Мы выхоўваем патрыётаў

Апублiкавана: 20 жнiўня 2024 Стужка Музыка Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Вялікая група навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўзнагароджана прэміямі. Кіраўнік установы Наталля Кароціна пракаментавала поспех выхаванцаў і іх педагогаў.

Наталля Кароціна

— Уладальнікамі грандпрэмій фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з прысваеннем звання лаўрэата спецыяльнага фонду сталі двое навучэнцаў каледжа: скрыпач Уладзіслаў Баевіч і піяніст Данііл Лазарэнка. Яшчэ пяцёра нашых выхаванцаў атрымалі спецыяльныя прэміі. Гэта сведчанне таго, што мы на правільным шляху. Мы выхоўваем сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Нашы падапечныя — самыя таленавітыя дзеці з усіх куткоў Беларусі. І яны гатовыя пацвярджаць высокі ўзровень айчыннай музычнай адукацыі на розных конкурсных пляцоўках. 

— Як часта вашы дзеці атрымліваюць узнагароды такога ўзроўню? 

— Узнагароды фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі нашы вучні атрымліваюць практычна кожны год. Мы гэтым вельмі ганарымся. Але сёлета ў гімназіі-каледжа сапраўдны рэкорд! 

Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Важна адзначыць, што патрабаванні да кандыдатаў на такое заахвочванне вельмі высокія. Прэтэндэнты мусяць быць пераможцамі міжнародных конкурсаў, прычым такіх, што ўтрымліваюць некалькі адборачных тураў. 

— Ва ўмовах ціску на нашу краіну колькасць міжнародных конкурсаў, у якіх нашы юныя таленты могуць удзельнічаць, змянілася? 

— Не. Змянілася іх геаграфія. Нашы хлопцы і дзяўчаты традыцыйна з задавальненнем удзельнічаюць у міжнародных конкурсах, якія праходзяць у Беларусі. Мы актыўна ездзім у Расійскую Федэрацыю. Там не толькі ўдзельнічаем у спаборніцтвах, але і гастралюем. Таксама адкрываем для сябе новыя пункты, пашыраем музычную прастору ў краінах СНД, у Кітаі і на Усходзе ў цэлым. І робім гэта паспяхова. Аб гэтым сведчыць рэкордная колькасць атрыманых сёлета прэмій прэзідэнцкага фонду. 

— За кожным таленавітым дзіцем стаіць выбітны педагог. Што можна сказаць пра выкладчыкаў гімназіі-каледжа? 

— Унікальны педагагічны калектыў ствараўся на працягу дзясяткаў гадоў. Яго касцяк — нашы ж выпускнікі. Гэта неабыякавыя людзі, з самага дзяцінства звязаныя з гімназіяй-каледжам. Пабудаваўшы выдатную музычную кар’еру, яны вяртаюцца сюды на выкладчыцкую працу, каб перадаваць веды і досвед новым пакаленням. І дапамагаюць школе захоўваць высокі ўзровень і ўнікальныя традыцыі. 

Трэба адзначыць велізарную прафарыентацыйную працу, якую праводзяць нашы выкладчыкі. Яны ездзяць з майстар-класамі па гарадах Беларусі. Дзеляцца сакрэтамі майстэрства і запрашаюць дзяцей на навучанне. Колькасць такіх камандзіровак пастаянна павялічваецца. Таму дарэчы падзякаваць усім нашым выкладчыкам за невычэрпнае жаданне тварыць і развіваць музычную адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь. 

Сярод прафарыентацыйных мерапрыемстваў мінулага навучальнага года варта вылучыць два. Гэта “Вясновыя сустрэчы”, калі больш за 40 самых таленавітых юных піяністаў з усёй краіны прыехалі да нас на своеасаблівы дзень адчыненых дзвярэй. Яны выступілі ў вялікай зале каледжа, атрымалі майстар-класы ад нашых педагогаў. 

Уладзіслаў Баевіч

Вядома ж, трэба згадаць традыцыйнае мерапрыемства “Спяваюць хлопчыкі” — унікальны конкурс, які ладзіць прадметна-цыклавая камісія вакальна-харавых дысцыплін і аркестравага дырыжыравання. Іх спевы — унікальная з’ява, традыцыі якой мы беражліва захоўваем. Хлопцы, якія ў будучыні становяцца лаўрэатамі самых прэстыжных конкурсаў, мэтанакіравана прыходзяць да нас, каб стаць часткай знакамітага хору хлопчыкаў і юнакоў імя Ігара Андрэевіча Жураўленкі. 

— Цяпер у самым разгары прыёмная кампанія. Як яна праходзіць у вашай установе? 

— Асаблівасць нашай установы ў тым, што мы ахопліваем поўны цыкл адукацыі і працуем на ўсіх ступенях. Ад пачатковай шко- лы да каледжа. Цікавасць да паступлення ў гімназію вялізная. Набор завяршыўся ў ліпені. Было шмат жадаючых паступіць, але трэба разумець, што мы прымаем не проста таленавітых, а ўнікальна адораных дзяцей. Такіх, чый патэнцыял цалкам раскрыецца менавіта тут. Зараз завяршаецца ўступная кампанія ў каледж. Набіраем сёлета 40 чалавек. І з нецярпеннем чакаем сустрэчы з новымі таленавітымі маладзёнамі. 

Мы адкрытыя для ўсіх. Самае галоўнае — годны ўзровень музычнай падрыхтоўкі. Каб вучыцца ў нас, трэба валодаць пэўнымі ведамі, уменнямі і кампетэнцыямі. 

Што тычыцца нашых выпускнікоў, то ўступная кампанія ў вышэйшых навучальных установах яшчэ не завершана. Яе вынікі падвядуць канчаткова да верасня. Тады стане зразумела, хто куды пойдзе пасля заканчэння каледжа. Не выключана, што хтосьці паедзе працаваць па размеркаванні. Але абсалютная большасць мае намер працягваць сваё развіццё ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Мы выхоўваем годных грамадзян, сапраўдных патрыётаў! 

Віктар ГАЎРЫШ