Больш за 70 разнастайных мерапрыемства — праграма Дня беларускага пісьменства абяцае быць яскравай і насычанай. Урачыстасці разгорнуцца ў Івацэвічах з 31 жніўня па 1 верасня.
Упершыню свята адзначылі ў 1994-м пры падтрымцы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. За 30 гадоў сталіцай Дня беларускага пісьменства сталі 26 гарадоў і пасёлкаў у розных кутках краіны. Сёлета гасцей чакаюць на Брэстчыне.
— У Івацэвічах рыхтуецца вельмі сур’ёзная культурная праграма, — паведаміў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч. — Адбудзецца каля 70 розных мерапрыемстваў.
Дзень беларускага пісьменства пройдзе пад знакам найважнейшых юбілеяў: 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва і 30-годдзя Канстытуцыі. Таксама ў праграме — мерапрыемствы, прысвечаныя Году якасці.
Традыцыйна старт святочнаму марафону дасць рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь”. З 28 жніўня па 1 верасня яна пройдзе па маршруце Мінск — Святое Поле (Баранавіцкі раён) — Ляхавічы — Пінск — Іванава — Драгічын — Белаазёрск (Бярозаўскі раён) — Івацэвічы. А 30 жніўня ў Палацы Рэспублікі адбудзецца міжнародны круглы стол “Час выбраў нас” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў.
У Івацэвічах арганізуюць працу інтэрак- тыўных пляцовак публічных бібліятэк Брэстчыны, прадставяць турыстычны патэнцыял вобласці і раёна. Свае экспазіцыі прывязуць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ды іншыя.
Разгорнецца таксама Фестываль кнігі і прэсы з тэматычнымі павільёнамі, сярод якіх — “Сучасная Беларусь”, “Беларусь памятае”. На пляцоўцы “Зроблена ў Беларусі” пакажуць айчынныя выданні, якія перамаглі ў нацыянальным і міжнародным конкурсах “Мастацтва кнігі”. А ў павільёне “Слова пісьменніка” пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі ды іншыя імпрэзы.
Запланавана таксама творчая сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, народнай артысткай БССР Марыяй Захарэвіч і заслужаным дзеячам культуры БССР, народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком.