Зберагчы найлепшае

Сяргей Гарбачоў кіруе аддзелам культуры Аршанскага райвыканкама сёмы год. Ён лепей за іншых ведае мясцовыя асаблівасці галіны. Калі ездзіш па раёне і размаўляеш з рупліўцамі нашай сферы, рана ці позна яны згадваюць Сяргея Дзмітрыевіча і расказваюць, як калісьці ён дапамог вырашыць нейкую вытворчую праблему. У тым, што гэты чалавек неабыякава ставіцца да даручанай справы, мы пераканаліся і ў час асабістай гутаркі.

— Сяргей Дзмітрыевіч, у чым, па-вашаму, спецыфіка Аршаншчыны ў сферы культуры? 

— Складаная гісторыя нашай мясцовасці вызначалася буйнымі перамяшчэннямі вялікіх мас людзей з-за індустрыялізацыі, войнаў і пасляваеннага аднаўлення. У Оршы пражываюць больш за 110 тысяч чалавек. Таму гэты населены пункт з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для ўсяго раёна. Фальклорная спадчына ў нашым рэгіёне збераглася ў фрагментарным, так бы мовіць, выглядзе. Затое ў нас добра развіты харавая музыка, эстрадны і народны вакал, харэаграфія. Практычна ў кожным Палацы культуры ёсць свой тэатр са званнем “народны”. У нашай мясцовасці больш развітая менавіта гарадская культура. І ў ёй пераважае сучасны складнік. 

Сяргей Гарбачоў

У той жа час ёсць пяць выдатных народных калектываў: фальклорны гурт “Аршаначка” Антонаўскага сельскага Дома культуры, народны ансамбль “Гагарынскія музыкі” Вусценскага сельскага Дома культуры, ансамбль песні і музыкі “Выцінанка” Межаўскай дзіцячай музычнай школы, ансамбль песні “Родныя напевы” раённага Цэнтра культуры, ансамбль “Крынічанька” Палаца культуры горада Барань і ансамбль “Беларусачка” гарадскога Палаца культуры “Орша”. Яны забяспечаны касцюмамі і ўсім неабходным для паспяховай дзейнасці. У Палацы культуры горада Барань таксама працуе дзіцячы народны ўзорны фальклорны калектыў “Шчодрыкі”. 

Усе ведаюць, што Орша — ільняная сталіца. Я ж лічу яе яшчэ і цыркавой. У горадзе дзейнічаюць чатыры цыркавыя калектывы. З іх адзін заслужаны і два ўзорныя. Мы гэтым вельмі ганарымся. 

Адно з галоўных дасягненняў Аршаншчыны ў галіне культуры — леташні трыумф выхаванца гарадскога цэнтра культуры “Перамога” на “Славянскім базары”. Самір Ёлчыеў заваяваў званне лаўрэата І ступені. Упершыню прадстаўнік Віцебшчыны выступіў гэтак паспяхова. Цяпер ён актыўна гастралюе па краіне. 

— У вашым раёне некалькі раскошных Палацаў культуры… 

— Мы імкнуліся захаваць багатую спадчыну савецкіх часоў. Каб больш эфектыўна надаваць паслугі па арганізацыі вольнага часу на шырокай тэрыторыі, палічылі мэтазгодным захаваць традыцыйныя цэнтры культуры. Не кожныя бацькі змогуць вазіць дзяцей у гурткі на іншы канец горада. Не кожны захоча выдаткоўваць некалькі гадзін на дарогу, каб наведаць канцэрт творчай самадзейнасці. 

Гэта аказалася правільным рашэннем. У Оршы гарадскі Цэнтр культуры “Перамога” з далучэннем да яго дзіцячага парку атракцыёнаў “Казачная краіна” стаў унікальным адукацыйным комплексам. Гарадскі Палац культуры “Орша” рэканструявалі ў 2020 годзе. Дом культуры чыгуначнікаў падпарадкоўваецца Мінскаму аддзяленню Беларускай чыгункі, але цесна супрацоўнічае з намі. Акрамя таго, у раёне паспяхова дзейнічаюць Палац культуры ў Барані, Дамы культуры ў Балбасаве і Арэхаўску. Усе яны выконваюць даведзеныя паказчыкі, у тым ліку па дзяржпраграме “Культура Беларусі”. 

Культурныя мерапрыемствы Аршаншчыны

Увогуле ж Аршанскі раён у поўным аб’ёме выконвае ўсе паказчыкі за адзіным выключэннем. Летась адной дзясятай бракавала па пункце “ўцягванне актыўнага насельніцтва ў заняткі гурткоў мастацкай самадзейнасці”. На тое была аб’ектыўная прычына: тады мы правялі своеасаблівую рэвізію самадзейных калектываў. Такім чынам, ахоп нязначна знізіўся. Затое мы ўпэўненыя, што ўсе заяўленыя мастацкія калектывы раёна вядуць актыўную працу. 

— Ці вялікая доля бюджэтнага субсідзіравання галіны культуры? 

— За пяць гадоў актыўнага развіцця Аршаншчыны ў інфраструктуру нашай сферы былі ўкладзеныя вельмі вялікія сродкі. Зроблены капітальны рамонт Палаца культуры ў Барані. 

У Оршы пражываюць больш за 110 тысяч чалавек. Таму гэты населены пункт з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для ўсяго раёна. 

Бягучы рамонт з элементамі капітальнага правялі ў Балбасаве. Там таксама вялікі прыгожы будынак. Капітальна адрамантаваная бібліятэка-клуб у Бабінічах — адным з самых буйных аграгарадкоў раёна. Бягучы рамонт ажыццяўляўся практычна ў кожнай нашай установе. Дзесьці паправілі дах, дзесьці фасад, дзесьці ўнутранае аздабленне. Закупілі неабходнае абсталяванне. Напэўна, не засталося ніводнай установы культуры, дзе б не адбыліся паляпшэнні дзякуючы прэзідэнцкай праграме развіцця Аршаншчыны. Нельга не ўспомніць і адкрыццё новага будынка музея імя Канстанціна Заслонава. Гэта таксама наш гонар. А яшчэ мы абнавілі этнаграфічны музей “Млын”. Завяршаем ператварэнне музея гісторыі — там будзе новая экспазіцыя з сучасным абсталяваннем. 

— Гэта капітальныя выдаткі. А як справы з бягучымі? 

— У Оршы няма ўстаноў культуры, непасрэдна накіраваных на зараблянне грошай. Асноўнымі задачамі падпарадкаваных аддзелу арганізацый з’яўляюцца прасоўванне нацыянальнага мастацтва, навучанне і паказ творчых вынікаў. Пазабюджэтная дзейнасць спадарожная. Дзякуючы ёй мы зарабляем прыкладна 15—18% ад аб’ёму бюджэтнага фінансавання. Сёлета даходы мусяць павялічыцца на 9%. Усяго аддзел культуры са сваімі ўстановамі павінен зарабіць каля 800 тысяч рублёў. Гэта нямала. 

Віктар ГАЎРЫШ