Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Настасся Некрашэвіч з дзяцінства выяўляла сябе рознабаковай асобай: актыўна займалася спортам і брала ўрокі фартэпіяна. І цяпер дваццацігадовая ўраджэнка Гомеля развіваецца адразу ў некалькіх кірунках. Яна заваёўвае ганаровыя месцы на музычных спаборніцтвах і конкурсах прыгажосці. Дзякуючы працавітасці дзяўчына адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Настасся даволі рана зразумела, што хоча навучыцца іграць на фартэпіяна. Гэты інструмент яна лічыць унікальным. У шэсць гадоў бацькі адвялі дачку на праслухоўванне ў музычную школу — і з той пары наша гераіня не спыняе развіцця ў гэтым кірунку. Пра Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага яна ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Менавіта там выканаўцы пашчасціла даць першы сольны канцэрт.
— За чатыры гады мы з навучэнцамі і выкладчыкамі сталі сапраўднай вялікай сям’ёй! У нас была магчымасць пераймаць майстэрства ў найлепшых настаўнікаў і раскрыць свой патэнцыял. Падчас вучобы я выступала з сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага, сімфанічным аркестрам Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Таксама стала лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, двойчы атрымала падзяку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а ў 2023-м была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, — распавядае Настасся. — Бясспрэчна, усе ўзнагароды атрымалася заваяваць дзякуючы прафесіяналізму і мэтанакіраванасці майго педагога — Наталлі Стацэнка, якая стала для мяне сапраўднай музычнай мамай.
Пералік узнагарод дзяўчыны надзвычай доўгі: дыплом ХV Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД, Гран-пры VII Рэспубліканскага конкурсу піяністаў імя У.У. Алоўнікава, дыпломы І ступені VII Міжнароднага конкурсу выканальніцкай і педагагічнай творчасці “Глорыя-Арт” і ІІІ ступені Міжнароднага конкурсу выканаўцаў духоўнай музыкі “Рэ-Ліга”. Асабняком у партфоліа Настассі — першы прыз XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.
— Раней я ўдзельнічала ў гэтым спаборніцтве, але высокіх узнагарод не заваёўвала. Для мяне гэта быў выклік. Хацелася самой сабе даказаць, што магу стаць пераможцай. І калі атрымала дыплом І ступені, была шчаслівая, што мэта ажыццявілася, — расказвае дзяўчына.
Па яе словах, перад кожным выступленнем адчуваецца мандраж, аднак творчы працэс заўсёды ў рэшце рэшт прыносіць асалоду. Выходзячы на сцэну, важна сабрацца з думкамі і паказаць выдатны вынік. І ў Настассі заўжды атрымліваецца прэзентаваць сябе на ўсе сто. Дарэчы, рэпертуар піяністкі насычаны. І з кожным годам спіс твораў папаўняецца. Наша гераіня выконвае розную музыку, пачынаючы ад кампазіцый эпохі барока да сучасных.
Наступнай прыступкай творчага станаўлення Настассі Некрашэвіч стала Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Студэнтка перайшла ўжо на другі курс. Акрамя высокіх вынікаў у музычнай сферы, дзяўчына выявіла сябе і ў конкурсах прыгажосці. Прыкладам, заваявала ганаровы тытул “Міс Акадэмія музыкі — 2024”. На дасягнутым не спынілася.
— Вырашыла паўдзельнічаць у такім маштабным мерапрыемстве, як “Каралева Студэнцтва Беларусі”. Не магу сказаць, што гэта лёгка. Але ж знаходзіла сілы і працягвала працаваць. Адной з галоўных задач было годна прадставіць сваю ўстанову адукацыі, і ў выніку ўдалося атрымаць званне Першай Віцэ-Каралевы. Кожная карона для мяне неверагодна каштоўная. Падобныя праекты дапамагаюць у фарміраванні характару, а яшчэ дораць магчымасць пазнаёміцца з прафесіяналамі: найлепшымі арганізатарамі, харэографамі, гукарэжысёрамі. Гэта шанец здабыць новыя знаёмствы па ўсёй рэспубліцы. Да таго ж выдатная стартавая пляцоўка для асваення новага амплуа.
У планах нашай гераіні развіццё не толькі як піяністкі, але і як педагога. Яшчэ Настасся плануе праверыць свае сілы на Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД.
— Чалавек, які займаецца музыкай, ужо думае іначай, чым іншыя. Інструментальнае выканальніцтва — гэта ўнікальная магчымасць для развіцця левага і правага паўшар’яў мозга адначасова. Урокі фартэпіяна паляпшаюць дробную маторыку, памяць, канцэнтрацыю, — падкрэслівае дзяўчына.
Сваімі натхняльнікамі Настасся называе сям’ю, бацькоў. Гэта людзі, якія падтрымліваюць нават у самых неймаверных творчых памкненнях. Тым, хто толькі думае пра выбар прафесіі, маладая артыстка жадае:
— Абірайце шлях самі. Хай ён будзе цярністым і непрадказальным, але поспех таго варты! Я перакананая, што ў наш час нельга зацыклівацца толькі на адным кірунку. Вельмі важна быць рознабаковым чалавекам. І няхай у кожнага з нас заўсёды будзе падтрымка блізкіх.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні