Як нараджаўся брэнд

Апублiкавана: 19 жнiўня 2024 Стужка Кіно Мінск Дата

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У снежні наш кінематограф адзначыць векавы юбілей. Да гадавіны “Беларусьфільм” рыхтуе цыкл дакументальных стужак пра знакавыя старонкі айчыннага экраннага летапісу: ад першых кінатэатраў да дыяментаў “Залатой калекцыі”.

За сто гадоў было створана больш за тры тысячы фільмаў ігравой, неігравой і анімацыйнай формы. Брэнд “Беларусьфільм” вядомы па ўсёй краіне і далёка за яе межамі. Стужкі айчыннай вытворчасці — частыя ўдзельнікі і лаўрэаты прэстыжных міжнародных форумаў. 

Здымкі ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку

Нацыянальная кінастудыя здолела дасягнуць вышынь дзякуючы цвёрдаму падмурку, які на працягу многіх гадоў закладвалі выбітныя майстры. Дакументальная трылогія распавядзе пра тых, хто ствараў беларускае кіно і дапамагаў яму ўзысці на Алімп. 

Гісторыя беларускага кіно пачалася ў Ленінградзе ў 1924-м, калі айчынныя стужкі выходзілі пад грыфам “Белдзяржкіно”. Праз два гады на экранах з’явіўся першы ігравы фільм “Лясная быль”, зняты рэжысёрам Юрыем Тарычам. А ў 1939-м студыя набыла пастаянную прапіску ў Мінску. З 1946-га яна горда носіць назву “Беларусьфільм”.

СТУЖКА ЧАСУ 

Адкрые дакументальны цыкл фільм “Дэманстратар”, які распавядае пра развіццё першых кінатэатраў у краіне і зараджэнне нямога кінематографа. 

— Былі людзі, што будавалі кінатэатры і зараблялі на гэтым, але ўсе яны марылі здымаць кіно. У многіх атрымлівалася, аднак да нас практычна нічога не дайшло ад тых піянераў. Увогуле матэрыялу пра гэты перыяд вельмі мала, таму мы вырашылі зрабіць ігравую рэканструкцыю ў стылі нямога кіно, — дзеліцца асаблівасцямі працы над стужкай рэжысёр Яўген Сяцько

Наступная карціна — “Трэст, які не лопнуў” — пра першыя крокі студыі. Фільм закранае перыяд ад зараджэння беларускага кіно да 1950-х і знаёміць гледача з часамі, калі наша прадпрыемства працавала ў Ленінградзе і Алматы. 

"Дзяўчынка шукае бацьку", 1959

— На пачатку свайго існавання Белдзяржкіно ўваходзіла ў студыю “Ленфільм”, а падчас блакады Ленінграда ў складзе Цэнтральнай аб’яднанай студыі знаходзілася ў эвакуацыі ў Казахстане, — тлумачыць рэдактар студыі “Летапіс” Анастасія Мулярова. — Наша здымачная група пабывала ў камандзіроўцы ў Санкт-Пецярбургу і Алматы, таму гледачоў чакае надзвычайна насычаны матэрыял і яркія кадры. 

Не абмінаюць аўтары і вядомыя стужкі таго часу. Асаблівая увага — фільму “Дзяўчынка шукае бацьку” Льва Голуба, які стаў адным з самых касавых у гісторыі беларускага савецкага кінематографа. Аўтарам дакументальнай карціны пашчасціла пагутарыць з аператарам легендарнай стужкі Алегам Аўдзеевым і актрысай Ганнай Камянковай, што выканала ролю пяцігадовай Лены. 

"Альпійская балада", 1966 

Апошняя частка цыкла — “Залатая эпоха” — раскажа пра самыя плённыя гады айчыннага кінематографа: з 1960-х па 1980-я. У той час створаны стужкі, якія мы з гонарам згадваем і з цікавасцю пераглядаем. Аповед будзе весціся ад імя знакамітых рэжысёраў Вячаслава Нікіфарава, Аляксандра Яфрэмава, Віталя Дудзіна, Валерыя Рыбарава... З’явяцца на экране і члены здымачных груп культавых карцін: рэдактары, аператары, гукааператары, касцюмеры, акцёры. Па словах рэжысёра Яўгена Сяцько, эпізод аб’яднае ўсе любімыя фільмы беларусаў у своеасаблівы калейдаскоп, галерэю найлепшых стужак. 

ЗОРНЫЯ ІМЁНЫ 

Галоўная задача трылогіі — зрабіць так, каб беларусы ганарыліся айчыннай кінавытворчасцю, каб працягваліся традыцыі, закладзеныя майстрамі экраннага жанру. 

— У дакументальным цыкле мы не асабліва закранём цяперашні этап, але аўтары закладваюць у падтэкст сувязь пакаленняў, падводзяць да таго, што ў мінулыя часы быў створаны магутны падмурак для сучаснага кінематографа, — кажа Анастасія Мулярова. — Да таго ж мы расказваем аб самых яркіх творах і выбітных аўтарах. Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Віталь Чацверыкоў, Валерый Рыбараў — усе яны вартыя таго, каб пра іх гаварылі. 

"Іван Макаравіч", 1968

У фільм увойдуць як інтэрв’ю з дзеячамі кінамастацтва, так і архіўныя матэрыялы, у тым ліку раней не апублікаваныя. Сярод такіх — кадры са здымачных пляцовак. Успаміны герояў прыўнясуць у дакументальную стужку сапраўднае дыханне жыцця. Прэм’ера трылогіі чакаецца да Дня беларускага кіно, які будзем святкаваць 17 снежня. 

Яўгенія ГАБЕЦ