Кавальская і ганчарная справа, мастацкая апрацоўка дрэва, каменю. Хто такі рамеснік і што ён можа вырабляць? Адказ на пытанне — у дакуменце, які Прэзідэнт падпісаў 21 жніўня.
Указам № 328 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці” зацверджана Палажэнне аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці. Пералік яе відаў Савету Міністраў даручана вызначыць да 1 верасня. У адпаведнасці са спісам з 1 кастрычніка будзе праводзіцца рэгістрацыя фізічных асоб у якасці рамеснікаў.
У пералік, у прыватнасці, плануецца ўключыць кавальскую справу, размалёўку вырабаў з дрэва, а таксама асобныя традыцыйныя нацыянальныя промыслы.
Адначасова ў мэтах адраджэння ўнікальных рамёстваў мясцовыя органы ўлады надзелены правам вызначаць дадатковыя віды такой дзейнасці на адпаведных тэрыторыях.
У залежнасці ад рэжыму падаткаабкладання рамесная дзейнасць будзе магчымая пры выплаце падатку на прафесійны даход або рамеснага збору.
Да падстаў для прыняцця мясцовымі органамі рашэння аб выплаце фізічнай асобай рамеснага збору ўказам аднесены статус народнага майстра, членства ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці, работа на пасадзе майстра народных промыслаў (рамёстваў), атрыманне пенсіі па ўзросце або за выслугу гадоў, інваліднасць I або ІІ групы, пражыванне ў маланаселеным пункце (да 50 чалавек).
Ва ўказе таксама акрэслены парадак пачатку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці. Для гэтага спатрэбіцца атрымаць паведамленне праз мабільную праграму “Падатак на прафесійны даход” пры выплаце такога падатку або адміністрацыйнае рашэнне мясцовых органаў улады пры выплаце рамеснага збору.
Дакумент уводзіць забарону на выкарыстанне ў рамеснай дзейнасці прамысловых машын і абсталявання. Пры гэтым рамеснікі могуць збываць вырабы на арандаваных плошчах у гандлёвых і іншых аб’ектах, у інтэрнэце, а таксама праз юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па грамадзянска-прававых дагаворах.
Навацыі ўказа накіраваны на комплекснае ўрэгуляванне працэдурных пытанняў ажыццяўлення рамеснай дзейнасці і будуць спрыяць развіццю рамесніцтва на аснове нацыянальных традыцый і перадачы наступным пакаленням культурнай спадчыны Беларусі.