраўднае прызначэнне — музыка. 

— Мой шлях да любімага занятку нельга назваць простым. Але я мусіў яго прайсці, бо знайсці справу жыцця можна толькі дзякуючы пэўным выпрабаванням, — кажа выканаўца. — Да конкурсу я падрыхтаваў песню “Разам быць” Рамана Козырава і Вячаслава Шарапава, а таксама кампазіцыю “Я не магу без цябе” ў апрацоўцы Аляксея Чумакова. Вынікам я, зразумела, задаволены. Вельмі рады паўдзельнічаць у такім цудоўным мерапрыемстве. У верасні ў Смаленску пастараюся паказаць максімум. 

З ДЗЯЦІНСТВА НА СЦЭНЕ 

Міхайліна Хвясюк прыехала з Мікашэвічаў Брэсцкай вобласці. Дзяўчына прадставіла лірычную кампазіцыю “Позна” Віктара Дробыша і патрыятычную песню “Размова” Валерыя Шмата. 

— Музыка ўвайшла ў маё жыццё ў раннім дзяцінстве, — прызнаецца Міхайліна. — У 14 гадоў я пачала ствараць уласныя песні, якія набралі папулярнасць у інтэрнэце. Менавіта тады вырашыла, што звяжу жыццё з вакалам. Станоўчы вынік на адборы надаў мне ўпэўненасці. Гэтае дасягненне матывуе рухацца да новых вяршынь. 

СЛУШНАЕ РАШЭННЕ 

Трэцякурсніца факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва БДУКМ Ангеліна Самалётава, ураджэнка сталіцы, прызнаецца: рашылася на ўдзел у адборы за два дні да мерапрыемства. І правільна зрабіла. Маладая вакалістка ўпэўнена трапіла ў васьмёрку пераможцаў. 

— Для мяне сакрэт паспяховага выступлення заключаецца ў годным рэпертуары і яго бездакорным выкананні, — расказвае дзяўчына. — На конкурс заявіла прасякнутую любоўю да Радзімы песню Яўгена Алейніка “Дзякую” і кампазіцыю “Човен” Ірыны Дарафеевай, прысвечаную каханню. Цяпер бачу, што не памылілася. 

Па выніках адборачнага этапу ў каманду Беларусі ўвайшлі Ангеліна Самалётава, Яраслава Сокал, Міхайліна Хвясюк, Андрэй Цуба, Надзея Дзегцярова, Дар’я Чэслаўская, Вікторыя Касцюкова і Арцём Палкін. Менавіта гэтыя выканаўцы прадставяць нашу краіну на фестывалі ў Смаленску. Упэўнены — паспяхова! 

Данііл ПІЎКАРЭЦ