Развіццё адносін з Кітаем — важны напрамак знешняй палітыкі Беларусі. Нароўні з супрацоўніцтвам у палітычнай, эканамічнай і навуковай сферах, актыўна шырыцца культурны дыялог між нашымі краінамі. Новым крокам стане сумесная праца над ігравой стужкай “На векі вечныя”.
Карціну супольна знімуць Нацыянальная студыя “Беларусьфільм” і кампанія “Сычуань Блю Айз Фільм энд Тэлевіжн Калчар Медыя”. Цырымонія падпісання пагаднення аб сумеснай вытворчасці адбылася ўчора ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Па сюжэце малады турыст Аляксей выпраўляецца ў Кітай, каб знайсці сляды стрыечнага дзядулілётчыка — удзельніка вайны з Японіяй. Дапамагчы выканаць гэтую высакародную місію хлопцу абя- цае амбітная ўладальніца турагенцтва Се Кэвэй. У пошуках герояў падтрымліваюць навукоўцы, журналісты, ветэраны і простыя жыхары горада. Кадры сучаснасці чаргуюцца з экскурсамі ў мінулае, пейзажы Паднябеснай змяняюцца нашымі краявідамі.
Старт здымак запланаваны ў Кітаі на кастрычнік. Над беларускім жа блокам будуць працаваць у пачатку зімы. Мяркуецца, што айчынная частка зойме больш за чвэрць экраннага часу.
Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, нашы дзяржавы знаходзяць магчымасці для ўзаемнага творчага абмену. Доказ таму — Дні культуры Беларусі ў КНР, праведзеныя анлайн у 2022 годзе. А сёлета ў лістападзе Дні культуры Кітая прыме наша краіна.
Сярод нядаўніх крокаў у музейнай справе варта адзначыць падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж замкавым комплексам “Мір” і Музеем правінцыі Ганьсу, экспазіцыю кітайскіх твораў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, удзел аспірантаў з Паднябеснай у “Аладаўскіх чытаннях” у Мінску. А неўзабаве Мемарыяльны музей вайны супраціўлення японскай агрэсіі ў Пекіне прыме выставу “Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фатаграфіях” з фондаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.